Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна лічыць Навіцкага беларускім касманаўтам?


Алег Навіцкі, Яўген Тарэлкін і Кевін Форд

Алег Навіцкі, Яўген Тарэлкін і Кевін Форд

«Чарговым крокам у касьмічнай эры Беларусі» называе беларуская прапаганда міжнародную экспэдыцыю з касмадрому Байканур, якая стартавала 23 кастрычніка. Падставай да гучных заяваў стала тое, што ў складзе экіпажу — Алег Навіцкі, які нарадзіўся ў горадзе Чэрвені Менскай вобласьці. Маўляў, упершыню за тры дзясяткі гадоў у космас зноў паляцеў беларус — пасьля Пятра Клімука і Ўладзімера Кавалёнка. Між тым да падрыхтоўкі Навіцкага, які выправіўся ў космас пад расейскім сьцягам, беларускі бок ня мае ніякага дачыненьня.

На афіцыйным сайце Фэдэральнага касьмічнага агенцтва Расейскай Фэдэрацыі паведамляецца: Алег Навіцкі і Яўген Тарэлкін сталі 114 і 115 «рускімі касманаўтамі», якія пераадолелі зямную гравітацыю. Пра беларускія карані Навіцкага ня згадваецца. Затое ў адмысловым блогу пад назвай «Дзёньнік жонкі касманаўта» пра Беларусь піша Юлія Навіцкая — супрацоўніца часопіса «Салдаты Расеі». Яна толькі вярнулася ў Зорны гарадок з Байкануру і на просьбу «Свабоды» агучыла некаторыя заўвагі:

«У беларускіх СМІ зьявіўся шквал публікацыяў, прысьвечаных палёту Алегавага экіпажу. Вельмі прыемна, што падзея не засталася незаўважанай у яго на радзіме. Ён сапраўды ўвесь час падкрэсьлівае, што душой беларус, беларус па нацыянальнасьці. Але пры гэтым зьяўляецца грамадзянінам Расейскай Фэдэрацыі, паколькі служыў у расейскай арміі і цяпер жыве на тэрыторыі Расеі. Дык вось, некаторыя моманты нас з Алегам моцна засмуцілі. «Міжнародную касьмічную станцыю ўпершыню ўзначаліць беларус», «Беларус будзе кіраваць МКС» — загалоўкі інфармацыйных паведамленьняў. Жах! Алег зьяўляецца камандзірам транспартнага пілятаванага карабля «Саюз ТМА-06М», а на МКС ён будзе бортінжынэрам. Камандаваць там будзе зусім іншы чалавек. А яму, скажам так, прыпісалі неіснуючую пасаду. Гэта, як казаў герой аднаго фільму, „палітычная памылка“».
Напярэдадні старту касьмічнага карабля «Саюз TMA-06M»

Напярэдадні старту касьмічнага карабля «Саюз TMA-06M»


Ці можна лічыць «беларускім касманаўтам» Навіцкага, які ўжо больш за 20 гадоў мае да Беларусі даволі ўскоснае дачыненьне? Скончыўшы школу ў Чэрвені, 17-гадовы Алег Навіцкі паступіў у Барысаглебскую вышэйшую ваенную авіяцыйную вучэльню імя Чкалава, адкуль у 1994-м быў выпушчаны з кваліфікацыяй «лётчык-інжынэр». Цягам 10 гадоў служыў у Паўночна-Каўкаскай ваеннай акрузе, ваяваў у Чачні. А ў 2006-м, пасьля заканчэньня Ваенна-паветранай акадэміі імя Гагарына, залічаны кандыдатам у касманаўты.

Як лічыць іншы касманаўт беларускага паходжаньня, Герой Савецкага Саюзу Ўладзімер Кавалёнак, нягледзячы на цяперашнюю расейскую прапіску Навіцкага, беларусы маюць поўнае права лічыць яго «сваім»:

Уладзімер Кавалёнак

Уладзімер Кавалёнак

«Я таксама называю яго беларусам, таму што сам таксама беларус. Я зь ім неаднаразова сустракаўся, гэтая тэма ў нас гучала — як ні круці, усё ж землякі па паходжаньні. На жаль, я ня змог быць разам зь ім на Байкануры, якраз зараз знаходжуся ў камандзіроўцы ў Башкартастане, таму не праводзіў яго. Але я думаю, што мы яго можам і павінны называць беларусам. Ён жа радзіму сваю не мяняў, правільна? Ён жа чэрвеньскі хлопец, зь Менскай вобласьці. А тое, што Беларусь у яго касьмічнай падрыхтоўцы ня ўдзельнічала, думаю, нічога страшнага няма».

У свой час спадар Кавалёнак браў на борт касьмічнага карабля Канстытуцыю БССР. Ці мае з сабой нешта беларускае Навіцкі — невядома. Паэт Генадзь Бураўкін згадвае, як асабіста «ўзбройваў» беларускімі атрыбутамі і Ўладзімера Кавалёнка, і першага беларуса ў космасе Пятра Клімука:

Генадзь Бураўкін

Генадзь Бураўкін

«Гэта былі ня першыя іх палёты, бо да першых палётаў ніхто іх папросту ня ведаў. А ўжо тады, калі яны прыяжджалі ў Беларусь і я зь імі пазнаёміўся — дарэчы, у знаёмстве зь Пятром мне паспрыяў Машэраў, а пасьля ўжо Пятро з Валодзем зьвёў — сабраў ім „пасылку“. Калі Пеця ляцеў у космас разам зь Севасьцянавым, я ім даў „кніжачку-малютку“ Якуба Коласа, адкуль Севасьцянаў на памяць вывучыў „Мой родны кут, як ты мне мілы…“ Ён мне гэта сам пацьвердзіў, кажа — чытаў Клімук, задурыў галаву. І пачаў цытаваць Коласа. А калі ляцеў Валодзя, то я набыў у адмысловым падарункавым варыянце выдадзеную Канстытуцыю БССР на беларускай мове, і ён яе ўзяў з сабой. Вось так было. Як што цяпер адбываецца — цяжка сказаць, бо я зусім ня ведаю гэтага хлопца. Тады палёты ў космас былі рэдкасьцю, гэта зараз ужо — рабочыя пытаньні. Тым больш, тады была адна краіна, а цяпер — дзьве».

На 25 кастрычніка заплянаваная стыкоўка касьмічнага карабля зь Міжнароднай касьмічнай станцыяй. Як расказала Юлія Навіцкая, назіраць за гэтай працэдурай будзе і мама Алега, якая адмыслова прыедзе з Чэрвеня:

«Так, мая мама ўжо прыехала сёньня, Алегава мама прыяжджае заўтра раніцай. А ўжо заўтра ўдзень плянуецца стыкоўка — калі не памыляюся, па Маскве ў 16:34 намечаны дотык, а ў 19:15 — адкрыцьцё пераходных люкаў. То бок у гэты час яны павінны будуць, так скажам, уплыць у МКС. Гэта калі ўсё будзе ўдала, а я ўпэўненая, што ўсё будзе ўдала, усё будзе штатна. Мы будзем знаходзіцца ў Цэнтры кіраваньня палётамі ў горадзе Каралёве, будзем назіраць за ўсім, што адбываецца, на вялікіх экранах. І потым, як нам сказалі, будзе літаральна некалькі хвілінаў і ў нас, і ў кіраўніцтва „Роскосмосу“, і ў кіраўніцтва Цэнтру, каб сказаць ім літаральна некалькі слоў, павітаць іх. То бок літаральна некалькі хвілін нам для гэтага выдзеляць».

Афіцыйная прапаганда ўжо назвала плянавую экспэдыцыю да Міжнароднай касьмічнай станцыі «чарговым крокам у касьмічнай эры Беларусі». Папярэднім, відавочна, трэба лічыць запуск спадарожніка «БелКА», аналяг якога ў 2006 годзе разьбіўся на вачох Аляксандра Лукашэнкі, пасьля чаго старт ракеты-носьбіта ня раз пераносіўся. Пра Беларусь як «касьмічную дзяржаву» разважае колішні кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч:

Аляксандар Вайтовіч

Аляксандар Вайтовіч

«У нас што дрэнна: любую справу ў піяр-акцыю хочуць ператварыць. Той жа Навіцкі — грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі. Пасьля таго як Саюз разваліўся, ён там застаўся, і ніякага дачыненьня да гэтага палёту Беларусь ня мае абсалютна, як краіна. Таму я ня ведаю, чаго такі ажыятаж. Можна сказаць, што паляцеў, ды ўсё. Але гэта нічога нам не дае — ніякіх плюсоў, ніякіх мінусаў. Я наагул такімі паняцьцямі не спэкуляваў бы — касьмічная Беларусь дзяржава ці не касьмічная. Такой „касьмічнай“, як Беларусь, можа стаць любая краіна сьвету — толькі плаці за тое, што зробяць спадарожнік і запусьцяць. І ўсё, вось яна ўжо касьмічная. Ну, паставяць што-небудзь сваё, бо заўсёды знойдзецца што ўсунуць. Паставілі на спадарожнік абсталяваньне беларускай вытворчасьці з „Пэленгу“. Ну і нармальна, божа ты мой. Звычайная справа».

За некалькі дзён да старту міжнароднай экспэдыцыі на Алеі касманаўтаў на касмадроме Байканур у Казахстане чальцы экіпажу карабля «Саюз ТМА-06М» пасадзілі дрэўцы. На адной з таблічак пазначана: «Дрэва пасадзіў Навіцкі Алег Віктаравіч (Расея)».

Старт касьмічнага карабля «Саюз TMA-06M» з Алегам Навіцкім на борце

Старт касьмічнага карабля «Саюз TMA-06M» з Алегам Навіцкім на борце

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG