Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бэрлінскія сустрэчы беларускіх апазыцыянэраў


Дэлегацыя беларускай апазыцыі і незалежных экспэртаў правяла сустрэчы ў ведамстве фэдэральнага канцлера Нямеччыны, Міністэрстве замежных спраў ФРГ і Бундэстагу. Галоўнай падзеяй была дыскусія пра сытуацыю ў Беларусі пасьля мінулых выбараў, якую наладзіў Фонд Конрада Адэнаўэра.

У складзе беларускай дэлегацыі Бэрлін наведалі лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, прадстаўнік БНФ Юры Чавусаў, сябра аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксей Пікулік.

Паводле аднаго зь сябраў дэлегацыі Анатоля Лябедзькі, агульная дыскусія пра сытуацыю ў Беларусі, арганізаваная Фондам Конрада Адэнаўэра, сталася самай маштабнай падзеяй за ўсю паездку. На яе былі запрошаныя і дэпутаты парлямэнту Нямеччыны, і прадстаўнікі МЗС, і актывісты няўрадавага сэктару, а таксама беларускія дыпляматы. Апошнія прыйшлі, але самі не выступалі, а толькі запісвалі выступы іншых.

Анатоль Лябедзька ў часе гэтай дыскусіі прэзэнтаваў трохкрокавую стратэгію для Беларусі: вызваленьне палітвязьняў, выбары паводле стандартаў АБСЭ і плян мадэрнізацыі Беларусі:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Шмат было пытаньняў наконт адзінства апазыцыі. Я спрабаваў зрабіць акцэнт на тым, што найбольш важна зараз — гэта правілы гульні. Калі іх ня будзе, то ўсё зьвядзецца да таго, колькі кандыдатаў ад апазыцыі будзе сядзець: адзін ці дзесяць».

Апрача таго, беларуская дэлегацыя мела сустрэчы ў Бундэстагу Нямеччыны, МЗС, ведамстве фэдэральнага канцлера. Дэпутаты Бундэстагу паведамілі сваю пазыцыю наконт вынікаў выбараў у Палату прадстаўнікоў Беларусі, распавёў спадар Лябедзька:

«Была вельмі жорсткая ацэнка выбарчай кампаніі. Поўны байкот прызначаных дэпутатаў — гэта, фактычна, адзіная пазыцыя дэпутатаў Бундэстагу. За выключэньнем левых. А ўсе астатнія фракцыі тут салідарныя».

Кіраўнік ведамства фэдэральнага канцлера Роланд Пафала падчас гутаркі зь беларускай апазыцыяй выявіў сваю дасьведчанасьць і зацікаўленасьць паляпшэньнем сытуацыі ў Беларусі, зазначыў спадар Лябедзька:

«Галоўны вынік гэтай сустрэчы — тое, што ён заявіў, што пакуль ёсьць палітвязьні — ня будзе ніякіх зрухаў у адносінах з афіцыйным Менскам».

Анатоль Лябедзька лічыць перамовы ў Бэрліне вельмі важнымі, бо Нямеччына — матор Эўразьвязу, у тым ліку і ў пытаньні адносін зь Беларусьсю.

Іншы сябра дэлегацыі, прадстаўнік Партыі БНФ Юры Чавусаў, па выніках сустрэч у Бэрліне выказаў меркаваньне, што цяпер эўрапейскія палітыкі пачынаюць выпрацоўваць новую парадыгму дзеяньняў у дачыненьні да Беларусі:

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

«Ёсьць адчуваньне, што палітыка, якая праводзілася раней, неэфэктыўна ўплывае на беларускі рэжым. Зь іншага боку, аслабленьне ціску ў гэтай сытуацыі будзе разгледжанае беларускім рэжымам як слабасьць».

Спадар Чавусаў не выключае, што ціск Эўразьвязу на афіцыйны Менск у цяперашняй сытуацыі ўзмоцніцца. Беларуская апазыцыя ўспрымае эўрапейскую супольнасьць як свайго саюзьніка, кажа спадар Чавусаў, бо і Эўразьвяз, і беларуская апазыцыя зацікаўленыя ў тым, каб ступень плюралізму ў Беларусі павялічвалася, каб былі вызваленыя палітвязьні і былі зьмененыя ўмовы выбарчага працэсу.

Упершыню ў складзе апазыцыйнай дэлегацыі за мяжу езьдзіла прадстаўніца БХД Вольга Кавалькова. Яна скарыстала гэтую магчымасьць, каб данесьці інфармацыю пра палітвязьняў і перасьлед апазыцыйных актывістаў:

Вольга Кавалькова

Вольга Кавалькова

«Цяпер для нашай партыі вельмі актуальнае пытаньне крымінальнага перасьледу за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Гэтае пытаньне я ўздымала на сустрэчах у Бэрліне, каб міжнародная супольнасьць таксама рабіла нейкія заявы, каб да нашых актывістаў такія захады не ўжываліся».
XS
SM
MD
LG