Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праца залатога рудніка спыненая пасьля бойкі кіргізаў з кітайцамі


Урад Кіргізстану прыпыніў на нявызначаны тэрмін працу кітайска-кіргіскага залатаруднага прадпрыемства «Алтыкен» пасьля масавай бойкі, што адбылася ў нядзелю.

Міжнацыянальны канфлікт пачаўся 21 кастрычніка пасьля таго, як пагрузачная машына кітайскай кампаніі задавіла каня мясцовага селяніна. Паводле іншай вэрсіі коўш машыны зачапіў і самога вяскоўца, не прычыніўшы яму траўмаў.

Кіргізы паклікалі на дапамогу мясцовых і пачалі разьбірацца. У выніку масавай бойкі чатыры жыхары гораду Арлоўка зьвярнуліся ў шпіталь пераважна з закрытымі чэрапна-мазгавымі траўмамі. Пра траўмы кітайцаў не паведамляецца.

На другі дзень мясцовыя жыхары пачалі мітынгаваць, пагражаючы разграміць офіс кітайскай кампаніі і патрабуючы наймаць на працу толькі мясцовых жыхароў і кіргіскія кампаніі. Тры сотні кітайскіх рабочых былі вывезеныя ў суседні раён у вёску Міланфан і разьмешчаныя на тэрыторыі аднаго з вытворчых комплексаў.

Залаты руднік Талды-Булак Левабярэжны паблізу Арлоўкі быў адкрыты ў савецкім часе. Запасы золата тут ацэньваюцца на 100 тысяч тон. Летась кітайскія інвэстары купілі 60 працэнтаў акцый золатаздабыўной кампаніі «Алтыкен», пасьля чаго кіргізам засталося 40 працэнтаў. Рабочыя аднак спасылаюцца на дамову, што 90 працэнтаў працаўнікоў павінны быць мясцовымі жыхарамі.

Паводле Інтэрфаксу на залатым рудніку працуюць 260 кіргіскіх рабочых, аднак кампанія прыцягвае да працы і кітайскіх падрадчыкаў. Таму на рудніку колькасьць кітайскіх працаўнікоў дасягнула 300. На ўрадавым пасяджэньні прынята рашэньне стварыць міжведамасную камісію, якая будзе займацца вырашэньнем канфлікту паміж кітайцамі і мясцовымі жыхарамі.
XS
SM
MD
LG