Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хочаш прадаць яблыкі? А дзе даведка, што яны твае?»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Эфір 24 кастрычніка 2012 году

У гэтыя дні ў выступах Аляксандра Лукашэнкі ды іншых высокапастаўленых чыноўнікаў багата запэўніваньняў у тым, што эканамічная сытуацыя ў Беларусі стабільная, што дэвальвацыі ў блізкай будучыні не прадбачыцца і высокай інфляцыі баяцца ня варта. Але чым больш гэтых заспакаяльных слоў, тым меней ім веры ў многіх людзей, якія на працягу мінулых гадоў шматкроць пераконваліся: калі ўлады часта загаварылі пра стабільнасьць — рыхтуйся да ўзрушэньняў і катаклізмаў.

Палітычныя ўзрушэньні ў Беларусі, якія могуць стаць вынікам эканамічных праблемаў, прадбачыць неўзабаве наш слухач Антон Гольдэнберг з Полацку, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову. Спадар Антон піша:

«Мяркуючы па тым, як людзі ішлі на нядаўнія выбары (а большасьць галасаваць не хадзіла — для мяне гэта відавочна), у нас набліжаюцца новыя часы — вольныя ды бурныя. А адным з найбольш цікавых для мяне пытаньняў зьяўляецца чарговая ідэя-фікс Лукашэнкі пра 500 даляраў сярэдняга заробку. У мяне тут два варыянты адказу: альбо гэта перадвыбарчае „заклінаньне зьмеяў“, пустая прапаганда, якая пасьля выбараў сама сабой змоўкне; альбо — прамы і адкрыты загад Нацбанку друкаваць грошы без усялякага супынку. Калі гэта сапраўды так, то нас зноў чакае вяртаньне ў 2011 год. Ці я памыляюся?

А ўвогуле, на маю думку, задушыць інфляцыю — гэтага ўжо для сёньняшніх уладаў замала. З уступленьнем Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю настаў такі час, што без глыбінных структурных зьменаў, без прыватызацыі ды мадэрнізацыі нам не абысьціся. А што такое мадэрнізацыя? Гэта — новыя прадпрыемствы і новыя тэхналёгіі. Яны цяпер востра неабходныя, бо зараз на бальшыні беларускіх заводаў выкарыстоўваецца яшчэ савецкая тэхніка. Абсталяваньне зношана настолькі, што, здаецца, у любы момант можа разваліцца. А энэргіі і сыравіны адсталыя тэхналёгіі патрабуюць у разы болей, чым на Захадзе. І што нас у такім разе можа чакаць у будучыні, калі нічога не мяняць? Прызнацца, мне сорамна за беларусаў...»
.

Сапраўды, спадар Антон, беларуская вытворчасьць робіцца ўсё больш неканкурэнтаздольнай на замежных рынках. А інвэстыцыі, новая тэхніка, тэхналёгіі — пераважна на Захадзе. Таму правесьці мадэрнізацыю эканомікі без нармальных стасункаў з заходнімі краінамі практычна нерэальна. Аляксандар Лукашэнка, відавочна, гэта ўсьведамляе. Але яшчэ больш, чым эканамічная адсталасьць, яго, верагодна, палохае магчымая страта асабістай улады ў выніку лібэралізацыі. На карысьць чаго ён робіць выбар — відавочна. Беларускі зьнешні гандаль трымаецца пераважна на экспарце калійных угнаеньняў ды нафтапрадуктаў, вырабленых з чужой (і не заўсёды легальна атрыманай) сыравіны.

Аўтар наступнага ліста Аляксандар Лешык з Баранавічаў на ўласным прыкладзе дасьледаваў стыль і мэтады працы беларускіх чыноўнікаў. Пра свой досьвед слухач распавёў у лісьце на «Свабоду». Спадар Аляксандар піша:

«Гэты год, як вядома, выдаўся дужа ўраджайны на яблыкі. Але куды іх падзець? Я вырашыў прадаць дзяржаўным нарыхтоўшчыкам. Хоць і капеечны прыбытак, але ўсё ж... Ды тут аказалася ўсё ня так проста. Запатрабавалі даведку, што маю сад. Ня будзе даведкі — цана на 12 працэнтаў ніжэйшая. Пайшоў у домакіраўніцтва па даведку. Там адказалі: „Сёньня ня маем часу, каб паехаць да вас і паглядзець на сад. Прыходзьце заўтра“. Назаўтра прыехала супрацоўніца, паглядзела, пераканалася, што яблыні ў наяўнасьці, яблыкаў багата — і выдала паперку з дазволам на здачу 300 кіляграмаў. Але з паперкай гэтай яшчэ трэба зьвярнуцца ў гарвыканкам, у службу „Адно вакно“. На трэці дзень зьвярнуўся туды. Запатрабавалі пісаць заяву на імя мэра. Зрабілі ксэракопію пашпарта — ну, нібы я які падазроны зламысьнік. І загадалі стаяць у чарзе. Людзей шмат, некаторыя ня вытрымалі гэтага прыніжэньня і сышлі. Чыноўніца тым часам сабрала стос папераў і пайшла падпісваць на другі паверх — да пана начальніка. А яму няма часу разьбірацца з нашымі яблыкамі. Спусьцілася адтуль і кажа: „Прыходзьце заўтра, тады ён і падпіша вашы паперы“.

І вось толькі на чацьвёрты дзень пасьля ўсіх хаджэньняў і прыніжэньняў я атрымаў даведку. А цэны ж на яблыкі дзяржава ўсталявала капеечныя: адзін дзень па 400 рублёў за кіляграм прымаюць, другі раз — па 350.. Дык атрымліваецца, што ўвесь даход мала перавышае выдаткі на бэнзін. Адно суцяшэньне, што яблыкі не змарнуюцца, а пойдуць на карысьць людзям.

Увогуле, уражаньні ад гэтай гісторыі самыя непрыемныя. Дробнае пытаньне, а колькі валакіты. Раздражняе ўсё: нават міліцыянты на ўваходзе ў выканкам, якія ахоўваюць гэтых бюракратаў ды лайдакоў»
.

Вельмі паказальная гісторыя, спадар Аляксандар. Цэлая гурма высокааплатных чыноўнікаў на працягу чатырох дзён вырашаюць, ці варты шараговы грамадзянін Лешык таго, каб за свае ўласнаручна вырашчаныя і сабраныя яблыкі атрымаць падвышаную на 12 працэнтаў цану. Трэба меркаваць, складаную працэдуру чыноўнікі прыдумалі дзеля таго, каб не дапусьціць так званых непрацоўных даходаў: раптам спадару Лешыку ўзбрыдзе ў галаву нажыцца не на сваіх, а на суседзкіх яблыках. Давайце прыкінем, пра якія звышдаходы гаворка — на варце якіх дзяржаўных інтарэсаў стаяць чыноўнікі? Такім чынам, за свае 300 кіляграмаў яблыкаў спадар Аляксандар мог атрымаць у лепшым выпадку 120 тысяч рублёў (такую зьдзеклівую цану выставіў на яблыкі дзяржаўны нарыхтоўшчык — 400 рублёў за кіляграм). Без даведкі за гэтыя ж яблыкі заплацяць каля 106 тысяч. Такім чынам, цана ўсіх чыноўніцкіх намаганьняў (іхніх даведак, подпісаў, чэргаў, выездаў з аглядам у сады) — 14 тысяч рублёў (кошт дзьвюх бутэлек ня самага дарагога піва).Пры гэтым на аплату працы саміх чыноўнікаў за гэтыя чатыры дні зь бюджэту пайшлі сотні і сотні тысяч рублёў.

Шмат крытычных заўваг, прапаноў і пажаданьняў даслала наша слухачка Натальля Фігероева зь Менску. У сваім лісьце яна піша:

«Вашы „Падарожжы Свабоды“ па глухіх вёсках зь нешматлікім кансэрватыўным насельніцтвам, дзе ніколі нічога не вырашалася, прапаную зьвесьці да мінімуму, альбо і ўвогуле спыніць. Замяніце іх на сур’ёзныя аналітычныя перадачы аб палітычнай і эканамічнай сытуацыі ў нашых суседзяў, найперш — ва Ўкраіне і дзяржавах Балтыі. Пра Расею можаце не расказваць: пра гэта можна даведацца і па тэлебачаньні.

Давайце эфірны час для выступу прадстаўнікам палітычных партый і сур’ёзных грамадзкіх рухаў (у тым ліку і нелюбімых вамі Лібэральна-дэмакратычнай і Камуністычнай партыяў). Наладжвайце дыскусіі паміж імі па актуальных пытаньнях.

А навошта вы паўтараеце архіўныя запісы
15-гадовай даўніны? Вы дэкляруеце, што для вас важнае меркаваньне радыёслухачоў. Але няўжо нехта са слухачоў прасіў вас запаўняць эфір гэтымі архівамі? Няўжо няма сучасных тэмаў? Дайце ў такім разе больш магчымасьцяў рэгіянальным карэспандэнтам, стварыце магчымасьць радыёслухачам для выхаду ў жывы эфір.

...Несумненна, ёсьць у вас і цікавыя перадачы („Праскі Акцэнт“, „Экспэртыза Свабоды“ ды іншыя). Але ў цэлым напрошваецца выснова аб прыкметным уплыве правінцыялізму не без таталітарнага мысьленьня»
.

Выглядае, спадарыня Фігероева, што вы сур’ёзна цікавіцеся палітыкай і эканомікай, пільна сочыце за аналітычнымі праграмамі. Але ў многіх нашых слухачоў іншыя зацікаўленьні і густы. Некаторыя, наадварот, лічаць, што аналітыкі на «Свабодзе» зашмат, што трэба болей расказваць пра будзённыя патрэбы і праблемы простага чалавека, у тым ліку ў глухіх вёсачках, дзе, як вы пішаце, «нічога не вырашаецца». Атрымліваем мы просьбы і пра паўторную трансьляцыю архіўных запісаў — тых, якія мелі ў свой час шырокі грамадзкі розгалас і сталі значным набыткам нацыянальнай гісторыі і культуры. Пажаданьні і зацікаўленьні гэтай часткі аўдыторыі мы таксама мусім улічваць. Таму імкнёмся шукаць разумны балянс — каб у эфіры былі і палітычныя дыскусіі, і сур’ёзная аналітыка, і жывыя рэпартажы пра жыцьцё далёкіх ад палітыкі людзей.

Свае пажаданьні наконт зьместу праграмаў «Свабоды» выказаў таксама Мікалай Скуратовіч з Горадні. Ён піша:

«Знайдзіце час для перадачы, прысьвечанай нашай архітэктуры. У Беларусі шмат замкаў, касьцёлаў, цэркваў. Усе яны пабудаваныя ў розныя гістарычныя эпохі ў розных стылях. Тут і клясыка, і готыка, і барока. Ёсьць вельмі цікавыя помнікі — напрыклад, царква ў Мураванцы, Ракаўскі касьцёл. Цікава ведаць, хто іх будаваў, якія гістарычныя асобы іх наведвалі ў мінулым...»

Адметная прыпіска, якой суправаджаецца ліст: «Сапраўднае імя і адрас указваю, але ў эфіры іх прашу не называць». Раблю як просіце, спадар Мікалай: прозьвішча ваша для эфіру зьмяніў, каб ніхто не даведаўся, што вы цікавіцеся архітэктурай і слухаеце «Свабоду».

І на заканчэньне — кароткі ліст зь Віцебску, ад слухача, які не назваўся, а падпісаўся як «Сівы настаўнік».

«Дзякуй вам за перадачы, у якіх праўдзіва асьвятляецца наша жыцьцё, — піша слухач. — Нам тут цяпер вельмі цяжка жывецца: пэнсіі, заробкі, цэны, самадурства і бескантрольнасьць начальнікаў — пра ўсё гэта вы ведаеце і расказваеце ў сваіх перадачах. Таму дасылаю вам у архіў проста малюнкі, па якіх бачна, як мы тут на месцах змагаемся.

З павагай — Сівы настаўнік».


Разам зь лістом слухач даслаў некалькі плякатаў і карыкатур выбарчай тэматыкі, размножаных на ксэраксе. Слоганы на гэтых малюнках адпаведныя: «Ложь терпеть устал народ — потому даёт бойкот», альбо «Выбіралі, маўчалі, цярпелі — і дачакаліся». Выкананыя малюнкі яўна не прафэсійным мастаком, а аматарам, зь мінімальнай затратай уласных сродкаў. Хутчэй за ўсё, чалавек хаця б такім чынам захацеў выказаць уласны пункт гледжаньня на тое, што адбываецца ў краіне.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG