Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі палітык: Санкцыі не працуюць з-за эгаізму Эўропы


Вэрнэр Шульц

Вэрнэр Шульц

Перасьлед апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі працягваецца, і дзяржавы-сябры ЭЗ павінны ўзьняцца над нацыянальнымі інтарэсамі і перакрыць каналы фінансаваньня рэжыму Лукашэнкі, мяркуе сябра Камітэту ў міжнародных справах Эўрапарлямэнту Вэрнэр Шульц.

Ён пералічвае выпадкі перасьледу апазыцыі ў Беларусі і зазначае, што візавыя санкцыі Эўразьвязу не спынілі злоўжываньняў, бо не спрацоўваюць. У прыватнасьці, міністар унутраных справаў Беларусі меў летась магчымасьць наведаць канфэрэнцыю Інтэрполу ў Францыі. Сыны Лукашэнкі, чые прозьвішчы таксама знаходзяцца ў «чорным сьпісе», вольна перамяшчаюцца па сьвеце ў якасьці сяброў беларускага алімпійскага камітэту. Замарожваньне рахункаў – таксама спрэчнае ў шэрагу эўрапейскіх краінаў. Ніхто ў Эўрапейскай камісіі альбо дзяржавах-сябрах ня можа сказаць з упэўненасьцю, што якіясьці сродкі былі заблякаваныя банкамі ЭЗ.

Акрамя таго, адзначае Вэрнэр Шульц, нягледзячы на палітычную ізаляцыю, гандаль Эўразьвязу зь Беларусьсю квітнее. Палітык заклікае Эўрапейскія структуры да больш мэтанакіраваных дзеяньняў.

«Аднак дзяржавы-сябры ЭЗ падзеленыя і эгаістычныя, калі справа даходзіць да ўключэньня ў «чорны сьпіс» лукашэнкаўскіх «кашалькоў». Латвія, якая зьяўляецца найбуйнейшым імпартэрам беларускіх нафтапрадуктаў, двойчы блякавала прыняцьце санкцыяў ЭЗ, што дазволіла беларускай намэнклятуры зарабляць грошы на кантрабандзе нафтапрадуктаў. Санкцыі Эўразьвязу абмінулі кампаніі Трайплэнэрга, Белнафтагаз і Нэанафта, якія належаць Юрыю Чыжу, набліжанаму да Лукашэнкі алігарху», – піша Вэрнэр Шульц на сайце Public Service Europe. Ён прыводзіць падобныя прыклады і з пазыцыяй Славеніі.

«Эўропа павінна пераадолець свае нацыянальныя інтарэсы і перакрыць каналы, якія выкарыстоўвае рэжым Лукашэнкі для фінансаваньня сваёй дзейнасьці. Гэта тое, чаго хоча шмат хто ў шэрагах беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. І для Эўропы такія крокі будуць пасьлядоўным сьцьвярджэньнем асноўных каштоўнасьцяў – такіх як правы чалавека і дэмакратыя», – завяршае Вэрнэр Шульц, прадстаўнік партыі зялёных у Нямеччыне, сябра камітэтаў замежных справаў Эўрапейскага парлямэнту і Парлямэнцкай Асамблеі EURONEST.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG