Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампэнсацыя за дзень незаконнага зьняволеньня — 15 даляраў


23 кастрычніка суд Чыгуначнага раёну Гомелю вырашыў спагнаць зь дзяржаўнай казны 50 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды на карысць былога лекара-псыхіятра Яўгена Дзедушкіна. Гэта ў 10 разоў меней, чым патрабаваў лекар, які быў нявінна асуджаны па абвінавачаньні ў падпале гаражоў і безгаспадарчага будынку ў Навабеліцкім раёне абласнога цэнтру.

Дзедушкін: «Вырак суду толькі што абвешчаны, і я яшчэ ня вырашыў, буду аспрэчваць яго ці не».

Нягледзячы на факт прызнаньня судом незаконнага асуджэньня й права на выплату кампэнсацыі маральнай шкоды за 397 дзён, праведзеных за кратамі, прадстаўнік Міністэрства фінансаў у Гомельскай вобласьці пазоў лекара не прызнаў. Аднак суд вырашыў справу на падставе заканадаўства.

Тры тыдні таму абласны суд пастанавіў выплаціць Яўгену Дзедушкіну з улікам індэнсацыі 20 мільёнаў рублёў, якія ён выплаціў адвакатам падчас сьледзтва й адбыцьця пакараньня.

Крымінальная справа супраць былога лекара-псыхіятра Гомельскага абласнога псыханэўралягічнага шпіталя за падпалы ў Навабеліцкім раёне была распачата ў 2008 годзе. Міліцыянты «павесілі» на псыхіятра нават падпал сваёй бронекамізэлькі.

Суд двойчы выносіў у дачыненьні да Яўгена Дзедушкіна абвінаваўчыя выракі. Яго пакаралі 4 гадамі пазбаўленьня волі. Аднак 30-гадовы спэцыяліст з вышэйшай мэдычнай адукацыяй не прызнаваў абвінавачаньняў, абскарджваў выракі, у тым ліку і ў Вярхоўным судзе.

Летась абласны суд вызваліў Яўгена Дзедушкіна з-за кратаў і зьняў супраць яго ўсе абвінавачваньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG