Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт прагаласаваў за «сьпіс Магніцкага»


Эўрапарлямэнт прапануе Радзе Эўразьвязу забараніць уезд у Эўразьвяз і «замарозіць» банкаўскія актывы ў Эўропе расейскім чыноўнікам, якія, на думку эўрадэпутатаў, датычныя да гібелі ў СІЗА расейскага юрыста Сяргея Магніцкага.

У дакумэнце выказваецца меркаваньне, што арышт Магніцкага, умовы яго ўтрыманьня і сьмерць у зьняволеньні сьведчаць аб сур'ёзнай непавазе да асноўных правоў чалавека. У дакумэнце Эўрапарлямэнту таксама сьцьвярджаецца, што справа Магніцкага – гэта толькі адзін паказальны выпадак злоўжываньня расейскіх уладаў сваімі паўнамоцтвамі, што падрывае прававую дзяржаву. На думку эўрадэпутатаў, у шматлікіх іншых справах эканамічная злачыннасьць і абвінавачваньні ў карупцыі сыстэматычна служаць у Расеі для зьнішчэньня канкурэнтаў у бізнэсе ці палітычных праціўнікаў.

Сяргей Магніцкі памёр у маскоўскім СІЗА ў лістападзе 2009 году з-за неаказаньня мэдычнай дапамогі. Магніцкага, які супрацоўнічаў з фондам Hermitage Capital Management абвінавачвалі ў тым, што ён дапамагаў арганізацыі ўхіляцца ад выплаты падаткаў. Яго сьмерць выклікала шырокі міжнародны розгалас. «Сьпіс Магніцкага» на ўзроўні законапраекту таксама ўхвалены ў ЗША.
XS
SM
MD
LG