Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні разбудоўваюць царкву на старых магілах


Пад пашыраную апсіду Сьвята-Марфінскага храма трапілі пахаваньні стацкіх саветнікаў, што служылі ў горадзе ў часы Расейскай імпэрыі.

Царква ХІХ стагодзьдзя стаіць на праваслаўных могілках па вуліцы Антонава. Афіцыйна яна ня лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю і належыць да Гарадзенскай праваслаўнай япархіі. Храм разбудоўваюць, бо, паводле словаў протаярэя Віктара Сьвянціцкага, «на сьвяты няма дзе яблыку ўпасьці»:

«Храм першапачаткова быў на могілках. Царква разбудоўвалася — пад яе траплялі новыя магілы. На тэрыторыі царквы знаходзіцца і магіла прападобнай Марфы. У алтарнай частцы таксама магілы стацкіх саветнікаў. Пахаваньні пазначаныя таблічкамі. Веруючы чалавек адвеку лічыў за гонар быць пахаваным у храме».

Гэтую думку не падзяляюць мясцовыя краязнаўцы. Гісторык архітэктуры, аўтар кнігі «Праваслаўныя храмы Гродна» Ігар Трусаў лічыць, што нельга зьмяняць гістарычны выгляд будынка дзеля надзённых патрэбаў:

«Я катэгарычна супраць такога падыходу. Калі ў іх вялікі наплыў наведвальнікаў, то ніхто не перашкаджае паставіць яшчэ адну сучасную капліцу на могілках: месца там можна знайсьці. І паводле закону, і паводле сумленьня так ня варта рабіць. Зьлева, справа ад капліцы — гэта чыясьці магіла. Тэрыторыя храма абмежаваная пахаваньнямі».

Ігар Ламека рэгулярна водзіць па старых могілках экскурсіі для гарадзенцаў і прыежджых. Ён мяркуе, што зь перабудовай храм можа страціць сваю культурную цікавасьць:

«Фактычна, царква — самы стары дзейны праваслаўны храм у горадзе пасьля Каложы. У гэтым і заключаецца яе гістарычная і культурная каштоўнасьць. Царква апынулася па-за сьпісам аб’ектаў пад аховай. З-за гэтага недагляду і стала магчымым такое ўмяшаньне ў аўтэнтычны выгляд царквы. Цяпер, калі ўжо вядуцца будаўнічыя працы, магілы альбо будуць перапахаваныя, альбо апынуцца пад царквой».
XS
SM
MD
LG