Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі прайшлі выбары ў Каардынацыйную раду апазыцыі. Галасаваньне адбывалася ў інтэрнэце.

На 45 месцаў у радзе прэтэндавала 209 кандыдатаў. Усяго ў гэтых выбарах узялі ўдзел 81 тысяча чалавек. Для таго каб прыняць удзел у выбарах, неабходна было зарэгістравацца на сайце ЦВК, а затым вэрыфікавацца — гэта значыць пацьвердзіць сваю асобу з дапамогай пашпарта і мабільнага тэлефона.

Ці можа скарыстаць гэты досьвед беларуская апазыцыя?

Паводле намесьніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, нешта падобнае ў Беларусі ўжо стваралася — Аб’яднаныя дэмсілы. Спачатку быў адзін лідэр, а потым АДС-ам кіравала «чацьвёрка»:

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

«Пры стварэньні рады трэба ведаць, чаго мы хочам дасягнуць. Ранейшае аб’яднаньне толькі на базе „супраць Лукашэнкі“ — гэта было не канчатковае аб’яднаньне, бо туды ўваходзілі арганізацыі з рознымі поглядамі. „Чацьвёрка“, людзі, якія кіравалі АДС-ам, таксама мелі розныя погляды. Таму, адназначна, аб’яднаньне на пазыцыі „супраць Лукашэнкі“ — гэта слабая пазыцыя. А аб’яднаньне ня толькі на пазыцыі „супраць Лукашэнкі“, але і за нейкія каштоўнасьці — гэтае аб’яднаньне ў Беларусі ўжо адбываецца. На жаль, гэтага нам не ўдалося дасягнуць у 2010 годзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі. А вось цяперашняе магчымае аб’яднаньне бліжэйшых па духу арганізацыяў — БНФ, руху „За свабоду“ і кампаніі „Гавары праўду“, на пазыцыі абароны незалежнасьці, беларускіх каштоўнасьцяў і эўрапейскага шляху разьвіцьця — гэта магчыма і неабходна. Абавязкова на падмурку каштоўнасьцяў нам варта аб’яднацца і выйсьці на прэзыдэнцкую кампанію з адзіным кандыдатам».

Аляксандар Дабравольскі

Аляксандар Дабравольскі

Актывіст АГП Аляксандар Дабравольскі лічыць важным, што расейская апазыцыя абрала раду дэмакратычным шляхам, хоць і з пэўнымі праблемамі:

«У нас былі такія спробы не праз інтэрнэт, а шляхам правядзеньня кангрэсу дэмсілаў. І мы так выбіралі ў 2005 годзе адзінага кандыдата, у 2007-м — каардынацыйную раду, і гэта пэўны час працавала. Але заўсёды правядзеньне кангрэсу зьвязана з арганізацыйнымі цяжкасьцямі. А вось выкарыстаць сучасныя тэхналёгіі, якія з той пары, калі мы рабілі гэтыя кангрэсы, цяпер на больш высокім узроўні, я думаю, што вельмі карысна. І гэты досьвед трэба выкарыстаць. Тым больш што ёсьць шмат праблем, зьвязаных з тым, што лідэры паміж сабою не могуць дамовіцца. І нашай ідэяй заўсёды было для вырашэньня вось такога кшталту важных пытаньняў прыцягнуць як мага большую колькасьць людзей. І вось такім чынам гэта можна зрабіць».

Дзяніс Садоўскі

Дзяніс Садоўскі

Актывіст БХД Дзяніс Садоўскі сказаў, што любыя дзеяньні дзеля еднасьці ў апазыцыі карысныя.

«Пытаньне толькі ў мэханізмах і палітычнай волі асобных лідэраў да гэтых ініцыятываў. Таму калі казаць агульна, то, безумоўна, варта. А калі казаць пра мэханізм, то мэханічна браць, напрыклад, вопыт той жа Расеі і перакладаць яго на сытуацыю ў Беларусі — ня думаю, што гэта спрацуе, як і розны вопыт іншых краінаў. Хоць не выключаю і такіх варыянтаў. Галоўнае, каб гэты мэханізм быў прыняты ўсімі, тады ён будзе карысны і ад гэтага будзе эфэкт. Калі будзе два-тры адзіныя кандыдаты, тады гэта ўсё бессэнсоўна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG