Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб вызваленьні Анатоля Русецкага ад пасады старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў сувязі зь пераходам на выбарную пасаду. Гэтае рашэньне чакалася, бо спадара Русецкага днямі абралі намесьнікам старшыні Савету Рэспублікі — верхняй палаты Нацыянальнага сходу.

Хто заменіць Анатоля Русецкага ў Акадэміі навук? Крыніцы «Свабоды» ў акадэміі на гэтае пытаньне не даюць пэўнага адказу. Усе кажуць, што прэтэндэнтаў гэтым разам як ніколі шмат, а выбар зробіць Аляксандар Лукашэнка.

Дарэчы, Анатоля Русецкага, як і яго папярэдніка Міхаіла Мясьніковіча, прызначыў кіраваць акадэміяй непасрэдна Аляксандар Лукашэнка. Прычым раней, паводле статуту акадэміі, яе кіраўнік абіраўся выключна з навуковай эліты — акадэмікаў. Але пасьля прызначэньня спадара Мясьніковіча статут зьмянілі.

А раней першую асобу ў Акадэміі навук абіралі на агульным сходзе. У ім удзельнічалі акадэмікі, члены-карэспандэнты, дырэктары акадэмічных інстытутаў, а таксама абраныя навуковыя супрацоўнікі з квотай у залежнасьці ад памераў інстытуту.

Апошні раз прэтэндэнтаў было чатыры: Аляксандар Вайтовіч, Андрэй Ганчарэнка, Анатоль Дастанка і Анатоль Рубінаў. Тады ўжо ў першым туры перамог спадар Вайтовіч, які набраў больш за палову галасоў удзельнікаў агульнага сходу.
XS
SM
MD
LG