Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На менскай кальцавой тэстуюць камэры відэафіксацыі хуткасьці


ілюстрацыйнае фота

ілюстрацыйнае фота

З 23 кастрычніка на Менскай кальцавой дарозе пачалі дзейнічаць камэры відэафіксацыі хуткасьці. У міліцыі кажуць, што і далей будуць уводзіць сучасныя захады барацьбы з парушальнікамі хуткаснага рэжыму. Аўтааматары баяцца, каб відэафіксацыя хуткасьці не ператварылася ў новы спосаб лёгкага напаўненьня бюджэту.

23 кастрычніка на менскай кальцавой аўтадарозе пачалі працаваць дзьве відэакамэры фіксацыі хуткасьці. Паводле Менскай ДАІ, відэакамэры праходзяць тэставаньне, па выніках якога будзе вызначана, як лепш весьці відэазапіс на кальцавой. Яшчэ не да канца вызначана і тое, колькі камэр будзе ўвогуле і дзе іх усталююць. Сёньня камэры стаяць на ўчастку кальцавой каля 10-га шпіталя. Адна на зьнешнім коле, другая — на ўнутраным. Ці заплацяць штраф тыя парушальнікі, якія трапяць на здымкі сёньня, падчас тэставаньня?

«Ня можам удакладніць. Зараз усё мантуецца, правяраецца, а толькі пасьля таго, як атрымаем вынік, будзе прымацца рашэньне і мы зможам нешта паведаміць», — адказаў супрацоўнік менскай ДАІ.

Экспэрт у пытаньнях бясьпекі на дарогах Алег Маркевіч перакананы, што відэафіксацыя хуткасьці — рэальная магчымасьць змагацца з масавым парушэньнем хуткаснага рэжыму на такіх важных трасах, як кальцавая дарога:
Зьявілася катэгорыя кіроўцаў, якія насамрэч як без галавы. Вось сёньня я ехаў і бачыў тры аварыі

«Зьявілася катэгорыя кіроўцаў, якія насамрэч як без галавы. Вось сёньня я ехаў і бачыў тры аварыі. Адна машына ў кювэце ўвогуле згарэўшы. Таму збольшага фіксацыя дысцыплінуе. Гэта сусьветная практыка, і добра, што мы ідзем гэтым шляхам. Іншая рэч, калі гэта будзе неяк ужывацца выбарачна: ёсьць больш падуладныя закону, ёсьць менш падуладныя… „Лісты радасьці“ можна дасылаць выбарачна, ня думаю, што ў ДАІ ўсё кампутарызавана. Там проста фіксуецца, а потым сядзіць нейкая дзяўчына і адсылае квітанцыі на адрас аўтаўладальніка. У нас жа чамусьці вялікім начальнікам удаецца пазьбегнуць пакараньня. Былі выпадкі, калі губэрнатары зьбівалі людзей на сьмерць і ніхто ня нёс адказнасьці, калі міліцыянты ўплывовыя зьбівалі матацыклістаў і потым казалі, што яны вінаватыя. Калі той жа Глеб, наш вядомы футбаліст, трапіў у аварыю і яго выгарадзілі, таму што ён Глеб».

Паводле Алега Маркевіча, у Беларусі зараз амаль 3 мільёны прыватных аўтамабіляў. «Імі валодае і кіруе цэлае войска аўтааматараў, якое ніяк не арганізаванае для абароны сваіх правоў», — кажа спадар Маркевіч. Экспэрт кажа, што карупцыя ў ДАІ зусім ня выкараненая, хоць міліцыя і робіць дзеля гэтага пэўныя намаганьні.

Аўтааматар Мікалай нядаўна другі раз за год перавысіў дазволеную хуткасьць на 20 кілямэтраў і зараз чакае разбору ў ДАІ: у лепшым выпадку дадуць 1,5 мільёна штрафу, у горшым — адбяруць правы. Распавядаючы сваю гісторыю, Мікалай лічыць за лепшае сваё прозьвішча не называць:

Прапанаваў ім разьлічыцца ў аўтамабілі. Але яны нават не адказалі на гэта нічога

«Прапанаваў ім разьлічыцца ў аўтамабілі. Сплаціць штраф ці нават паспрабаваць, каб меншы штраф прызначылі. Але яны нават не адказалі на гэта нічога, працягвалі складаць свае пратаколы. Потым мне патлумачылі, што ў аўтамабілях ДАІ зараз усталяваны аўдыёзапіс размоў. Гэтак яны, відаць, змагаюцца з карупцыяй, служба адмысловая ёсьць. Да таго ж яны, відаць, зацікаўленыя, каб выканаць плян, сабраць больш гэтых пратаколаў».

У суседняй Польшчы права ўсталёўваць відэакамэры на дарогах атрымалі мясцовыя ўлады. Польскія кіроўцы скардзяцца, што езьдзіць па краіне зрабілася вельмі нятанна: аўтаінспэкцыя ставіць знакі абмежаваньня хуткасьці ў нечаканых месцах, камэры фіксуюць парушэньні, гаманец кіроўцы худзее. Ці ня стане відэафіксацыя хуткасьці сродкам папаўненьня бюджэту і ў Беларусі? Экспэрт аўтасфэры Алег Маркевіч такога варыянту разьвіцьця падзей не выключае:

«Улічваючы вынаходлівасьць нашай краіны, у нас могуць прыдумаць, як зарабляць грошы з усяго. Бюджэт трэба напаўняць, і таму не выключаю, што ўжо плян па штрафах спусьцілі, у тым ліку і ад відэафіксацыі хуткасьці. Гэта так. Але паўтараю, што сама відэафіксацыя — рэч неабходная, нікуды мы ад яе ня дзенемся».
XS
SM
MD
LG