Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не шанцуе мне на сапраўды моцных апанэнтаў у інтэрнэтных дыскусіях. Замест таго, каб абвяргаць мае сьцьверджаньні, яны абвяргаюць свае. А мне ад гэтага няма ніякай радасьці. Таму што іхныя сьцьверджаньні я магу абвергнуць і бязь іхнай дапамогі...

Яшчэ трохі пра этнічны і грамадзянскі нацыяналізм

Cказаў я неяк, што трэба прызнаць літаратуру, пісаную на расейскай мове ў Беларусі, як частку беларускай нацыянальнай культуры. Так трэба зрабіць таму, каб займець прыхільнасьць расейскамоўных беларусаў у той блізка-далёкай будучыні, калі ўжо пачнуць лічыць галасы ў галасаваньні і ў расейскамоўным беларускім парлямэнце трэба будзе ўхваліць праграму падтрымкі беларускай мовы. Канкрэтызуючы — ухваліць бюджэтныя грошы на выданьне «Нашай Нівы» і «Архэ» ды матэрыяльнае заахвочваньне для тых беларускіх крытыкаў, якія захочуць крытыкаваць беларускую літаратуру ў гэтых выданьнях...

А мае апанэнты ў адказ пачынаюць мне даказваць, што расейскай мове ў Беларусі не патрэбная ніякая падтрымка — маўляў, яна й сама пратрымаецца, калі не ў Расеі, якую раней ці пазьней глыне Кітай, дык ва Ўкраіне ці хоць бы ў адным Данецку... Я й бяз вас гэта ведаю, і за гэты наскрозь абсурдны тэзіс аб патрэбе падтрымкі расейскай мовы ў Беларусі я ніколі не выступаў, нават у п’яным выглядзе. Вы паспрабуйце, блін, абвергнуць МОЙ ТЭЗІС — пераканайце мяне і іншых, што «Нашай Ніве» і «Архэ» не патрэбная падтрымка расейскамоўных, каб выжыць. Слабо?

На першы погляд парадаксальна, тым ня менш праўдзіва: у сытуацыі пераходу беларусаў на расейскую мову, беларусы асымілююць расейцаў нацыянальна.

Паміж перапісамі 1999 і 2009 гг. колькасьць этнічных беларусаў у Беларусі паменшала на 2,7%, а этнічных расейцаў — на 30% працэнтаў! Куды зьніклі ўсе гэтыя расейцы — павыміралі ад мэтанакіраванага курынага грыпу, які наўмысна разьбіраецца ў культурна-моўных кодах і чавіць маскалёў, абмінаючы ліцьвіноў? Ды не, расейцы проста ўліваюцца ў беларусаў і прымаюць беларускі код па сваёй ахвоце. Гэты код — абаперты на расейскай мове, але ён нацыянальна беларускі. Калі б ён заставаўся нацыянальна расейскім, дык на які хрэн расейцы запісваліся б беларусамі? Ім жа тут і з расейскім кодам было б немаведама як утульна, як кажа мой рэдакцыйны калега Сяргей Дубавец...

Відавочна, што тут працуе не этнічны нацыяналізм, а грамадзянскі. І я дапускаю, што ў такой сытуацыі можа стварыцца беларускі культурны код і ў расейскай мове ў Беларусі. Бо беларуская грамадзянская нацыя ў гэтай мове пачала ўжо стварацца.

Каб расейскамоўныя ў Беларусі — як этнічныя беларусы, так і этнічныя рускія — захацелі прыняць беларускамоўны культурны код, такія захады як адключэньне Белтэлекомам расейскага інтэрнэту або адключэньне Белтрансгазам расейскага газу не падзейнічаюць. Тут трэба ўключэньне, і то не адно... Тут трэба такія ўключэньні, прыкладам, як «Восень» Тацяны Сапач, «Дамавікамэрон» Адама Глобуса, «Вэрсэты» Алеся Разанава, «Адам Клакоцкі» і «Герой вайны за празрыстасьць» Ігара Бабкова, «Сарока на шыбеніцы» і «Шабаны» Альгерда Бахарэвіча, etc. etc... Я гавару пра прыклады літаратуры і пісьменьнікаў, якую і якіх мне пашэнціла прачытаць і набраць перакананьня, што беларускамоўны культурны код яшчэ не памёр.

Пытаньне сёньня ня ў тым, каб выцесьніць расейскамоўны культурны код зь Беларусі. Гэтая вайна, як мне цяпер думаецца, была прайграная задоўга да таго, як у Менску пачалі зьбіраць рэкрутаў у беларускую дывізію «Майстроўня».

Пытаньне сёньня ў тым, каб ня даць памерці самому беларускамоўнаму культурнаму коду — каб ён не затхнуўся ад пачуцьця безнадзейнасьці, адчаю або азлобленасьці на расейскамоўных. Беларускамоўнаму культурнаму коду патрэбная крыху вальнейшая жыцьцёвая прастора, чым толькі заля кнігарні «логвінаЎ» і наклад Бахарэвіча колькасьцю 300 асобнікаў. Беларускамоўнаму культурнаму коду патрэбнае прызнаньне расейскамоўных беларусаў, якія складаюць пераважную большасьць нацыі — ня проста талерантнасьць да «книг на белорусском языке» на асобнай паліцы ў кнігарні «Сьветач», а актыўная падтрымка і прасоўваньне гэтай літаратуры сярод чытачоў.

Безумоўна, задарма нічога ня робіцца. Як я разумею сытуацыю, расейскамоўныя інтэлектуалы, якія маюць і могуць мець уплыў на чытацкую публіку ў Беларусі, чакаюць, што іхны расейскамоўны культурны статус будзе зраўнаны ў правах зь беларускамоўным. Ну бо калі не, дык скажыце па шчырасьці: якой дапамогі можна чакаць ад «троечнікаў» і «крыху рабоў»?

FAZ, Dagbladet, Politiken і іншыя, але ня мы

Гэта меў быць тэкст выключна ў працяг маіх разважаньняў пра «страх беларускай крытыкі». Але за апошні тыдзень ці два ў сеціве заварылася такая дыскусія пра «мову дэмакратыі» і «мову дыктатуры», выкліканая Сяргеем Дубаўцом, што я проста не ўстрымаўся, каб не ўдакладніць некаторыя свае пазыцыі па мове (мовах), безь якіх ні літаратуры, ні крытыкі не бывае, нават у Беларусі.

Паўтару ўжо каторы раз банальнасьць: літаратура адбываецца не тады, калі пісьменьнік напісаў кніжку, а выдавец яе надрукаваў. Літаратура адбываецца тады, калі надрукаваную кніжку набыў і прачытаў чытач. Літаратура адбываецца таксама тады, калі кніжку прачытаў крытык і напісаў пра яе крытыку. А крытык адбываецца тады, калі ягоную крытыку прачытаў ня толькі зацікаўлены аўтар, але і зацікаўлены чытач.

Калі глядзець на беларускую літаратурную сытуацыю менавіта праз прызму гэтых банальных ісьцін, дык можна сказаць, што і беларускамоўная літаратура ў Беларусі не адбываецца (што значыць наклад 300-500 асобнікаў на 10-мільённы народ?), і крытыка не адбываецца (ну бо калі б крытыка адбывалася, дык чаму б накладам кніжак не расьці?).

Літаратурная крытыка сёньня — гэта ня чортведама якое шаманства, якому аддаваліся крытыкі ў часы марксізму-ленінізму, калі існавалі і індэкс забароненых кнігаў, і індэкс забароненых ідэяў, і індэкс забароненых словаў. Сёньня крытыка — гэта зусім звычайная, штодзённая публіцыстыка, якую ўчора напісалі, сёньня прачыталі, а заўтра забылі. Літаратурная крытыка сёньня існуе не таму, што нехта з крытыкаў раз на год напіша нешта векапомнае, а таму, што яна раз-пораз узнаўляецца і штодзённа спрабуе прыцягнуць увагу агаломшаных інтэрнэтам людзей, якія пакуль аддаюць перавагу культурнаму слову, а не карцінкам і відэа з фэйсбукаў. Я хачу сказаць — якраз такая звычайная крытыка існуе ў іншых месцах, але чамусьці не ў Беларусі...

Калі ласка, загляніце хоць у некаторыя штодзённыя заходнія газэты, якія рупліва, тыдзень за тыднем, прасоўваюць літаратуры сваіх краінаў пры дапамозе рэцэнзій і літаратурных аглядаў. Каб было зручней глядзець, я для некаторых з гэтых газэтаў даю наўпроставыя спасылкі на рубрыкі «Літаратура», «Кніжкі» або «Рэцэнзіі»: амэрыканская The New York Times, нямецкая Frankfurter Allgemeine Zeitung, нарвэская Dagbladet, швэдзкая Svenska Dagbladet, дацкая Politiken, польская Rzeczpospolita, чэская Dnes... На мой погляд, самым элегантным і ўцямным з вышэй прыведзеных прыкладаў зьяўляецца рубрыка «Anmeldeser» (Рэцэнзіі) ў нарвэскай газэце «Dagbladet», дзе усе рэцэнзаваныя аўтары і ўсе крытыкі сабраныя ў адмысловы алфавітны індэкс, а пры рэцэнзіі кожнай кніжкі стаіць кнопка спасылкі на інтэрнэтную кнігарню. Калі рэцэнзія зачапіла, дык і купіць кніжку не праблема...

Хутаранскі мэнталітэт

У беларускім сеціве цяжка назваць хоць адно месца, адкуль беларускую літаратуру відаць ня тое што ў яе агульным выглядзе, а хоць бы ў нейкім уцямным фрагмэнце. Усё раскіданае па «хутарах», на якіх працуюць розныя, часам адкрыта варожыя адна адной брыгады. У Беларусі літаратурная крытыка — гэта не культурная, а наогул палітычная публіцыстыка.

Можаце ўявіць сабе, што спадарыня Людміла Рублеўская ў «СБ» піша разгромную рэцэнзію на кніжку аўтара, які належыць да саюзу пісьменьнікаў Барыса Пятровіча? Рэакцыю можна прадбачыць: маўляў, рэжым ня тое што душыць беларускасьць на вуліцах, але і «мочыць» беларускіх пісьменьнікаў праз свой прапагандысцкі рупар...

Усе баяцца напісаць нешта сапраўды крытычнае, каб лішні раз ня выклікаць дэманаў беларускай шызафрэніі, якая дзеліць усё — і БНФы, і СБПы, і наркамаўку з тарашкевіцай, і беларускамоўных з расейскамоўнымі...

Калі мець час і цярплівасьць, дык можна пакалупацца ў розных нашых «хутаранскіх» выданьнях і мышыных норах беларускага ЖЖ ды накапаць нейкі тузін рэцэнзіяў, якія спрабуюць даганяць сучасны літаратурны працэс. Але звычайнаму чытачу, які наогул ня ведае, за што пабіліся Ася Паплаўская з Марыйкай Мартысевіч, гэткае заданьне не пад сілу...

Звычайнаму чытачу дзякуй і за тое, што ён раскрые рубрыку «Рэцэнзіі» ў тыднёвіку «Наша Ніва» і спрабуе там даганяць гэты працэс... А што ён там дагоніць? Там пра сучасны белліт толькі дзьве рэцэнзіі Паўла Абрамовіча, абедзьве зь лютага сёлета — пра «Шалом» Артура Клінава і «Сьлед матылька» Аляксандра Лукашука. Абедзьве рэцэнзіі — тэксты з гатунку такіх, якія я асабіста чытаў бы кожны тыдзень, калі б недзе іх публікавалі. Але ж не публікуюць. Чаму?

Прыватны адказ аднаму крытыку

Аляксандар Фядута, адгукаючыся на мой блог «Страх крытыкі», назваў мяне «лукавым» і як адзін з доказаў існаваньня беларускай крытыкі прыгадаў свой цыкл «Паэтычны аглядальнік» у «Нашай Ніве», які потым ягоная жонка надрукавала яму асобнай кніжкай. Усё гэта так, спадар Фядута. Вось і я, «лукавый», пры дапамозе сваёй жонкі надрукаваў кніжачку, «Словы ў голым полі», якая таксама зь літаратурнай крытыкай тое-сёе агульнае мае. Праблема аднак у тым, што літаратурная крытыка — гэта не падручнік па дыфэрэнцыяльным і інтэгральным вылічэньні, які можна чытаць і 100 гадоў пасьля яго публікацыі. Крытыка, калі яе разумець так, як разумею яе я і як разумеюць яе ў газэтах, якія я пералічваў вышэй — гэта значыць, як мімалётную спадарожніцу літаратурнага працэсу — забываецца значна хутчэй, чым кніжкі, якія яна крытыкуе. Людзі ўжо ня помняць ні каліва ня толькі з таго, што вы напісалі пра літаратуру ў сваёй кніжцы, а я — у сваёй, але нават з таго, што Ганна Кісьліцына напісала ў сваёй, «Blonde attack». Крытычны артыкул існуе тыдзень, два тыдні, хай сабе нават месяц — але гэта максымум. Кніжкі з крытычнымі артыкуламі — наймацнейшыя кандыдаты на нябожчыкаў на могільніку забытых кніжак.

Ну дык, запытаеце, навошта пісаць тэксты, якія па вызначэньні кароткатрывалыя, як мухі-аднадзёнкі? У адказ вам — кароткая цытата з уводзін да анталёгіі «Books of the Century», якая ўяўляе сабою адрэдагаваны выбар літаратурна-крытычных тэкстаў з «The New York Times Book Review» за 100-гадовы пэрыяд (1897-1997):

«Рэцэнзіі кніжак, з прычыны сваёй унутранай натуры, прамінаюць і забываюцца значна хутчэй, чым кніжкі, якія яны спрабуюць ацэньваць. Таму ідэя выдаць яшчэ адну кніжку, канчатковая мэта якой — забыцьцё, гучыць як лёгкае прызнаньне сваёй паразы. (...) Але калі вы прачытаеце большую колькасьць рэцэнзій з даволі доўгага пэрыяду часу, сярод выпадковых зьменаў вы зможаце вызначыць некаторыя тэндэнцыі і трансфармацыі, якія могуць падацца павучальнымі, калі не насамрэч трывалымі».

Уцямілі? Калі хочаце застацца ў гісторыі літаратуры як літаратурны рэцэнзэнт, вам трэба будзе дзяліцца гэтым гонарам зь легіёнам іншых рэцэнзэнтаў. Бо ні ў вашых тэкстах, спадар Фядута, ні ў маіх, не відаць тэндэнцый. Тэндэнцыі відаць толькі ў гурце.

Ці ёсьць сьвятло ў канцы тунэлю?

Ёсьць, кволенькае.

Калі нешта зрушыцца зь беларускай хутаранскай літаратурнай крытыкай, дык хутчэй за ўсё ў сувязі зь літаратурным праектам «Прайдзісьвет». Там у іх ёсьць адмысловая крытычная рубрыка, дзе тэксты наогул чытэльныя і дасьціпныя. Адно што яны за літаратурным працэсам у Беларусі не пасьпяваюць. Яны там замахнуліся пісаць наогул пра тое, што адбываецца ў сусьветнай літаратуры. Тут, зразумела, няма і шанцаў, каб пасьпець за расейскамоўнымі літаратурна-крытычнымі рэсурсамі. А вось тыя нешматлікія тэксты, якія датычаць беларускіх пісьменьнікаў, падаюць надзею, што сайт «Прайдзісьвет» можа ўзяць на сябе ролю «апалітычнага» літаратурнага рэсурсу, які патэнцыяльна ў змозе прыцягнуць дастатковую колькасьць крытыкаў і рэцэнзэнтаў, каб стаць жывым люстэркам сучаснага белліту, а ня люстрам гісторыі сусьветнай літаратуры, перад якім чалавека бяруць дрыжыкі ад сваёй уласнай нікчэмнасьці, але ніяк не бярэ ахвота акунуцца з галавою ў гэты размах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG