Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таварыства беларускай мовы распачало збор подпісаў за захаваньне беларускай мовы на чыгунцы — у напісаньні назваў станцыяў, абвестках аб прыпынках у цягніках. Выклікана гэта тым, што апошнім часам шмат выпадкаў замены назваў зь беларускіх на расейскія. Кіраўніцтва ТБМ сустракалася з гэтай нагоды з кіраўніцтвам чыгункі, але пакуль безвынікова.

Вакзалы на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь афармляюць зараз толькі на расейскай мове.

Алег Трусаў

Алег Трусаў

Старшыня ТБМ Алег Трусаў: «Пачалося гэта з паўгода таму. Вось начальства Беларускай чыгункі памянялася, і пачалася татальная — я падкрэсьліваю — татальная русіфікацыя. Прыйшлі людзі альбо абыякавыя, альбо варожыя да ўсяго беларускага».

Намесьніца старшыні ТБМ Алена Анісім прывяла канкрэтныя прыклады:

«Гэта чыгуначны вакзал у Стоўпцах, дзе ўся інфармацыя зараз толькі на рускай мове: расклад руху электрацягнікоў, іншых цягнікоў. Напрыклад, у Глыбокім Дні беларускага пісьменства праходзілі, і напярэдадні ў назьве „вакзал“ была заменена літара „а“ на літару „о“. Таму, бачачы гэтую тэндэнцыю выкарыстаньня выключна адной дзяржаўнай мовы ў афармленьні чыгуначных вакзалаў, мы і распачалі гэтую кампанію».

Алена Анісім

Алена Анісім

Алена Анісім асабіста хадзіла на прыём да намесьніка начальніка Беларускай чыгункі Пятра Стоцкага:

«На прыёме таксама не прагучала, што чыноўнікі разумеюць, што гэта антыканстытуцыйна, што гэта супярэчыць як сытуацыі ў Беларусі, паколькі ў нас пражываюць не выключна рускамоўныя грамадзяне, а ў нас вельмі многа людзей як па нацыянальнасьці беларусаў, так і тых, хто кожны дзень карыстаецца беларускай мовай. Выразна прасочваецца тэндэнцыя да ўшчамленьня іх правоў».

Зьвязацца з самім спадаром Стоцкім, у якога на прыёме была Алена Анісім, не ўдалося — ён у камандзіроўцы, першы намесьнік начальніка Беларускай чыгункі Ўладзімер Міхайлюк цэлы дзень на нарадах. І наагул, чыгунка адказвае толькі на пісьмовыя запыты, паведаміла супрацоўніца прэсавай службы Тацяна Бондарава:

«Трэба накіраваць на адрас Беларускай чыгункі, на імя першага намесьніка начальніка Міхайлюка, афіцыйны ліст, што «просім прадаставіць інфармацыю пра выкарыстаньне „беларускамоўнава языка“ пры напісаньні вакзалаў, станцыяў».

Зараз ідзе рэканструкцыя Берасьцейскага вакзалу. І, паводле зьвестак ТБМ, рыхтуючыся да Чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году, там зьбіраюцца выкарыстоўваць дзьве мовы — расейскую і ангельскую. Алена Анісім кажа:

«Мы пра гэта даведаліся, прапаноўваючы ім, — паколькі гэта заходнія вароты нашай краіны і гэта першы вакзал, які сустракае ўсіх замежнікаў, — на чатырох мовах, уключыўшы польскую як пагранічную, нямецкую, ангельскую і беларускую. А нам адказалі, што зьбіраюцца толькі рускую і ангельскую, і больш ніякіх».

Начальнік Берасьцейскага вакзалу Віктар Кулай, што да афармленьня вакзалу, сказаў, што пакуль рашэньне не прынятае:

«Складана адназначна адказаць, таму я пакуль не гатовы. Трэба ўсё добра абдумаць, а потым ужо прымаць рашэньне».

Карэспандэнтка: «Проста выказваюць апасеньні, што будзе рускі варыянт і ангельскі, і ня будзе беларускай мовы.

«Пакуль яшчэ рашэньне не прынятае. Я думаю, павінна быць улічана і наша меркаваньне — як вакзал мы зьяўляемся структурным падразьдзяленьнем, і аддзяленьня дарогі. Будзем раіцца і з галоўным ўпраўленьнем чыгункі».

Дарэчы, і ў электрычках паўсюль раней станцыі абвяшчалі па-беларуску, а зараз ідзе пераход на расейскую мову. Так, на Берасьцейскім накірунку раней быў прыпынак «Гай», цяпер — «Рошча», на Барысаўскім — «Пралетарская перамога» і «Чырвоны Сьцяг», цяпер — «Пролетарская Победа» і «Красное Знамя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG