Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Расеі прайшлі выбары ў Каардынацыйную раду апазыцыі. Галасаваньне адбывалася ў інтэрнэце, пачалося апоўначы 20 кастрычніка і мелася скончыцца 21 кастрычніка, аднак было падоўжанае да 20 гадзін вечара панядзелка ў сувязі з DDoS-нападам на інтэрнэт-пляцоўкі для галасаваньня. На 45 месцаў у радзе прэтэндавала 209 кандыдатаў.

Вынікі галасаваньня былі абвешчаныя ў прамым эфіры тэлеканалу «Дождь», дзе раней праходзілі дэбаты кандыдатаў. Па выніках выбараў лідэрам галасаваньня стаў юрыст і блогер Аляксей Навальны, за яго аддалі свой голас 43 тысячы выбарцаў. Другое месца заняў журналіст і пісьменьнік Дзьмітры Быкаў з 38 тысячамі галасоў, трэцяе месца — палітык і былы чэмпіён сьвету па шахматах Гары Каспараў. Усяго па «агульнаграмадзянскім» сьпісе было абрана 30 актывістаў, у тым ліку актор і прадзюсэр Міхаіл Шац, дэпутат Дзярждумы Дзьмітры Гудкоў, акадэмік Міхаіл Гельфанд, журналіст Сяргей Пархоменка, лідэр Левага Фронту Сяргей Удальцоў.

Па 5 месцаў у радзе было аддадзена прадстаўнікам левых, лібэральных і нацыяналістычных сіл. Сярод тых, хто ўвайшоў у раду ад левых — зьмешчаны ў СІЗА Леанід Развазжаеў. У лібэральным сьпісе больш за ўсё галасоў набраў Сяргей Давыдзіс. Сярод 5 абраных у раду па нацыяналістычным сьпісе — Данііл Канстанцінаў і Ўладзімір Тор. Поўны сьпіс чальцоў новаабранага органу расейскай апазыцыі даступны на сайце Цэнтральнага выбарчага камітэту.

Для таго, каб прыняць удзел у выбарах, неабходна было зарэгістравацца на сайце ЦВК, а затым вэрыфікавацца — гэта значыць пацьвердзіць сваю асобу з дапамогай пашпарта і мабільнага тэлефона. Нягледзячы на тое, што вэрыфікацыя была падоўжаная да канца галасаваньня, з 170 тысяч зарэгістраваных яе прайшлі толькі каля 100 тысяч чалавек.

У выбарах можна было паўдзельнічаць і на афлайн-участках. У Расеі і за мяжой працавала больш за 50 рэгіянальных камісій.

Старшыня Цэнтральнага выбарчага камітэту Леанід Волкаў станоўча ацэньвае перадвыбарчую кампанію і хаду выбараў:

«Я больш задаволены зьмястоўнасьцю, масавасьць для мяне ніколі не была мэтай, я наогул гэты парамэтар сур’ёзна не ўспрымаю. Усе, хто ёсьць — усе нашы. Ці шмат — не так важна. Для нас важная якасьць самой кампаніі, колькі мы ўбачылі новых і цікавых асобаў у часе дэбатаў, наколькі зьмястоўным атрымаўся конкурс эсэ, наколькі цікавым для выбарцаў быў „палітычны компас“, колькі было усялякай актыўнасьці, як стыхійна сфармаваліся перадвыбарчыя блёкі, якія людзі запісвалі і выпускалі ролікі, арганізоўвалі дэбаты самі, вялі агітацыю... Вось гэта ўсё было вельмі цікава і вельмі зьмястоўна».

Аляксей Навальны пракамэнтаваў вынікі галасаваньня ў сваім ЖЖ у форме адказу скептыкам:

«Гэта немагчыма, хопіць несьці гэтае наіўнае трызьненьне і дзіцячы лопат.
Гэта немагчыма, паслухайце нас, „палітычных прафэсіяналаў“, мы з 1989 года ў палітыцы.
Гэта немагчыма зрабіць без падтрымкі адной з алігархічных груп.
Гэта немагчыма без падтрымкі ўлады, хай і прыхаванай.
У вас ніколі на гэта ня хопіць грошай.
У вас ня хопіць сіл пераадолець люты супраціў „сыстэмнай партыйнай апазыцыі“.
Ды ніхто ня пойдзе кандыдатам на такія выбары.
Ды ўсе пабаяцца пайсьці выбарцамі на такія выбары.
Гэта немагчыма, таму што нікому не патрэбныя некантраляваныя выбары, нават апазыцыі.
Гэта немагчыма, таму што мы заўсёды рабілі па-іншаму і прызвычаіліся так рабіць.

Колькі ж разоў мы ўсё такое чулі.

Кожны раз, калі заходзіла гаворка пра тое, што
— Апазыцыя слабая менавіта таму, што сама пагарджае ідэяй выбарнасьці і канкурэнцыі;
— Сілам, якія прэтэндуюць на рэальную барацьбу з крамлёўскай клептакратыяй, трэба абапірацца непасрэдна на падтрымку людзей, а не на марыянэткавыя зьезды ў 40-100 чалавек;
— Нам патрэбныя ўнутраныя выбары (праймэрыз ці называйце іх як хочаце)
кожны раз мы чулі мільён і адно вельмі скептычнае і аўтарытэтнае меркаваньне, што гэта ўсё немагчыма.

А потым нам, мабыць, проста надакучыла слухаць скептычныя думкі, і мы вырашылі проста гэта ўсё зрабіць.
Трэба было зрабіць выбар паміж страхам правалу і „аўтарытэтнымі думкамі аб тым, што нічога немагчыма“ і дзясяткамі тысяч людзей, якія патрабавалі рэальнай дэмакратыі і канкурэнтных працэдур і для самой апазыцыі.
Атрымалася, з чым я ўсіх і віншую».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG