Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі страйкуюць прадпрымальнікі гандлёвага цэнтру «Сакрэт». Дадалося відэа.


23 кастрычніка ў Гомелі прадпрымальнікі гандлёвага цэнтру «Сакрэт» спынілі працу на знак пратэсту супраць рэзкага падвышэньня арэнднай платы новым уласьнікам — менскім таварыствам з дадатковай адказнасьцю «НП-Сэрвіс». На бальшыні ралетаў віселі абвесткі «Сандзень» ці «Пераўлік».

Бліжэй да паўдня звыш паўсотні прадпрымальнікаў, сярод якіх быў і кіраўнік рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка, накіраваліся ў Цэнтральны райаддзел міліцыі Гомеля, каб перадаць калектыўную заяву.

Сутнасьць канфлікту тлумачыць прадпрымальніца Анжэла: «Наша дамова была абманным, махлярскім спосабам скасаваная. Махляркай выступіла былая дырэктарка ААТ „Новы стандарт“ Валянціна Пташынская».

Новы ўласьнік гандлёвага цэнтру — менская кампанія «НП-Сэрвіс» — пасьля гэтага ў паўтара-два разы падвысіў арэндную плату — з 30–45 эўра за мэтар квадратны да 120 эўра. Гэта й выклікала пратэст прадпрымальнікаў, які доўжыцца ад пачатку кастрычніка.

Старшыня рады прадпрымальнікаў цэнтру Натальля Дасько: «Нас паставілі ў такія ўмовы! Што можа прадпрымальнік? Прыняць іх альбо сысьці. Выйсьця іншага няма. Альбо вось як зараз — мы спрабуем весьці перамовы й знайсьці нейкі кампраміс».
Мы сёньня мірна сабраліся — мы проста хочам працаваць. Дайце нам працаваць!

Каляжанку дапаўняе прадпрымальніца Сьвятлана: «Мы сёньня мірна сабраліся — мы проста хочам працаваць. Дайце нам працаваць! Правільна, людзі? Дайце нам працаваць спакойна, як мы працавалі, нават не зважаючы на шматлікія мінусы — адсутнасьць вэнтыляцыі, кандыцыянэраў, прыбіральняў. Усе пра гэта ведаюць. Ужо на гэта мы заплюшчылі вочы. А тут нас проста выганяюць — наагул!»

Цяперашні прадстаўнік новага ўласьніка ў Гомелі Дзяніс Юрасаў заяўляе: «Мы не адказваем за дзеяньні папярэдніх уласьнікаў».

Анатоль Шумчанка, які прыехаў сёньня ў Гомель зь Менску, паведаміў, што ўчора ад імя «Пэрспэктывы» накіраваў ліст у адміністрацыю прэзыдэнта і Камітэт дзяржкантролю з просьбай паспрыяць аднаўленьню законнасьці й справядлівасьці ў гомельскім гандлёвым цэнтры «Сакрэт», дзе ў цяжкой сытуацыі апынуліся каля 400 прадпрымальнікаў.

Шумчанка: «Я доўга думаў, што ж у вас тут адбылося? А ўсё вельмі проста. На жаргоне ліхіх 90-х гадоў гэта называецца „кідалава“. Вас проста, выбачайце за выраз, бо не магу падабраць іншага, тупа кінулі».

Каб разьвязаць канфлікт, прадпрымальнікі апэлявалі да гарадзкіх і абласных уладаў. І сёньня ў другой палове дня пачалася трохбаковая сустрэча ў камітэце эканомікі аблвыканкаму, у якой бяруць удзел таксама чальцы рады прадпрымальнікаў «Сакрэту» і прадстаўнік уласьніка — кампаніі «НП-Сэрвіс» у асобе Дзьмітрыя Барысёнка. Такая сустрэча прадугледжаная заканадаўствам дзеля дасудовага ўрэгуляваньня ў органах улады канфлікту паміж суб’ектамі гаспадараньня.

Прадстаўніца камітэту эканомікі Марыя Крывунь: «Органы ўлады ня ўмешваюцца ў гаспадарчую дзейнасьць суб’ектаў гаспадараньня, тым больш што гэта суб’екты гаспадараньня прыватнай формы ўласнасьці. На жаль, праблема ў тым, што ня ўмеюць суб’екты дамаўляцца паміж сабою. Будзем весьці перамовы з уласьнікам — яны прадставілі матэрыялы наконт таго, якія арэндныя стаўкі былі й якія яны прапануюць, заключаныя дамовы — не заключаныя. У любым выпадку будзем прапаноўваць уласьніку пакінуць дамоўныя стасункі паводле стану на 1 кастрычніка гэтага году».

Спадарыня Крывунь дзівіцца, як наагул магла бальшыня прадпрымальнікаў уласнымі рукамі скасаваць свае дамовы:

«Гэта ж дарослыя людзі, а не дзіцячы сад — гэта людзі, якія зарабляюць грошы, гэта прадпрымальнікі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG