Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэйтынгу Doing Business-2013 Беларусь заняла 58-е месца


Дасьледаваньне Doing Business-2013 Міжнародная фінансавая карпарацыя (IFC) і Ўсясьветны банк правялі ў 185 краінах сьвету.

«За аглядны пэрыяд (з чэрвеня 2011 года па май 2012 года) Беларусь правяла тры рэформы — дзьве зь іх аказалі станоўчы ўплыў на ўмовы вядзеньня бізнэсу, а адна — адмоўнае», — цытуе Інтэрфакс суаўтарку даклада Валянціну Солтан.

Яна патлумачыла, станоўчыя рэформы былі ў сфэры падаткаабкладаньні і ва ўдасканальваньні працэдуры банкруцтва. Паводле яе слоў, негатыўныя новаўводзіны — гэта падвышэньне платы за рэгістрацыю бізнэсу, а таксама падвышэньне платы за службовую пячатку кампаніі.

Балыкін: паляпшаецца адно, а другое застаецца горшым

Эканаміст Сяргей Балыкін сказаў, што скэптычна ставіцца да рэйтынгу, бо гэта спроба надаць аб’ектыўнае суб’ектыўнаму:

Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін

«Ва ўмовах Беларусі, калі паляпшаецца адно, а другое застаецца горшым, то вось гэтае кепскае можа перашкаджаць практычнаму ўжываньню ўсіх гэтых паляпшэньняў. А па другое, давайце паглядзім зь кім у кампаніі знаходзіцца Рэспубліка Беларусь. Гэта не такія ўжо і добрыя краіны. Можа адзіным дасягненьнем зьяўляецца тое, што Беларусь уваходзіць у дзесятку рэфарматараў, лідэраў па тэмпах зьменаў. Гэта можна патлумачыць толькі тым, што ў нас досыць кепскія стартавыя ўмовы і нават невялікае паляпшэньне прыводзіць да таго, што па тэмпах рэфармаваньня мы ў лідэрах. Але ж казаць, што ў нас спрыяльныя ўмовы для бізнэсу — я б не рызыкаваў. Трэба глядзець таксама ня толькі на рэйтынгі, але і на вынікі. Калі б у нас былі насамрэч спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця бізнэсу, то сюды ішлі б замежныя інвэстары і свае інвэстары, і наша б эканоміка разьвівалася. На жаль, гэтага няма».


Марголін: наяўнасьць палітвязьняў не ўлічваецца ў рэйтынгах

Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін лічыць, што да гэтага рэйтынгу трэба ставіцца крытычна:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Гэта аб’ектыўныя крытэры, па якіх параўноўваюцца правілы вядзеньня бізнэсу ў розных краінах. Нешта робіцца і ў нашай краіне, каб палепшыць бізнэс-клімат. Хаця Лукашэнка заявіў, што мы павінны ўвайсьці ў трыццатку ў бліжэйшыя год ці два. А да гэтага, як бачна, яшчэ вельмі далёка. Але ёсьць яшчэ суб’ектыўныя крытэры, якія нельга ацаніць. Ці пачувае сябе інвэстар надзейна, ці лічыць ён, што знаходзіцца пад абаронай закона?Як ён ставіцца да ўлады ў гэтай краіне?Усё гэта, на жаль, гэтыя рэйтынгі не ўлічваюць. А яны таксама маюць вялікае значэньне. Нават наяўнасьць палітвязьняў у краіне, якая таксама нідзе не ўлічваецца ў рэйтынгах, яна таксама мае значэньне для фактычнага клімату ў гэтай краіне. Таму гэтыя рэйтынгі трэба імкнуцца палепшыць, але ставіцца да іх у нашай краіне трэба зь нейкай доляй скэптыцызму».

Паводле рэйтынгу, да прыкладу, параўнальна з Расеяй і Ўкраінай, Беларусь выглядае больш прывабна. На гэта спадар Марголін сказаў:

«Гэта якраз і паказвае адносную каштоўнасьць гэтых рэйтынгаў, бо мы выглядаем па рэйтынгу больш прывабна, але інвэстыцыі ідуць у Расею і ва Ўкраіну, а ў Беларусь яны не ідуць».


Рэйтынг суседніх краінаў ў Doing Business-2013




Беларусь ў рэйтынгу Doing Business ў розныя гады

2010 год — 64 месца
2011 год — 91 месца
2012 год — 60 месца
XS
SM
MD
LG