Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлопцы дасьпяваюць хутчэй, чым раней


Сёньня полавае дасьпяваньне амэрыканскіх хлопцаў-падлеткаў пачынаецца ад шасьці месяцаў да двух гадоў раней, чым гэта адбывалася 40 гадоў таму.

Да такой высновы прыйшла Амэрыканская акадэмія пэдыятрыі, правёўшы дасьледаваньне сярод больш чым 4 тысяч хлопцаў ва ўзросьце ад шасьці да 16 гадоў па ўсёй краіне.

Амэрыканскія дасьледаваньні 40-гадовай даўнасьці сьцьвярджалі, што полавае дасьпяваньне (інакш, пубэртатны пэрыяд) у выпадку хлопцаў пачыналася наогул ва ўзросьце 11,5 гадоў.

Найноўшае дасьледаваньне сьцьвярджае таксама, што полавае дасьпяваньне ў чарнаскурых амэрыканскіх падлеткаў пачынаецца раней, чым у белых або лацінаамэрыканцаў. У сярэднім, пубэртатны пэрыяд у чарнаскурых хлопцаў пачынаецца ва ўзросьце 9 гадоў, а ў белых і лацінаамэрыканцаў – ва ўзросьце 10 гадоў. Паводле дасьледнікаў, гэтая розьніца выкліканая генэтычнымі розьніцамі.

Досьлед праводзіўся падчас рутынных мэдычных абсьледаваньняў вучняў у школах. Дактары пры дапамозе інструмэнту, званага архідамэтрам, вымяралі памер яечак. Павялічаньне памеру яечак да 3-4 мілімэтраў лічыцца пачаткам полавага дасьпяваньня.

Досьлед адназначна не ўстанавіў прычыны, чаму полавае дасьпяваньне ў сучасных хлопцаў пачынаецца раней, чым 40 гадоў таму. Сярод магчымых прычынаў называюцца зьмены ў харчаваньні і меншая фізычная нагрузка сучасных падлеткаў.

Амэрыканскія пэдыятры кажуць, што пакуль, без дадатковых досьледаў, немагчыма сказаць нешта аўтарытэтнае пра біялягічныя наступствы ранейшага полавага дасьпяваньня хлопцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG