Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З патомным шляхціцам Аляксандрам Галкоўскім мы шпацыруем па ягонай роднай вёсцы Судзілы. Вёска раскіданая на маляўнічых пагорках, якія, па словах Аляксандра, некалі былі фартэцыямі самай страшнай у гісторыі Беларусі вайны. 13-гадовага «крывавага патопу» сярэдзіны 17-га стагодзьдзя.

— Дзяды ўсё расказвалі. Во гэта крапасны роў. Там цэрквы стаялі. Тады маскалі папалілі, дзевак пабралі. Да самага Смаленска ніводнай хаты не засталося, усё папалілі. У Прудку адна хата засталася і ў нас, у Судзілах, пяць.

— І гэта расказвалі дзяды?

— Усё дзяды расказвалі.

— Вечарам зьбіраліся і расказвалі?

— То сьвяты нейкія, сядзяць, расказваюць. То талака якая, воўну расскубаюць, бабы прыйдуць. І гамоняць, і гамоняць. Вось гэтая гара — умацаваньнем лічылася. Там манастыр жаночы быў. Тры гады стаялі, не здаваліся. Маскалі гэтыя. Тут у нас сем умацаваньняў было. Жаночы манастыр быў. Ігуменша тая камандавала. І мясцовыя дабро сваё, скаціну хавалі. І абараняліся тры гады. І пасьля іх абдурылі. І ўсіх спалілі.

Я іду па вёсцы Судзілы, каля спарахнелай драўлянай царквы, у кампаніі мясцовага селяніна, які распавядае мне пра зьверствы маскалёў. Зьверствы, перад якімі блякнуць жахі апошняй вайны. Жахі. Якія ня вычытаныя з кніжак, а дайшлі з успамінаў дзядоў. І слухаю я гэта на беларуска-расейскім памежжы!

— Жывот распоруць, дзіцёнка дастануць з жывата. Яны ж доўга тут стаялі, маскалі. На ражон, на палку насадзяць дзіцёнка гэтага. На вагні падсмажаць і прымушаюць есьці. А туды ката жывога зашыюць у жывот. А ігуменшу ў вадзе замарозілі. Паніўку прабілі на рэчцы і яе да пояса пасадзілі. І ікону павесілі. «Калі гэта Бог твой, то ён выратуе цябе».

— І гэта рабілі праваслаўныя людзі?

— Гэта князь Трубяцкой. Трубяцкая разьня!

— І ўсе гэтыя жахі вы чулі ад дзядоў?

— Ой, госпадзе. Расказвалі. Вось царква наша стаіць разбураная.

Аляксандар Галкоўскі — вясёлы пяцідзесяцігадовы селянін. Моцны гаспадар. Мае чатыры каровы, кабылу, статак авечак. Але, акрамя гаспадаркі, у майго суразмоўцы ёсьць унікальная этнаграфічная калекцыя. Старажытныя андаракі, ручнікі, пасы, фартухі. Пра колішніх уладальнікаў якіх Аляксандар па карунках і вышыўках чытае ня горш за спэцыяліста. Бо Аляксандар — шляхціц, а Судзілы — шляхецкая вёска. І ягоныя дзяды, і ягоныя прадзеды былі шляхціцамі. А непадалёк ёсьць мужыцкія вёскі. Дзе, па словах Аляксандра, і гаспадары былі не такія руплівыя, і норавы панавалі іншыя.

— Конь з валом не часаўся, а шляхціц з мужыком ня знаўся. У іх жа, як гуляюць мужычкі, на вясельлі ці дзе, абавязкова пабіцца трэба. Калі бойні няма, то гэта не вясельле. У мужычкоў. А ў нас гэта сорам і ганьба. У шляхты. Мужык, як падпіў, пачынае — спалю, заб’ю. А нашы зьбіраюцца, гуляюць, песьні пяюць, танцуюць. Стаканамі пілі, і нічога. А ім толькі біцца. Чуць што ня так сказаў, спаляць.

Мы ідзем у госьці да шляхцянкі Ніны Мартышэўскай. Ужо даўно пачалося ХХІ стагодзьдзе. Але памяць пра шляхецтва і мужыцтва на беларускім далёкім усходзе жыве і па сёньня. Вось праехаў на калёсах нейкі дзядок. І Аляксандар крыху насьцярожыўся.

— Во едзе.

— Гэта хто?

— Ягоны бацька лютаваў у калектывізацыю. Так лютаваў! З вайны як ішоў, тут яго забілі. У Клімавічах сустрэлі і забілі.

Ніна Ціхонаўна Мартышэўская, усьмешлівая старая, сядзіць на сонечным ганку і ўсьміхаецца восеньскай пагодзе. Загаманілі пра «мужыкоў».

— Яны шкодныя людзі. Шляхта лепшая была. Прасьцей была. Далібог, прасьцей.

— Раней рэдка хто возьме мужычку замуж. Стараліся шляхта са шляхтай. І хараніліся асобна. Так, Ціхонаўна? Мужычкі асобна, а шляхта асобна.

— Былі свае могілкі?

— А як жа.

— Ну, што казаць. У мяне ўсе нявесткі з мужыкоў. Яны ж ня кепскія. Ну, бывала, у дзяцінстве ідуць сабалёўцы. Мы крычым: «Сабалёўцы таўкачы, несьлі сучку на плячы». Дык яны нас бівалі каменьнямі. Дур была. Дзяцінства.

— Яны бедна жылі.

— Ой, бедна. У калодках хадзілі такіх. Стук-стук-стук. Ой, беднасьць была. Сем’і вялікія.

— А скаціну ленаваліся трымаць.

Вядома, такі жорсткі водападзел паміж людзьмі ня мог не адгукнуцца падчас калектывізацыі.

— А можна сказаць, што шляхецкія вёскі раскулачвалі больш, чым мужыцкія?

— У Сабалёўцы нікога не раскулачылі, у Прудку таксама нікога. А ў нас — так.

— Гэта падобна да грамадзянскай вайны. Адных не чапаюць, а другіх чапаюць.

— Сьцяпана засудзілі. Пасеяў авёс. А тут дождж заліў на тыдзень. І не пасьпеў сабраць. Дзесяць гадоў далі. Ваньку Барысіка. У яго алейня была.

— З-за алейні?

— Так.

— Гэта страшны буржуй.

Больш за ўсё я люблю задаваць старым вясковым людзям філязофскія пытаньні. Адказу можна і не пачуць. Але ўжо калі пачуеш, дык адразу дзіву даесься. Адкуль у быццам бы немудрагелістым адказе столькі глыбіні?

— А навошта чалавек жыве тады? Каб радавацца ці каб мучыцца?

— Ведаеце што? Пакуль парадуесься, мукі большай прымеш.

— Пакуль парадуесься, мукі прымеш большай?

— Канечне. Што вы!

Пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі прайшло амаль сто гадоў. А тут, на краі беларускага сьвету, вёскі да гэтае пары дзеляцца на шляхецкія і мужыцкія. Як ні старалася новая ўлада сьцерці гістарычную памяць, а насельнікі былога Мсьціслаўскага ваяводзтва да гэтае пары хаваюць памяць пра сваё шляхецтва. Напрыклад, вёска Сідараўка — шляхецкая. І два яе старажылы, Мікалай Букініч і ягоная жонка, Ніна, адразу гасьцінна ўсьміхаюцца, варта толькі прамовіць слова «шляхта».

— Шляхта больш зажытачная была. А мужыцкі бяднейшыя.

— А ці браліся шлюбам шляхта з мужыкамі?

— Ну, а чаго не? Я асабіста таксама.

— Я мяшанка! Маці мая — шляхцючка. Працуем. Карова, конь, сьвіньні.

— Самі пасеялі жыта. Дзеці дапамагаюць. У нас дзьве дачкі.

— А прозьвішчы адрозьніваліся?

— Так. Тут болей Судзілоўскі, Галкоўскі, Людагоўскі. А там зусім іншыя.

— А вы жывяце на тым месцы…

— Дзе мае бацькі жылі і дзяды. Дзеда майго раскулачылі. Хату аднялі, у Сыбір саслалі. Але ён выжыў. Хату яго забралі пад школу. Ягонай дачкі хату сабе ўчастковы забраў. Вытурылі іх. Хто працаваў, той свалачуга, ідзі ў Сыбір.

Дамы іх прадзедаў, забраныя пад школы і канторы, дзе-нідзе да гэтае пары захаваліся. Ня кажучы ўжо пра зямельныя надзелы. Але былыя шляхцічы нават і ня мараць пра вяртаньне законнай маёмасьці.

— Мікалай Міхайлавіч, а як вы гледзіце на гэтыя хаты? У вас сэрца ня шчэміць?

— Часам думаеш — да чаго ж давялі. А зараз што? Дзяржава сапсавала людзей. Працаваць развучыла, красьці навучыла. Хто тады не працаваў, той і зараз не працуе.

— А хацелі б вы, каб у нас пачалі вяртаць тое, што было падчас рэвалюцыі забрана?

— Зараз бы я ня ўзяў.

— У дзяцей усё сваё.

А вось вёска Сабалёўка — вёска мужыцкая. Хоць гэтае слова ёй зусім не пасуе. Бо разьмешчаная на высокім беразе прыгожай сажалкі. Перад уездам у вёску падарожніка вітае жалезны страўс. Некалькі гадоў таму былую фэрму пераабсталявалі пад страўсіную. Тут гадуюцца дзясяткі экзатычных птушак. Тут можна і яйка страўсінае набыць, і экскурсію вам наладзяць. Вось толькі на заробках птушніц гэта ніяк не адбілася.

— Страўсаў даўно тут разводзяць?

— Ужо гадоў шэсьць.

— А толк ёсьць, што кур замянілі на страўсаў?

— Напэўна, наверсе і ёсьць толк.

— На вашых заробках гэта не адбіваецца?

— Нам выплачваюць грошы, і ўсё. Мільён. Хоць бы гэта выдавалі своечасова.

— Добра што і гэта даюць. Нам ісьці няма куды. Гэта ж ня ў горадзе, што кінуў адну работу, пайшоў на іншую.

У былога настаўніка фізкультуры і патомнага мужыка Гапеева — незвычайнае імя. Віліч! Бо ягоны бацька быў сапраўдным бальшавіком. Падцягнуты і бадзёры стары сваё невысакароднае паходжаньне, як і шляхецкі гонар суседзяў, успрымае з гумарам.

— Бацька мой, калі рэвалюцыя адбылася… Ой, гэта быў ленінец, Божа мой! Майго брата ён назваў Радзівонам, у гонар Радзішчава, другога Юліем, як Цэзара. А мяне — Віліч! Ад ініцыялаў Уладзіміра Ільліча Леніна.

— Вы па пашпарце Віліч?

— Віліч Сямёнавіч.

— А вы, значыцца, «мужычок»?

— Мужычок. Гапееў. Шляхта сканчаецца на «-скі».

— Шляхта была багацейшая?

— Так. Лічылася прывілейнае сялянства. Хто гаспадарку трымаў добра, таму прысвойвалі шляхецтва. Сталі людзі аддзяляцца. Гэтаму прывілейнаму чалавеку большая пашана была, павага ў вёсцы. А мужык — гэта разгільдзяй, гаспадарку вёў абы-як. Шляхецкія вёскі — яны грэбавалі намі. А цяпер усё перамяшалася. Толькі прапануй руку і сэрца — і гатова.

Аказваецца, у мужыцкіх сем’ях разгараліся нежартоўныя палітычныя жарсьці. Дзед пана Віліча, імпэрыяліст Фёдар, ледзь ня выгнаў вернага ленінца-бацьку з хаты.

— Мой дзед гадоў дваццаць адслужыў у царскай арміі. І за цара-бацюхну, калі, Божа збаў, ён табе горла перагрызе. Майго бацьку, дарэчы, недалюбліваў. І зваў яго, як той у партыю Леніна палез, антыхрыстам.

— Многа шляхты вывезьлі на Сыбір, раскулачылі.

— Многа.

— А мужыкоў мала.

— Мала. Але раскулачвалі таксама.

— Крыўды пасьля вайны…

— Не было. Ніколі.

Пакуль яшчэ тыповая карціна — мужык сярэдняга веку арэ палетак. Побач гуляюцца малыя дзеці. Жонка прынесла пад’есьці. Прыбяры зь людзей сучаснае адзеньне — і ня скажаш, якое стагодзьдзе на двары.

— Як хочаш, так і выжывай. Калі ня будзеш працаваць, дык паспрабуй, пражыві на мільён. У мяне чацьвёра дзяцей.

— Вы жывяце каля самай Расеі. Няма жаданьня падацца на заробкі?

— Я тут нарадзіўся, тут вырас. Кепска тут ці добра, але на адным месцы і каменьчык абрастае. А сёньня тут, заўтра там… Нідзе нічога добрага ня будзе.

Майму суразмоўцу Івану зусім не да размоваў пра такія глупствы, як шляхецтва. Яму трэба працаваць. Ён не зьбіраецца нікуды зьяжджаць. Як і выказваць пратэст супраць нізкіх заробкаў. У яго задача — падняць дзяцей.

Не магла шляхта, якая насяляла памежжа Вялікага Княства цэлымі вёскамі, сысьці ў нябыт. Яскравы прыклад таго — сын Аляксандра Галкоўскага, Алесь. Студэнт Унівэрсытэту культуры і мастацтваў, што прыехаў дапамагчы бацькам сабраць буракі. Вядома, ён беларускамоўны. Канечне, глыбокі знаўца гісторыі свайго краю. Безумоўна, чалавек, які бачыць сваю будучыню толькі ў сваёй краіне. Ягоныя разважаньні падаліся мне надзвычай цікавымі. Гэта думкі 22-гадовага чалавека, які жыве ў беларускамоўным асяродзьдзі, што налічвае не дзясяткі, як у 80-я, і ня сотні, як у 90-я, а тысячы маладых людзей.

— Уратаваць Беларусь… Позна піць баржомі. Усё лепшае вынішчылі ў народзе. Мы зараз нацыя прыстасаванцаў. Шчыра кажучы, калі б мне прапанавалі пайсьці ў рэзэрвацыю, як індзейцу, я б бяз роздумаў сышоў. Я б кінуў усё на волю лёсу і пайшоў. Я ведаў бы, што я буду зь людзьмі, роднымі па духу. Зь якімі я сябе пачуваю родным. Фолк-фэст «Камяніца», там некалькі тысяч зьбіраюцца, але гэта вартыя людзі. Я не баюся пакінуць сярод поля свае рэчы, заплечнік, мабільнік, фотаапарат. Я не баюся. Бо ведаю, што знаходжуся сярод такіх жа аднадумцаў, як і я. І таму я б бяз роздумаў сышоў бы ў рэзэрвацыю.

— Мой уласны досьвед — так званае «гета» пашыраецца. Але ці дасьць яно плён, аднаму Ўсявышняму вядома. «Справа беларушчыны не павінна распаўсюджвацца толькі на ўнутрана замкнёны мікрасоцыюм». Два гады таму я сфармуляваў гэты выраз у сваёй галаве. А зараз лаўлю сябе на думцы — а можа, так і трэба? Можа, лепш, калі ёсьць «беларусы рускамоўныя» і «беларусы сапраўдныя»? Каторыя шануюць свае карані, ведаюць сваю гісторыю, культуру. Хай лепш будзе так. Яны так жывуць, мы так жывем. Хай гэта будзе сьвядомая самаізаляцыя. Але гэта варта таго. У нас свае погляды на жыцьцё. У нас не нараджаюцца, а становяцца беларусамі. Калі ты размаўляеш па-беларуску, гэта падсьвядома вымагае іншых паводзінаў ад чалавека. Возьмем маё кола беларускамоўных сяброў. Абсалютная большасьць — гэта людзі вартыя. У якіх духоўныя ідэалы стаяць на высокім месцы. Якім ня трэба ў першую чаргу напхаць страўнік.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG