Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку — мэханізм, потым — адзіны кандыдат на прэзыдэнта


Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч заявіў пра гатоўнасьць стаць адзіным дэмакратычным кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году. Таксама на справаздачна-выбарнай канфэрэнцыі руху, якая адбылася 20 кастрычніка, было прапанавана вызначыць «адзінага» да канца кастрычніка 2013 году. Як ставяцца да гэтых прапаноў іншыя апазыцыйныя палітыкі?

Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што адпрацуе ня горш, чым на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году, калі ён быў адзіным кандыдатам ад дэмсілаў. Калі ж выберуць іншага, то лідэр руху «За свабоду» паабяцаў працаваць на яго. Паводле першага намесьніка старшыні руху Юрася Губарэвіча, на карысьць кандыдатуры Мілінкевіча тое, што гэты палітык мае рэальную палітычную вагу, палітычны і жыцьцёвы досьвед.

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

«Для нас не самамэта — вылучэньне прадстаўніка Руху адзіным кандыдатам. Але мы разумеем, што працэс, вынікам якога стане згода ўсіх адказных палітычных суб’ектаў і будзе абраны адзіны кандыдат, вельмі важны на сёньняшнім этапе для дэмсілаў Беларусі. На наш погляд, павінна быць адна кандыдатура, якую падтрымае шырокая дэмакратычная апазыцыйная супольнасьць. Бо вынікі кампаніі, калі кожная структура вылучала свайго кандыдата ў 2010 годзе, мы бачылі. Гэта прывяло да таго, што апазыцыя была разгромленая і на сёньня няма відавочнага лідэра нават сярод тых, хто быў кандыдатам у 2010 годзе».

Рух «За свабоду» прапануе абраць адзінага ў 2013 годзе, каб мець час і магчымасьць папулярызаваць яго ўжо падчас кампаніі мясцовых выбараў. Што да самой працэдуры абраньня, то рух, як там заяўляюць, трымаецца поглядаў, блізкіх да Партыі БНФ і кампаніі «Гавары праўду». Як ставіцца да жаданьня Мілінкевіча стаць адзіным кандыдатам Уладзімер Някляеў?

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

«Калі спадар Мілінкевіч сказаў пра сваю гатоўнасьць прэтэндаваць на тое, каб быць адзіным кандыдатам ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году, значыць, ён гатовы. І ў гэтым яго падтрымаў рух „За свабоду“. Перш за ўсё апазыцыі неабходна дамовіцца пра адзін мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата. Калі гэты мэханізм будзе, а пакуль што апазыцыя безь вялікага імпэту пра гэта дамаўляецца, тады можа быць і размова пра адзінага кандыдата. Пакуль жа ўсе размовы і ўсе вылучэньні я лічу бессэнсоўнымі. Да гэтага вызначэньня адзінага мэханізму».

Партыя БНФ прапануе вылучыць адзінага кандыдата на кангрэсе дэмсілаў. Раней старшыня партыі Аляксей Янукевіч таксама казаў пра гатоўнасьць вылучыцца кандыдатам у прэзыдэнты. Ён лічыць пазытыўным рашэньне Аляксандра Мілінкевіча.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«У сёньняшніх умовах вельмі важна не адкідаць ніякія кандыдатуры адразу. А самае галоўнае — гэта паспрабаваць, а гэта цалкам магчыма пры наяўнасьці палітычнай волі ўсіх суб’ектаў, арганізаваць шырокі, легітымны, дэмакратычны працэс, і няхай у ім бярэ ўдзел самы шырокі спэктар прэтэндэнтаў. На сёньняшні момант я лічу, што шмат ёсьць асобаў, у тым ліку Мілінкевіч, якія могуць насамрэч аб’яднаць».

АГП прапануе для абраньня адзінага кандыдата праймэрыз. Камэнтуючы намер Мілінкевіча стаць гэтым адзіным, старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў, што яго партыя «не выдае ліцэнзіяў на кандыдацтва ў прэзыдэнты. Людзі могуць не зьвяртацца ў АГП і вырашаць гэтае пытаньне самастойна». Ён лічыць, што трэба казаць пра працэдуру, «бо такіх, як Мілінкевіч, можна прапанаваць 10–15». Адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі таксама падтрымлівае праймэрыз для вылучэньня адзінага кандыдата.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Меркаваць, хто будзе адзіным, мусяць грамадзкія актывісты. У Мілінкевіча няма ніякіх шанцаў стаць адзіным кандыдатам у выпадку такога адкрытага выказваньня грамадзкай думкі. Многія рэчы, якія ён рабіў за гэты час, не адпавядалі чаканьням беларускага грамадзтва».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG