Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаргінец: Ня справа, калі некаторыя адчуваюць сябе тут гаспадарамі


Бойка на рынку ў Ждановічах паміж цыганамі і выхадцамі з Каўказу суправаджалася стралянінай і скончылася масавымі затрыманьнямі.

Каля паўсотні чалавек (усе — грамадзяне Расеі) пайшлі ўрукапашную адзін на аднаго, больш за 40 з абодвух бакоў арыштаваныя і чакаюць суду. Сама меней чатыры параненыя, іх даставілі ў шпіталь. На думку экспэртаў, пачынае даваць нэгатыўны плён міграцыйная палітыка беларускіх уладаў, якая спрыяе некантраляванаму знаходжаньню ў краіне тысяч няўлічаных іншаземцаў, пераважна з Усходу.

Масавая бойка адбылася пасярод дня 20 кастрычніка на вачох у сотняў наведнікаў ждановіцкага рынку. Як кажуць відавочцы, канфлікт разгарэўся з таго, што прадавец і пакупнік не сышліся ў цане на мабільны тэлефон, якія цыганы прадаюць з рук. Лаянка хутка перарасла ў кулачныя аргумэнты, на дапамогу сваім кінуліся іх суайчыньнікі.

Як паведамілі ў міліцыі, падчас высьвятленьня адносінаў адзін з удзельнікаў бойкі дастаў траўматычны пісталет і пачаў страляць у натоўп. Некалькі чалавек былі параненыя, а самога стралка моцна зьбілі. Як кажа супрацоўнік прэсавай службы менскай міліцыі Яўген Сачэк, каб не апэратыўнае ўмяшаньне, усё магло б скончыцца ахвярамі:

«Міліцыя атрымала сыгнал аб здарэньні, і неадкладна ўсе нарады, якія знаходзіліся паблізу, былі накіраваныя да гандлёвага дома „Ждановічы“. Прыбылі туды супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы, палку патрульна-паставой службы, Дзяржаўтаінспэкцыі, а таксама байцы атраду міліцыі асаблівага прызначэньня. Дадзены канфлікт хутка быў лякалізаваны, і ў выніку ўдзельнікі масавай бойкі былі дастаўленыя ў Цэнтральны РАУС Менску».

Пад вартай 43 чалавекі. Цяпер высьвятляюць асобы затрыманых і акалічнасьці канфлікту, што будзе мець значэньне для прававой ацэнкі інцыдэнту. Не выключаецца, што завядуць крымінальную справу.

Многія назіральнікі лічаць, што сапраўднай прычынай бойкі стала не незгаворлівасьць наконт цаны, а падзел сфэраў уплыву. Каўказцы таксама хочуць гандляваць шырспажывам, а цыганскія калегі іх у гэты сэктар не пускаюць.

Бальшыня сталічных рынкаў даўно «акупаваная» замежнікамі. Прычым у гандаль яны інтэгруюцца ўжо зь дзяцінства. На паркоўках сярод машын сноўдаюць дзясяткі цыганятаў, прапануючы мабільныя тэлефоны, відэакамэры, нават бэнзапілы. Аляксандар Макаеў шмат гадоў адпрацаваў на рынку ў Ждановічах і кажа, што пашырэньне шэрага бізнэсу — адзін з вынікаў наступу на беларускіх прадпрымальнікаў:

Аляксандар Макаеў

Аляксандар Макаеў

«Такі шэры гандаль мабільнікамі ды іншым набыў сапраўды шырокі маштаб. І я лічу, што гэта наўпроставы вынік уціску прадпрымальнікаў. Бо шэры бізнэс асабліва пашырыўся з таго часу, як у прадпрымальнікаў забралі найманых работнікаў, калі падаткі пачалі рэзка расьці. Таму гэта наступствы менавіта дзяржаўнай палітыкі, што даём квітнець такому бізнэсу. Што тычыцца ўвогуле праблемаў міграцыі, то ў нас заўжды гавораць пра талерантнасьць беларусаў. Тыя ж цыганы ў нас ёсьць і свае, і прыежджыя, і ніхто нічога супраць ня мае. Але, зразумела, калі б у нас была мяжа з Расеяй, то, вядома, было б менш крыміналу. Бо калі мяжа адчыненая, то гэта аўтаматычна дазваляе тут атабарвацца ўсялякім падазроным элемэнтам».

Міліцэйскі генэрал у адстаўцы Мікалай Чаргінец кажа, што надзвычайнае здарэньне ў Ждановічах падкрэсьліла праблему са статусам іншаземцаў, многія зь якіх маюць яўна крымінальнае мінулае:

Мікалай Чаргінец

Мікалай Чаргінец

«За страляніну трэба проста браць пад белы ручкі, у кайданкі — і ў турму. Тут абсалютна зразумела. Трэба рабіць больш жорсткім кантроль за выкананьнем законаў і ў выпадку іх парушэньня спаганяць па ўсёй строгасьці — на навуку іншым. Мы часта забываемся пра такое паняцьце, як прафіляктыка правапарушэньняў. І на гэтым рынку трэба было б неадкладна (пасьля таго як будуць прынятыя меры) разьвесіць абвесткі, якое пакараньне яны панесьлі. Каб іншыя чыталі і было непанадна. Прычым ня толькі па-расейску, а — з улікам таго, што ёсьць пэўныя групы, дзе значная колькасьць іншай нацыянальнасьці, — на іх мове павесіць таксама. Вядома ж, нядобра, калі асобныя адчуваюць сябе тут гаспадарамі. Трэба наводзіць парадак, і гэта зараз залежыць больш ад міліцыі, увогуле ад праваахоўнай сыстэмы».

Карэспандэнт: «Бальшыня карыстаецца адкрытымі межамі з Расеяй. Гэтаму можна супрацьстаяць?»

«Гэта так, вядома, але ў Эўразьвязе такі ж малюнак, на жаль. Калі пачаць абмяжоўваць, вы ж разумееце, правы чалавека адразу ж усплывуць. Тыя ж расейцы скажуць: мы вас не абмяжоўваем, а вы нас абмяжоўваеце. Трэба больш жорстка сачыць за тымі, хто аднойчы парушыў наш закон і потым зноў зьяўляецца ў Беларусі. Напэўна, такіх трэба сапраўды абмяжоўваць».

Дзейнае заканадаўства не дае магчымасьці нават дэпартаваць непажаданых мігрантаў, бо грамадзяне так званай саюзнай дзяржавы маюць аднолькавыя правы і могуць бесьперашкодна знаходзіцца на тэрыторыі Расеі і Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG