Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд за кубікі перанесьлі на 29 кастрычніка


Працэс над удзельнікамі арт-праекту Going Public працягнецца 29 кастрычніка. Так вырашыла судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Тацяна Ткачова.

Суд над Уладзіславам Лук’янчуком і Алегам Давыдчыкам пачаўся раніцай 22-га.

«Сьведкі з боку міліцыі ў суд не зьявіліся. У выніку судом былі заслуханыя паказаньні Лук’янчука і Давыдчыка, якія адмаўлялі, што аказвалі супраціў супрацоўнікам міліцыі пры затрыманьні. Таксама былі заслуханыя паказаньні сьведкі зь іх боку Міхаіла Гуліна. Усе яны распавялі, што да іх ужывалі сілу як пры затрыманьні, так і ў міліцыі Цэнтральнага раёну Менску, куды іх даставілі, то бок зьбівалі іх у аддзяленьні міліцыі», — заявіла БелаПАН кіраўніца Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова.

Яна адзначыла, што на 29 кастрычніка прызначаны суд над Міхаілам Гуліным і яшчэ адным удзельнікам гэтага ж інцыдэнту. «Судзьдзя прыняла рашэньне аб’яднаць гэтыя справы ў адну вытворчасьць — мы зьдзіўленыя, што гэтага не было зроблена раней. Акрамя таго, яна прыняла рашэньне аб яўцы ў суд у абавязковым парадку супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі мастакоў, і тых, хто іх, як мяркуецца, зьбіваў. Судзьдзя таксама прыняла рашэньне накіраваць запыт аб прадстаўленьні суду запісаў з камэр відэаназіраньня, усталяваных на Кастрычніцкай плошчы», — паведаміла Танкачова.

Гулін у судзе заявіў, што міліцыя яму дагэтуль не вярнула скульптуру. «Судзьдзя высьветліла, што пратакол аб канфіскацыі скульптуры не складаўся, і выказала відавочнае зьдзіўленьне, сказаўшы, што ў Гуліна няма перашкодаў, каб забраць скульптуру», — адзначыла Танкачова.

9 кастрычніка Лук’янчука, Давыдчыка і Гуліна затрымалі на Кастрычніцкай плошчы. Яны дапамагалі ладзіць пэрформанс «Пэрсанальны манумэнт», які адбываўся ў рамках міжнароднага арт-праекту «Going Public. Пра цяжкасьці публічнага выказваньня».

Удзельнікі пэрформансу насілі па горадзе жоўты паралелепіпэд і тры ружовыя кубы, усталёўвалі іх на плошчах і фатаграфавалі.

16 кастрычніка пасьля размовы з адміністрацыяй архітэктурнага факультэту Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту мастак напісаў заяву на звальненьне па ўласным жаданьні. Міхаіл Гулін працаваў старшым выкладчыкам на катэдры «Малюнак, акварэль і скульптура» два месяцы. Гуліна, трох ягоных памочнікаў і журналістку Тацяну Гаўрыльчык затрымалі 9 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы.
XS
SM
MD
LG