Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Музыкі ажывілі нямое беларускае кіно


19 і 20 кастрычніка ў Беластоку прайшла прэм’ера нанава агучаных фільмаў «Кастусь Каліноўскі» і «Ў агні народжаная», зьнятых у 20-х гадах на кінастудыі «Белдзяржкіно».

Сэрыя кінаканцэртаў мае назву «Тузін. Немаўля».

«Немаўля» — таму што кіно нямое і першае для Беларусі. «Немаўля» — значыць нешта зусім новае. Гэты арт-праект — абсалютна нябачаная да гэтага зьява. «Немаўля» з націскам на «ля» ёсьць спалучэньнем кіно і музыкі«, — патлумачыў аўтар ідэі Сяргей Будкін.

Кінаканцэрты прайшлі ў Эўрапейскім цэнтры мастацтва ў Беластоку. Беластачане ўбачылі «Тузін. Немаўля» першымі, бо, паводле Сяргея Будкіна, тут аказалася прасьцей арганізаваць паказы, да таго ж залі новага будынка даюць шмат тэхнічных магчымасьцяў.

Забытую прафэсію тапёра — музыкі, які суправаджаў паказы нямых фільмаў — апрабавалі кампазытар Сяргей Пукст і гурт «RE1IKT».

Сяргей Пукст граў на фартэпіяна падчас фільму «Кастусь Каліноўскі». Гэтае кіно, зьнятае на хвалі беларусізацыі, у 1928 годзе, прысьвечана «першаму беларускаму рэвалюцыянэру» Кастусю Каліноўскаму. Тагачасныя кінакрытыкі назвалі фільм «першым беларускім баевіком».

Кіно 1930 году «Ў агні народжаная» агучваў гурт «RE1IKT». Арганізатары лічаць, што гэтая стужка — «унікальная магчымасьць паглядзець вачыма савецкіх прапагандыстаў на падзеі 1919–1920 гадоў, калі вялося змаганьне за незалежнасьць краіны».

Менская прэм’ера праекту «Тузін. Немаўля» адбудзецца 22 і 25 лістапада ў LOFT CAFÉ. Таксама публіцы прадставяць фільм 1927 году «Прастытутка», музыку пад які зайграе беластоцкі гурт «ILO&Friends».
XS
SM
MD
LG