Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роля сацыяльных сетак у Беларусі – на Форуме 2000 у Празе


Аляксандар Мілінкевіч выступае на "Форуме 2000" у Празе

Аляксандар Мілінкевіч выступае на "Форуме 2000" у Празе

У Празе распачаў працу традыцыйны міжнародны «Форум 2000», гэтым разам без удзелу Вацлава Гаўла. Гаворка на ім пойдзе ў тым ліку і пра Беларусь.

Урачыстае адкрыцьцё адбылося напярэдадні 21 кастрычніка. Перад прысутнымі выступіў брат былога прэзыдэнта Іван Гавал, ён казаў пра важнасьць трымацца каштоўнасьцяў.

Былая прэм’ерка Славаччыны Івэта Радзічава казала пра тое, што мэдыі ўтвараюць «фіктыўную спрошчаную рэчаіснасьць», што «людзі з-за мэдыяў перасталі думаць». Легендарная амэрыканская сьпявачка Джоан Баэз выканала некалькі гітоў.

У першым пленарным паседжаньні раніцай 22 кастрычніка форуму ўзялі ўдзел некалькі соцень чалавек, выступіў сярод іншых старшыня руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Ён казаў, што не прымае гвалтоўных мэтадаў барацьбы, што дэмакратызацыя павінна наступіць без крыві, што галоўная праблема Беларусі — не ў Лукашэнку, а ў галовах людзей.

Зь беларусаў у форуме бяруць удзел Аляксандар Атрошчанкаў, Вінцук Вячорка, Людміла Гразнова, Аляксандр Мілінкевіч, Алесь Лагвінец і Франак Вячорка. На форум першапачаткова быў запрошаны Алесь Бяляцкі. «Беларускія» круглыя сталы будуць прысьвечаныя сацыяльным сеткам і сытуацыі з мэдыямі ў Беларусі.

Штогадовае спатканьне палітыкаў і інтэлектуалаў было ўпершыню арганізаванае ў 1997 годзе зь ініцыятывы тагачаснага чэскага прэзыдэнта Вацлава Гаўла. Гавал, які меркаваў правесьці толькі адну такую імпрэзу, заставаўся да апошняга адным з арганізатараў і мэцэнатаў «Форуму 2000». Гэты першы Форум без удзелу Гаўла.

Сёлетняя сустрэча, прысьвечаная узаемадачыненьням паміж мэдыямі і палітыкай, традыцыйна сабрала шмат вядомых асобаў, сярод якіх былы дзяржсакратар ЗША Мадлен Олбрайт, былы прэзыдэнт Румыніі Эміль Канстанцінэску, міністар замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнберг, навуковец і брат былога прэзыдэнта Іван Гавал, адзін зь лідэраў бірманскай апазыцыі і паплечнік Аун Сан Су Чжы — Ко Ко Джы, эўракамісар Штэфан Фюле і многія іншыя

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG