Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле вынікаў сацапытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, байкот мінулых парлямэнцкіх выбараў не адбыўся ў большасьці краіны за выключэньнем Менску.

Разам з тым людзі ня ведаюць прозьвішчаў сваіх дэпутатаў і ніякіх спадзяваньняў на Палату прадстаўнікоў не ўскладаюць. Арганізатары байкоту перакананыя, што сацыёлягі ня ўлічваюць «папраўку на страх».

Паводле вынікаў нацыянальнага сацыялягічнага апытаньня, праведзенага НІСЭПД неўзабаве пасьля выбараў, прынялі ўдзел у галасаваньні 66,4 працэнта выбарцаў, у тым ліку 17,4% — датэрмінова. Сьвядома байкатавалі выбары каля 10 працэнтаў апытаных, чвэрць не галасавала зь нейкіх іншых прычын. Толькі ў Менску яўка склала меней за палову — 44 працэнты, сьцьвярджаюць сацыёлягі. Іхнія лічбы разыходзяцца з афіцыйнымі зьвесткамі — яўка, паводле ЦВК, склала 74,3 працэнта, у тым ліку датэрміновая — 26%. Але вынікі апытаньня таксама не на карысьць арганізатараў байкоту, які, паводле прафэсара Алега Манаева, у цяперашніх умовах нерэальны. Людзі ідуць на ўчасткі, нягледзячы на тое, што 57 працэнтаў апытаных ня ведаюць прозьвішчаў сваіх дэпутатаў і ня зьвязваюць зь імі нейкіх спадзеваў, кажа спадар Манаеў:

Алег Манаеў

Алег Манаеў

«Ніякага іншага мэханізму выказваць сваю волю, настроі, пажаданьні людзі ня ведаюць... Гэта такое складанае сацыяльна-палітычнае пачуцьцё ў цэлым у народу: з аднаго боку, людзі ня вераць, што гэты парлямэнт у прынцыпе нешта можа рабіць і што іх галасы будуць улічаныя. Зь іншага боку, яны лічаць, што штосьці трэба рабіць, неяк выказваць сваю волю. А з трэцяга боку, да другой нейкай магчымасьці, ну, як выйсьці на Плошчу, — да гэтага яны яшчэ не гатовыя».

Апрача іншага, сацыёлягі зафіксавалі рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі на ўзроўні 31.6%. Фактычна ягоны ўзровень падтрымкі ў грамадзтве апошнім часам застыў на лічбе ў 30 працэнтаў. Алег Манаеў мяркуе, што на гэта ўплывае цяперашняя мінімальная эканамічная стабілізацыя і насьцярожанае стаўленьне людзей да эканамічных працэсаў, боязь за сваю будучыню:

«Няўпэўненасьць, сумненьне, асьцярожнасьць тут і праяўляецца. Гэта кажа пра тое, што калі ўлады ў бліжэйшыя месяцы ня знойдуць выйсьця, альбо рэзка не павысяць сацыяльна-эканамічны ўзровень, матэрыяльны дабрабыт людзей, альбо не прыдумаюць што іншае, то гэтая няўстойлівасьць можа скончыцца тым, што, як і летась, рэйтынг можа сасьлізнуць уніз».

Анатоль Лябедзька, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі, перакананы, што зьвесткі НІСЭПД тут не адлюстроўваюць, так бы мовіць, «папраўкі на страх», і насамрэч рэйтынг Лукашэнкі разы ў два ніжэйшы:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Пытаньне, можа, і ня толькі да сацыёлягаў. Калі людзей пытаюць, як вы пэрсанальна ставіцеся да Лукашэнкі, то многія чакаюць правакацыяў. Колькі людзей вымушана даваць няшчырыя адказы, мне складана сказаць. Але думаю, што жорсткіх прыхільнікаў, фан-клюбу Аляксандра Лукашэнкі сёньня ня больш за 15–17 працэнтаў. Гэта тыя, хто верыць у яго сьвята. І гэта адчувалася па выбарчай кампаніі».

Анатоль Лябедзька, адзін з арганізатараў кампаніі байкоту выбараў у Палату, таксама ня згодны з высновамі сацыёлягаў, што выбары адбыліся:

«Я ўсё ж прытрымліваюся іншай пазыцыі і іншых лічбаў. Лічбаў, якія выкладзеныя нашымі назіральнікамі. Я ня бачу абсалютна ніякіх падстаў, каб не давяраць тым людзям, якія былі на выбарчых участках і якія фіксавалі рэальную яўку па галовах цягам шасьці дзён. Прычым ня толькі па Менску. Гэта і Берасьце, і Магілёў, і Гомель, і Барысаў, і Салігорск — паўсюль зафіксавана, што яўкі не было».

Сярод іншых вынікаў апытаньня НІСЭПД варта зьвярнуць увагу на рост з чэрвеня па верасень долі прыхільнікаў далучэньня Беларусі да Эўрапейскага зьвязу з 40 да 44 працэнтаў і на заяву траціны апытаных, што цягам апошніх трох гадоў іх крыўдзілі прадстаўнікі ўладаў.

43 працэнты апытаных выказалі перакананьне, што «Белтрансгаз» нельга было прадаваць Расеі, а 58,7 працэнта рэспандэнтаў заявілі, што «Беларуськалій» нельга прадаваць ні за якія грошы.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG