Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскае выданьне «Коммерсант» прыходзіць да высновы, што Беларусь стаіць на парозе новага эканамічнага крызісу.

Пэнсіянэры ў асобных гарадах — Менску, Берасьці, Горадні і некаторых іншых — праводзяць па паўдня ў чэргах ля пунктаў абмену валюты у надзеі купіць $ 50-100. Усе выдатна памятаюць сытуацыю двухгадовай даўніны: тады з абменьнікаў даляры зьніклі, а на чорным рынку прадаваліся ў 2-2,5 разы даражэй за афіцыйны курс.

Валютчыкі пакуль не прачнуліся: гандаль далярамі на рынках ніхто не вядзе, але прадаўцы бытавой тэхнікі ўжо вельмі неахвотна прадаюць свой тавар за рублі. Валютчык Уладзімер зь Менску кажа, што сэзон павінен пачацца ўжо ў лістападзе-сьнежні: спэкулянты спадзяюцца, што глыбіня дэвальвацыі складзе мінімум 20-30%. Падчас папярэдняга абвалу «зайчыка» Уладзімер за чатыры месяцы зарабіў на трохгадовую Audi коштам $ 40 тыс.

Нядзіўна, што насельніцтва скупляе валюту. Па дадзеных Нацбанка, у верасьні на ўнутраным рынку купля перавысіла продаж на $ 611,3 млн. Такога ўзьлёту попыту на валюту ў Беларусі не бачылі ўжо як мінімум год.

Спажывецкія цэны ў Беларусі сапраўды растуць хутчэй, чым у любой іншай краіне былога СССР

Адначасна, як і падчас папярэдняга крызісу, спрабуючы абараніцца ад дэвальвацыі і інфляцыі, беларусы актыўна затаварваюцца прадуктамі на запас. «Атрымала пэнсію — тут жа 70% выдаткавала на грэчку, рыс, макароны і на мяса ў маразілку, — разважае пэнсіянэрка Лідзія Міхайлаўна зь Менску. — Да канца месяца, калі новую пэнсію дадуць, кошты ўжо будуць нашмат вышэй. Таму тое, што не псуецца хутка, я купляю заўсёды наперад ».

Спажывецкія цэны ў Беларусі сапраўды растуць хутчэй, чым у любой іншай краіне былога СССР: за студзень-жнівень — рост на 14,6%, сьведчыць афіцыйная статыстыка. Між тым любы, хто ходзіць у Беларусі ў прадуктовыя крамы, скажа вам, што з пачатку года рэальная інфляцыя ў краіне склала як мінімум 30-40%. Але нават афіцыйныя паказчыкі значна вышэй, чым у суседзяў. Расея, напрыклад, паведамляе пра рост коштаў на 4,6%, Казахстан — на 3,2%, Літва — на 2,5%. Ва Ўкраіне так і зусім дэфляцыя — мінус 0,2%.

У кастрычніку ў Менску ўжо падаражэлі праезд у грамадзкім транспарце (цяпер — прыкладна $ 0,2 за адну паездку) і бэнзін (літар 92-га бэнзіну — каля 85 цэнтаў). Таксама ў гэтым месяцы чакаецца рост коштаў на сьвініну і ялавічыну прыкладна на 30%. Сёньня кіляграм сьвініны ў Менску каштуе $ 8-8,5.

Беларускі эканаміст, дырэктар аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка ўпэўнены, што дэвальвацыя беларускага рубля наўрад ці здарыцца да канца года. Затое на пачатку 2013 года яна непазьбежная. Па-першае, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад ураду дамагчыся ў 2013 годзе росту ВУП на 8,5%. Па-другое, у краіне зноў пачаўся неабгрунтаваны рост заробкаў: напярэдадні выбараў, як і ў канцы 2010 года, ўлады падвысілі заробкі бюджэтнікам і міліцыянтам. Нарэшце, па-трэцяе, беларуская прамысловасьць дэманструе рэзкае падзеньне паказчыкаў па экспарту, а гэта значыць, што ёй неўзабаве можа спатрэбіцца дадатковы стымул. Лепшы стымул, чым дэвальвацыя, улады да гэтага часу не прыдумалі.

Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў дадае: кошты ў краіне растуць з-за працы «друкаванага станка»: «На сёньня ў эканоміку ўкінутыя на 10% больш новых грошай, чым плянавалася на ўвесь год». Ён указвае на тое, што з пачатку года заробкі беларусаў вырасьлі на 40%, а ВУП — толькі на 2,5%.

Поўны тэкст публікацыі глядзіце тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG