Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі аднаўляюцца «дошкі ганьбы»


Дошка ганьбы ў Магілёве, 20 кастрычніка 2012 году
Дошка ганьбы ў Магілёве, 20 кастрычніка 2012 году

Віцебскія і магілёўскія камунальнікі папярэджваюць, што імёны даўжнікоў будуць публікавацца на ўваходах у крамы і перадавацца ў мэдыі.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», на пад’ездах жылых дамоў у Віцебску зьявіліся абвесткі пра тое, што камунальнікі Кастрычніцкага раёну за пратэрміноўку платы за кватэру і выгоды адключаць даўжнікам гарачую ваду і сьвятло. А прозьвішчы тых, хто запазычыўся, перададуць для публікацыі ў мэдыі, вывесяць на крамах і на пад’ездах, каб прысароміць перад суседзямі.

Пагрозы ў абвестках складаюць пяць пунктаў. Частку зь іх камунальнікі ўжо ўвасаблялі ў жыцьцё: тут жа на пад’ездах вывешвалі сьпісы даўжнікоў, нумары іхных кватэр, а таксама сумы, не заплочаныя па рахунках.

Леанід Гаравы, грамадзкі актывіст з Гарадка, лічыць гэткую практыку камунальнікаў прыніжальнай для чалавечай годнасьці — хай сабе той чалавек і даўжнік «са стажам».



"Дошка ганьбы" - у Віцебску, фота Spring96.org
"Дошка ганьбы" - у Віцебску, фота Spring96.org


Спадар Гаравы нагадаў, што ў Гарадку ўжо ня першы год сьпісы тых, хто запазычыўся з плацяжамі, вывешваюць на так званай «Дошцы ганьбы»:

«Ні ў водным эўрапейскім горадзе камунальныя службы не ідуць на парушэньне права грамадзянаў на недатыкальнасьць прыватнай інфармацыі. Толькі суд можа прыняць рашэньне наконт адкрытасьці прыватнай інфармацыі аб даўгах. Але ніякі суд у цывілізаванай краіне ня будзе даваць дазволу на дасудовае ганьбаваньне грамадзянаў. Юрысты Гарадоцкага прадпрыемства кацельных, разам зь яго кіраўніцтвам не абцяжарваюць сябе пытаньнямі законнасьці сваіх дзеяньняў. Па выніках апошняга месяца лета на «дошку ганьбы» занесеныя прозьвішчы 132 спажыўцоў, якія маюць запазычанасьць за ацяпленьне і паслугі ЖКГ. Дарэчы, і ўзьдзеяньне гэтай дошкі — мінімальнае. Ад зьяўленьня дошкі ганьбы ці іншых спробаў «прысаромець» даўжнікоў грошай у іх не дадасца. Дык і плаціць людзі будуць па магчымасьці».

Паводле закону, неплацельшчыкаў могуць перасяліць у іншае жытло — меншай плошчы або зь меншым аб’емам выгодаў. Але такога жытла ў Віцебску бракуе. Таму камунальнікі імкнуцца спагнаць зь людзей грошы, прыніжаючы іхныя гонар і годнасць, — кажа Гаравы.

Як стала вядома Радыё Свабода, падобныя абвесткі зьявіліся ў Магілёве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG