Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч гатовы стаць адзіным кандыдатам


Аляксандар Мілінкевіч, архіўнае фота
Аляксандар Мілінкевіч, архіўнае фота

Старшыня руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч гатовы прэтэндаваць на статус адзінага дэмакратычнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 года.

Пра гэта ён заявіў 20 кастрычніка ў Менску падчас правядзеньня справаздачна-выбарнай канфэрэнцыі Руху.

«Я сябе ніколі не адчуваў такім маладым, як сёньня, але мне 65 гадоў. Аднак я не адмаўляюся ад таго, каб прэтэндаваць на статус адзінага кандыдата, адпрацаваць не горш, чым у 2006 годзе. Але абяцаю: калі абяруць іншага адзінага кандыдата, то буду працаваць на яго», — сказаў палітык.

Пры гэтым Мілінкевіч лічыць, што «не трэба адразу ўсіх заганяць у адзінства». «Калі група ўплывовых арганізацый гатова працаваць на яго абраньне (адзінага кандыдата), то трэба сустракацца і размаўляць», — адзначыў лідэр Руху.

Мілінкевіч лічыць вельмі небясьпечным для апазыцыі тое, што яна «ўвесь час канцэнтруецца на адным Лукашэнку». «Гэта ўжо становіцца нашым комплексам. Праблема не ў Лукашэнку, а ў тым, што робіцца ў галовах людзей. Прыбярэм з галоў людзей Лукашэнку, не будзе яго і ва ўладзе», — заявіў палітык.

Ён адзначыў, што трэба «ісьці да людзей»:

«Калі мы пераможам у іх галовах, то станем самай моцнай арганізацыяй».

Аляксандр Мілінкевіч быў адзіным кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі ад дэмакратычных сіл на выбарах 2006 года.

Рух «За Свабоду» лічыць найбольш аптымальным вызначыць адзінага кандыдата напрыканцы кастрычніка 2013 года.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG