Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітолягі пра выказваньні Лукашэнкі


У інтэрвію брытанскай газэце The Independent, вытрымкі зь якога апублікавала сёньня прэзыдэнцкая прэс-служба, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня лічыць сябе дыктатарам, а абвінавачаньні ў дыктатуры выклікаюць у яго «пачуцьцё агіды». Што прымусіла Лукашэнку зрабіць такія заявы?

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня можа быць дыктатарам, бо для гэтага ў яго няма адпаведных рэсурсаў. Лукашэнка адзначыў, што гэта наогул супярэчыць яго сутнасьці. А абвінавачаньні ў дыктатуры выклікаюць у яго «пачуцьцё агіды». Камэнтуючы такія прызнаньні кіраўніка Беларусі мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч адзначыў:

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч
«Што тут камэнтаваць? Хлус ён ёсьць хлус. Гэта ня першы раз. Гэты чалавек заўсёды нясе такое, абы яго слухалі. Ён прыстасоўваецца да каштоўнасьцяў і патрабаваньняў слухача. Ён разумее, што ўсе брытанцы маюць каштоўнасьць дэмакратыі, таму ён будзе пеўнем, распускаць хвост як паўлін, паказваць, што ён дэмакрат. Гэта звычайны паранаідальна-ісьцероідны тып паводзінаў. Тут і тлумачыць нічога ня трэба».

Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, гэта традыцыйны матыў, калі Лукашэнка адказвае на пытаньні заходніх журналістаў. Бо галоўнае абвінавачаньне з вуснаў дэмакратычнага сьвету палягае ў тым, што ў Беларусі няма дэмакратыі, а ёсьць дыктатура.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
«І Лукашэнка стараецца, натуральна, як яго вучылі з маладосьці, даваць адлуп праклятым буржуінам, імпэрыялістам. Вось ён і дае як разумее. Аднак яго аргумэнтацыя вельмі такая спэцыфічная. У яго рэфрэн гучыць, што ў нас няма ўмоў для дыктатуры, няма нафты, няма ядзерных ракет. Не ідзе гаворка пра тое, што дыктатура гэта ў прынцыпе брыдка. А вось няма проста рэсурсу, няма ўмоваў для дыктатуры. Пры тым, што ён даволі агрэсіўна дае такія інтэрвію, гучыць такое стоенае жаданьне, каб яго ўсё ж прызналі ў заходнім сьвеце. Гэта такі ўжо зашмальцаваны набор тэзаў, экспартны варыянт. Але як і беларускі тавар матэрыяльнага кшталту ўсё горай ідзе, бо ён не мадэрнізаваны, па саўковых тэхналёгіях зроблены, так і вось гэты ідэалягічны тавар».

Таксама Лукашэнка заявіў, што лічыць Беларусь цэнтрам Эўропы, але яна не можа быць сябрам эўрапейскай супольнасьці з-за непрымальных умоваў, якія высоўваюцца Захадам. Паводле палітоляга Алеся Лагівнца, Лукашэнка чарговы раз прынізіў беларускі народ, кажучы, што беларускі народ не гатовы да дэмакратыі:

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
«Можа Лукашэнка асабіста не гатовы. І вельмі шкада,што за столькі гадоў знаходжаньня на чале дзяржавы ён не ўсьвядоміў, што дэмакратычныя інстытуты ўлады дазволілі б і яму скінуць шмат які груз з плячэй і бачыць квітненьне Беларусі. Ну хоча ён квітненьня Беларусі ці не — гэта іншае пытаньне. Але відавочна — гэта старая кружэлка, старая песьня рэжыму, што беларусы нібыта не гатовыя, што беларусы галасуюць. Хаця мы ведаем, што яны не галасуюць. Права беларусаў выбіраць сваю ўладу даўным-даўно ўкраў Лукашэнка. Таму гэта проста гульня ў вар’ята. Лукашэнка тым і адрозьніваецца, што ён вельмі шчыра можа верыць у тое, што ён кажа. Але тое, што ён кажа вельмі далёкае ад праўды».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG