Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рыхтуецца ўсеагульная мабілізацыя і народнае апалчэньне?


Аляксандар Лукашэнка ўнёс на разгляд Палаты прадстаўнікоў праект зьмяненьняў і дапаўненьняў у Закон аб вайсковым абавязку і вайсковай службе. Згодна з гэтым праектам, усе, хто зьяўляецца ваеннаабавязанымі, у тым ліку, і жанчыны, будуць прызывацца на зборы. Што стаіць за гэтай ўсеагульнай мабілізацыяй.

Раней на вайсковыя зборы (у так званыя «партызаны») не прызывалі настаўнікаў, працаўнікоў сельскай гаспадаркі, чыноўнікаў, намэнклятуру. Згодна з цяперашнімі прапановамі Лукашэнкі, у катэгорыі льготнікаў пакінуць толькі дэпутатаў парлямэнту, суддзяў, пракурорскіх і міліцэйскіх работнікаў. А вось ваеннаабавязаных жанчын таксама абуюць у салдацкія боты.

Былы міністар абароны, генэрал Павал Казлоўскі пажартаваў:

«Можа, прыклад зь Ізраілю бяром, дзе ўсе жанчыны служаць, зьяўляюцца ваеннаабавязанымі...»

На думку незалежнага ваеннага аглядальніка Аляксандра Алесіна, дзяржава ў пэўнай ступені хоча ўзмацніць кантроль над сваімі грамадзянамі, а таксама ўмацаваць вэртыкаль:

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Гэта спроба правесьці абвешчаную Лукашэнкам рэформу ў рэчышчы
ўсеагульнага народнага апалчэньня. Ён гэта абяцаў, калі былі маштабныя вучэньні тэрытарыяльнай абароны. Кіраўнікі мясцовых адміністрацый яшчэ зьяўляюцца камандзірамі адпаведных падразьдзяленьняў. Думаю, што гэта, канечне, яшчэ і ўзмацненьне вэртыкалі ўлады».

Аляксандар Алесін мяркуе, што гэта яшчэ і намер нейкім чынам павялічыць, так бы мовіць, удзельную вагу Беларусі, бо на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў кіраўнік Беларусі заявіў, што можа сабраць армію ваеннага часу колькасьцю ў 500 тысяч чалавек:

«Калі ўзяць увесь наш рэсурс, то сапраўды можа атрымацца паўмільёна. Гэта выглядае салідна. Іншая справа, што гэтых людзей трэба пастаянна навучаць, вайсковая навука разьвіваецца, і тым больш, тэхніка. Тут папрабуюцца выдаткі. Я думаю, што пад гэтую справу будуць запрошаныя сродкі ў Расеі».

Тым больш, што расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін адназначна не вітае прасоўваньне НАТА на Ўсход, яму не падабаецца стварэньне ЭўраПРА. І Лукашэнка падыгрывае такім настроям Пуціна, і ў гэтым пляне разьлічвае на дадатковыя сродкі ад Расеі.

На думку былога міністра абароны, генэрала Паўла Казлоўскага, у Беларусі хапае мабілізацыйных рэсурсаў і без прыцягенньня вялікай колькасьці людзей на зборы, тым больш жанчын:

Павал Казлоўскі

Павал Казлоўскі

«Я казаў і казаць буду, што ніякай пагрозу зьнешняй агрэсіі няма, каб пад гэта рыхтаваць усё насельніцтва краіны. Я лічу, што ўсё гэта перахлёст, глупства, і ляжа гэта нагрузкай на насельніцтва краіны».

У праекце зьмяненьняў і дапаўненьняў у Закон аб вайсковым абавязку і вайсковай службе прапануецца істотна ўскладніць працэдуру звальненя з войска тых, хто служыць на прафэсійнай аснове: афіцэраў, прапаршчыкаў. А нядаўна была скасаваная частка абмежаваньняў па прызыву на тэрміновую службу — цяпер у войска бяруць і са скаліёзам, і з энурэзам. Так што, падобна, свае абяцаньні аб стварэньні ўсеагульнага народнага апалчэньня Лукашэнка выконвае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG