Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мікалай Дзядок ня будзе пісаць прашэньне аб памілаваньні


Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

Вязень Шклоўскай калёніі Мікалай Дзядок паведаміў бацькам ў лісьце, што яму пасьля некалькіх месяцаў нарэшце дазволілі атрымаць мэдычную бандэроль. Таксама Мікалай Дзядок у лісьце вітаў вызваленьне Сяргея Каваленкі і Паўла Сырамалотава. Але сам ён заяўляе, што падаваць прашэньня аб памілаваньні ня будзе, кажа бацька палітвязьня Аляксандар Дзядок.

«Для яго гэта непрымальна. Ягоная пазыцыя такая: не магу прасіць памілаваньня за тое, што не рабіў, тым больш у тых, хто незаконна мяне асудзіў. Вось гэтак. Хутка яго мусіць наведаць адвакат, калі ўсё будзе добра. Хочам, каб ён сына пабачыў, да таго ж, ёсьць пытаньні з напісаньнем нагляднай скаргі ў Вярхоўны суд. Трэба гэта абмеркаваць. Мы працягваем праходзіць усе ступені нацыянальнага заканадаўства, каб абскардзіць ва ўсіх магчымых інстанцыях. Мы разумеем праблемнасьць гэтага, але хочам усё прайсьці, каб потым не было папрокаў, што нешта мы не выкарысталі».

Мікалай Дзядок адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі. Ужо некалькі месяцаў актывіста трымаюць у памяшканьні камэрнага тыпу як злоснага парушальніка турэмнага рэжыму. Мікалаю Дзядку не дазваляюць сустракацца са сваякамі — ў канцы месяца будзе год, як бацька апошні раз бачыўся з сынам.

«Нават цёплае адзеньне перадаць у калёнію яму не дазваляюць, між тым хутка прыйдзе зіма», — абураецца Дзядок-старэйшы. Паводле Аляксандра Дзядка, пакуль не вырашаным застаецца і пытаньне аб прызнаньні ягонага сына Мікалая, які нарадзіўся ў Брагінскім раёне, пацярпелым ад Чарнобыля.

Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 гады зьняволеньня за ўдзел у акцыях, якія паводле суду правялі беларускія анархісты. Гаворка пра акцыю пратэсту перад Генштабам, закідваньне «кактэйлем Молатава» амбасады Расеі ды іншыя акцыі. Мікалай Дзядок на судзе не прызнаў сябе вінаватым ва ўдзеле ў гэтых акцыях.
XS
SM
MD
LG