Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо выходныя, 20-21 кастрычніка: выбары ў Руху «За Свабоду»; Scorpions у Менску


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


У СУБОТУ...

...пераменная воблачнасьць без дажджу, у нядзелю пахмурна і дождж. Тэмпэратура на выходныя: плюс 11–14.

НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:

У суботу ў эфіры запіс онлайн-канфэрэнцыі зь Сяргеем Дубаўцом, які адказвае на пытаньні, зьвязаныя з роляй беларускай мовы ў аб’яднаньні беларускага грамадзтва дзеля дэмакратычнай будучыні. Пытаньні былі выкліканыя публікацыяй ягонага блога «Мова дэмакратыі і мова дыктатуры».

У нядзелю ў перадачы «Праскі акцэнт» Юры Дракахруст і ягоныя госьці — філёзаф Валянцін Акудовіч, гісторык, рэдактар часопісу «Новая Эўропа» Аляксей Братачкін і філёляг, палітычны дзеяч, першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі — абмяркоўваюць блог Сяргея Дубаўца «Мова дэмакратыі і мова дыктатуры» ды закранутыя ў ім пытаньні: Ці ёсьць мова абавязковым чыньнікам нацыі? Ці маюць шанцы беларускамоўныя перамагчы ў краіне, дзе большасьць рускамоўная? Дзе праходзіць лінія палітычнага фронту?

У ГЭТЫЯ ДНІ Ў БЕЛАРУСІ І Ў СЬВЕЦЕ:

20 кастрычніка

Справаздачна-выбарчая канфэрэнцыя Руху «За Свабоду». Штаб-кватэра Партыі БНФ (Чарнышэўскага, 3-39). Пачатак у 11.00.

Музычная імпрэза «Восеньскі блюз» у Батанічным садзе ў Менску. Ад 12.00 да 16.00.

21 кастрычніка

Канцэрт рок-гурту «Scorpions» у «Менск-Арэне». Пачатак у 19.00.

У Празе пачынаецца трохдзённая міжнародная канфэрэнцыя «Forum 2000», прысьвечаная глябальным пытаньням правоў чалавека, разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і пашырэньня рэлігійнай, культурнай і этнічнай талерантнасьці.

***

Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажыце больш поўна прадставіць беларускі дзень — дашліце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫЯ ДНІ:

20 кастрычніка

У 1655 была заключаная Кейданаўская вунія паміж ВКЛ і Швэцыяй, ініцыятарам якой была група паноў і шляхты з Жамойці, і да якой далучыліся Януш і Багуслаў Радзівілы.

Нарадзіліся:

20 кастрычніка

1677 — Станіслаў Ляшчынскі, вялікі князь літоўскі, кароль Рэчы Паспалітай.

1885 — нарадзіўся Алесь Бурбіс, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху.

21 кастрычніка

1878 — Уладзімір Пічэта, гісторык-славіст, першы рэктар Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту.

1935 — Юрка Геніюш, беларускі пісьменьнік і публіцыст.

1958 — Максім Клімковіч, беларускі пісьменьнік, драматург.

Памерлі:

20 кастрычніка

1937 — Міхась Чарот, беларускі пісьменьнік.

1953 (ці 1955) — Яўген Хлябцэвіч, бібліятэказнаўца, літаратуразнаўца, публіцыст, пэдагог. У маладосьці жыў у вёсцы Кленікі на Падляшшы, дзе ў 1909 годзе арганізаваў народны тэатар. Пісаў допісы ў «Нашу Ніву» пра жыцьцё на Падляшшы пад псэўданімам Халімон с-пад Пушчы.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«В. Кленікі. (...) Маладые дзяўчаты нізашто не хацелі прэдстаўляць старых баб і прыйшлося ролі дзяліць па ўзросту. За тэатр узяліся з вялікай ахвотай і рабілі ўсе рэпэціціі сурьёзна і акуратна. Акцёры былі ад 17 да 40 гадоў. Старые бабы, падпершы бараду рукой, казалі з непрыхільнасьцю: „што гэта яны ў новую веру пераходзяць ці што? што ўжо другімі прозьвішчамі завуцца“, іх дзівіла што селяне ў час ігры называлі сябе тымі імёнамі, што стаяць у камэдыі. Але гэтые малые перашкоды не сапсавалі справы, і калі надыйшла пара іграць у горадзі, нашы селяне-акцёры з торбамі за плечыма рушылі пехатой у Бельск за 18 вёрст».

«Народны тэатр», Халімон с-пад Пушчы; «Наша Ніва», 1(14) кастрычніка 1909.

ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ СВАБОДЫ:

Муамар Кадафі забіты ў Сірце

Лукашэнка гатовы прыняць 20 млн. мігрантаў
XS
SM
MD
LG