Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Быкаў: Няпэўная пазыцыя — ўрэшце здрада


Васіль Быкаў, кастрычнік 1991 г. Фота Ул.Крука

Васіль Быкаў, кастрычнік 1991 г. Фота Ул.Крука

29 кастрычніка 1992 году Вярхоўны Савет праігнараваў патрабаваньне 440 тысяч грамадзян і адмовіўся прызначыць рэфэрэндум аб датэрміновых парлямэнцкіх выбарах. Мы працягваем цыкль тагачаснага дэпутата Вярхоўнага Савету Сяргея Навумчыка, прысьвечанага тым падзеям, якія адыгралі істотную ролю ў лёсе Беларусі.

«Усё залежыць ад нацыянальнай і палітычнай сьвядомасьці народу. На што мы здольныя, такая і доля ў нас будзе». Васіль Быкаў, 1991 год.

Прыведзеныя вышэй радкі Быкава былі надрукаваныя ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» 1 лістапада 1991 году. Наколькі мне вядома, потым нідзе гэтыя (як і іншыя быкаўскія словы той публікацыі) не перадрукоўваліся.

Гэта быў дыялёг, запісаны супрацоўнікам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» Андрэем Ганчаровым, і, мяркую, менавіта асоба суразмоўцы Быкава і была прычынай таго, што Васіль Уладзімеравіч не ўключаў яго ў зборнікі сваёй публіцыстыкі. Суразмоўцам Быкава быў дэпутат Вярхоўнага Савету Яўген Новікаў. «Яўген Віктаравіч папрасіў пазнаёміць яго з Васілём Уладзімеравічам Быкавым, быць пасярэднікам у дыялёгу паміж імі, — патлумачыў Андрэй Ганчароў, прапаноўваючы чытачу «фрагмэнты гутаркі аднаго зь лідэраў парлямэнцкай апазыцыі і аднаго з духоўных лідэраў нацыі».

Канечне, ніякім лідэрам Апазыцыі БНФ Новікаў ня быў. Што праўда, падпісваў нашыя заявы, выступаў на мітынгах — але якраз у час, калі вёўся запіс гутаркі (кастрычнік 1991-га), пачаў адыходзіць ад Апазыцыі. «Всех интересует почему-то , что скажет Пазьняк. Вы послушайте лучше, что скажу вам я, Евгений Новиков!» — у мяне і цяпер стаіць у вушах гэтая амбітная фраза, сказаная Новікавым журналістам у буфэце акурат пад Авальнай Заляй (ён заўсёды гаварыў па-расейску). Ужо ў хуткім часе ён перастаў наведваць пасяджэньні апазыцыі, ну а цяпер тое, што кажа камэнтатар Новікаў, пэрыядычна можа чуць кожны, каго не ванітуе ад лукашэнкаўскага тэлебачаньня.

Між тым, публікацыя тая, бясспрэчна, цікавая.

Быкаў выказаў тое, што казалі тады ўсе, хто паверыў у магчымасьць іншага, не савецкага, незалежнага ад Крамля жыцьця: Беларусь недаравальна страчвае час.

«Нягледзячы на абвальны характар пэўных падзей апошняга часу, лічу, што рэфарматарскія працэсы ў нашым грамадзтве працякаюць крайне замаруджана, — сказаў Быкаў. — Беларусь увогуле ў гэтым сэнсе пляцецца ў хвасьце. Для бюракратыі гэта, вядома, выгадна. Абапіраючыся на вопыт іншых, яна мае магчымасьць дзейнічаць больш пэўна. Але паколькі ўсё гэта адбываецца запозьнена, рэспубліка шмат страчвае і рызыкуе ўвогуле апынуцца нічым асабліва цяпер, калі ідзе дзяльба і маёмасьці, і ўладных паўнамоцтваў былога Саюзу (заўважым — у кастрычніку 91-га Быкаў кажа пра СССР як пра неіснуючую дзяржаву — С.Н.)...

...У пытаньні сувэрэнізацыі наша афіцыйная прапаганда зрабіла адну хуліганскую падтасоўку, калі сувэрэнітэт палітычны падмянілі сувэрэнітэтам эканамічным. Разьлічана гэта на абывацеля, які адразу пачаў бурчэць — што ж нам цяпер, стаяць у АВІРы, каб у Смаленск трапіць? А яшчэ — дзе ж мы возьмем электраэнэргію, вугаль, бэнзін? Карацей, загінем. Хаця ні апазыцыя, ні дэмакратычныя журналісты нідзе і ніколі не казалі пра аўтаркію. Усё гэта эксплёатуецца ў дэмагагічных мэтах.

Прымірэнчая, згодніцкая, няпэўная пазыцыя — гэта ўрэшце здрада

Ацэньваючы расстаноўку сіл у нашым парлямэнце ва ўмовах, калі ідзе барацьба за вельмі важныя прынцыпы, лічу, што прымірэнчая, згодніцкая, няпэўная пазыцыя — гэта ўрэшце здрада. Так званы цэнтрызм адбірае пэўныя сілы зьлева (у тыя часы прыхільнікаў дэмакратыі называлі „левымі“, а іх апанэнтаў — „правымі“ — С.Н.), і ва ўмовах намэнклятурнага засільля робіць немагчымым правядзеньне ўласнай палітыкі. Цэнтрыстам нічога не застаецца, як далучацца да большасьці, падсілкоўваць яе. Думаю, што апазыцыя, якая прытрымліваецца значнай левізны, дзейнічае правільна».

Новікаў: «На маю думку, сапраўднага, клясычнага цэнтру ў нас ня можа быць, бо няма для яго сацыяльнай базы ў грамадзтве, няма таго самага сярэдняга кляса. І ўсе спробы Шушкевіча, Ганчара, Лукашэнкі стварыць цэнтар у Вярхоўным Савеце — безвыніковыя».

Тут Новікаў зблытаў паняцьці — разьмежаваньне ў парлямэнце ішло не па лініі выяўленьня клясавых ці сацыяльных інтарэсаў. Да прыкладу, праграма БНФ утрымлівала палажэньні, якія выяўлялі інтарэсы сярэдняга і малога бізнэсу, тэхнічнай ды творчай інтэлігенцыі, увогуле, самых розных сацыяльных групаў — настаўніцтва, і сялянства (дастаткова прыгадаць падрыхтаваны Апазыцыяй БНФ Зямельны кодэкс). Разьмежаваньне ішло па лініі «за дэмакратыю — супраць дэмакратыі», і ўсё больш востра — «за Незалежнасьць — супраць Незалежнасьці».

І тут, безумоўна, усялякія спробы знайсьці «трэці шлях» выглядалі — ва ўсялякім разе, намі яны ўспрымаліся менавіта так — як нежаданьне ўмацоўваць Незалежнасьць альбо нават супрацьстаяньне ёй.

Забягаючы наперад у часе, скажу, што Шушкевічу так і не ўдалося стварыць «цэнтрысцкую» сілу (праўда, ён казаў не пра цэнтрызм, а пра згоду — «нацыянальную згоду»). Што зрабілі у 1994-м Ганчар і Лукашэнка — добра вядома. Была і яшчэ адна спроба стварэньня цэнтрысцкай арганізацыі, маю на ўвазе Партыю народнай згоды, якую ўзначаліў Генадзь Карпенка. Партыя складалася з намэнклятуры — і ў 1994 годзе шмат хто з паплечнікаў Карпенкі здрадзіў свайму лідэру, перабегшы да Лукашэнкі.

Новікаў: «З пункту гледжаньня тактыкі тут ёсьць адзін нюанс. Так, з аднаго боку, небясьпечна, як Вы кажаце, „падсілкоўваць“ большасьць, але, зь іншага боку, рабіць гэта трэба. Чаму? Таму што празьмерная палярызацыя сілаў у парлямэнце можа прывесьці да абвастрэньня сацыяльнага становішча ў грамадзтве. І я зусім не выключаю такога разьвіцьця падзей, калі нам на пэўным этапе давядзецца ўвайсьці ў існуючыя ўладныя структуры. Разумееце, сьвядома пайсьці на нейкія ахвяры, рызыкуючы быць дыскрэдытаванымі, бо рэальных зьмен зараз дамагчыся нам не дазволяць, а вось адказнасьць за пагаршэньне сытуацыі ўскладуць безумоўна. Гэта, магчыма, спатрэбіцца, каб забясьпечыць больш-менш плаўны пераход грамадзтва з аднаго стану ў іншы. Бо сытуацыя зараз, асабліва ў эканоміцы, абвальная».

Наконт уваходу ва ўладныя структуры (гэта значыць, урад Кебіча — іншага тады не было) Новікаў выказаў выключна ўласныя меркаваньні (ці памкненьні. У кожным разе, Кебіч іх не пачуў, затое пры Лукашэнку Новікава ўзялі на БТ — хай і не міністэрская пасада, ды навідавоку).

Апазыцыя БНФ ставіла пытаньне пра адстаўку ўраду Кебіча — як няздольнага правесьці неабходныя рэформы і ўвогуле рэалізоўваць палітыку сувэрэннай, самастойнай дзяржавы.

Ніякіх міністэрскіх прапаноў — ні ў 1991 годзе, ні пазьней — Кебіч БНФ не рабіў

Абвергну таксама невядома кім створаны міт, што Кебіч нібыта прапаноўваў Пазьняку пасады ва ўрадзе для Апазыцыі. Ніякіх міністэрскіх прапаноў — ні ў 1991 годзе, ні пазьней — Кебіч дэпутатам Апазыцыі БНФ (увогуле каму-небудзь з БНФ) не рабіў. Кебіч казаў, што «Беленькі — гатовы міністар фінансаў», — але толькі казаў. Ён прызнаваў, што БНФ мае моцных эканамістаў, высока ацэненую экспэртамі эканамічную праграму, але ніякіх кадравых прапаноў з гэтага разуменьня не вынікала.

Што да прапаноў адносна пасадаў у выканаўчых структурах улады -- на ўзроўні кіраўніка ведамства альбо вышэй -- дык за ўвесь час кадэнцыі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня такіх было тры.

Дзьве зь іх былі прынятыя, бо там мы сапраўды маглі паўплываць на сытуацыю — і Сяргей Слабчанка быў прызначаны кіраўніком Дзяржзнаку (былі зробленыя беларускія грошы), а Пётра Садоўскі — амбасадарам у Нямеччыне (тут, праўда, трэба ўдакладніць, што прызначаў амбасадараў не Саўмін, а Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета). Трэцяя прапанова ўлетку 1992 году была зробленая мне — узначаліць інфармацыйнае агенцтва «БелТА», якое рэфармавалася ў «Белінфарм». З шэрагу прычынаў я быў вымушаны адмовіцца ад гэтай прапановы. Таксама міністар замежных спраў Краўчанка называў дэпутатаў Галубовіч, Голубева, Навумчыка і Новіка ў якасьці магчымых амбасадараў у дзяржавах, зь якімі Беларусь усталёўвала дыпляматычныя адносіны. Кандыдатура Міколы Маркевіча разглядалася ў якасьці генэральнага консула ў Беластоку. Вось і ўсё, што тычыцца міту пра нібыта прапанову Кебіча «падзяліцца з БНФ уладай»).

Меркаваньне, выказанае Васілём Быкавым на старонках «ЛіМа», важнае для разуменьня таго выбару, перад якім мы апынуліся.

А можа, і сапраўды варта было прыслухацца да тых, хто раіў шукаць выйсьце ў кампрамісах з намэнклятурай (хаця сама намэнклятура кампрамісаў нам не прапаноўвала)? Бо менавіта ў кампрамісе разумелася нацыянальная згода? І тады — ня варта патрабаваць адстаўкі ўраду, новых выбараў? Ці — ісьці на радыкальныя крокі, гэта значыць — дамагацца зьмены ўлады? Мы ў Апазыцыі БНФ разумелі, што запас кампраміснасьці, закладзены ў гэтым складзе парлямэнту, вычарпаны. Разумеў гэта і Быкаў:

Я ня згодны, калі галоўнай мэтай ставіцца так званая нацыянальная згода

«Я ўсё-такі ня згодны з той тактыкай, калі галоўнай мэтай ставіцца так званая нацыянальная згода, гэта значыць, што ў імя недапушчэньня нейкіх палітычных абвастрэньняў у грамадзтве нават апазыцыя ідзе на пэўныя ахвяры. Разумею, наколькі актуальна гэта, скажам, для Грузіі ці Азэрбайджану. А для нас, пры нашай традыцыйнай апатыі? Нашай нацыі не хапае палітычнай сьвядомасьці, палітызацыя нашага жыцьця не дасягнула нават таго нармальнага ўзроўню, які існуе ў самых спакойных палітычных краінах....

Не хапае, мне думаецца, радыкалізму

Вядома, у нас зьяўляюцца новыя палітычныя партыі, але іх уплыў пакуль што нязначны. Найбольш рэальнай сілай зьяўляецца Народны Фронт, які з апорай на масы яшчэ на многае здольны. Не хапае, мне думаецца, радыкалізму. Увогуле я дапускаю магчымасьць кампрамісаў, але па радыкальных пытаньнях ня можа быць прымірэньня. Тым больш што вопыт сьведчыць — усе гэтыя ідэі не за пісьмовым сталом таго ж Пазьняка нарадзіліся, гэта не бібліятэчнае стварэньне — марксізм. Сёньня за дэкляраванае некалі Беларускім Народным Фронтам галасуюць партбосы, якія пасылалі амонаўцаў зрываць нацыянальныя сьцягі.

І носьбітам гэтага радыкалізму павінна быць менавіта парлямэнцкая апазыцыя, бо дачакацца ад нашага народа мы зможам, на жаль, ня хутка.

...Шэсьць гадоў правалыніўшыся, мы спазьніліся ва ўсіх сэнсах. У бліжэйшы час намаганьні дэмакратычных сіл найперш павінны быць скіраваныя на роспуск цяперашняга Вярхоўнага Савету і выбары новага парлямэнту» («Літаратура і мастацтва», 1 лістапада 1991 году).

Потым мы пачуем безьліч папрокаў у тым, што былі «занадта радыкальнымі». Праўда, усе спробы разабрацца, а ў чым жа гэты радыкалізм — не даюць уцямнага адказу, альбо называюць сувэрэнітэт, дзяржаўнасьць беларускай мовы, асуджэньне злачынстваў камунізму.

Быкаў жа, як бачым, ясна і абгрунтавана выказваўся за радыкалізм — у дачыненьні да палітычнага авангарду грамадзтва і парлямэнцкай Апазыцыі БНФ. Але будучыню ён паставіў у залежнасьць ад нацыянальнай і палітычнай сьвядомасьці народа. Паставіўшы на першае месца -- "нацыянальнай". Значна пазьней, ацэньваючы пачатак 90-ых, ён скажа, што грамадзтва ня здолела скарыстацца шанцам -- пакрэсьліўшы пры гэтым, што Апазыцыя БНФ зрабіла ўсё магчымае, але ня ўсё залежыла ад дэпутатаў Апазыцыі...

А тады, увосень 91-га, Быкаў падтрымаў ідэю роспуску Вярхоўнага Савету і новых выбараў.

І, паколькі Вярхоўны Савет не жадаў ні прымаць новы выбарчы закон, ні самараспускацца, нам заставалася адно — апэляваць да народу.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG