Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вус прадказвае датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі


Дзьмітры Вус
Дзьмітры Вус

Дзьмітры Вус, былы кандыдат у прэзыдэнты, неўзабаве правядзе прэзэнтацыю Канцэпцыі разьвіцьця Беларусі. Ён мяркуе, што напрыканцы 2013 году ў краіне здарыцца магутны фінансавы крызіс.

Галоўным наступствам яго могуць стаць датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары, якія, паводле спадара Вуса, адбудуцца ўжо ў 2014 годзе. Пра ўсё гэта экс-кандыдат у прэзыдэнты расказаў сёньня, адказваючы на пытаньні «Свабоды».

Дзьмітрый Вус лічыць, што напрыканцы 2013 году Беларусь трапіць у скрыжаваньне цэлага шэрагу акалічнасьцяў:

«Расея ўступіла ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. У наступным годзе Беларусь мусіць вярнуць чатыры мільярды даляраў за раней узятыя крэдыты. Расея спыняе, можа так сказаць, кантрабандны вываз нафтапрадуктаў зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу. У нас вельмі вялікі адток працоўнай сілы ў Расейскую Фэдэрацыю. Інвэстыцый няма. А пасьля гісторыі з „Камунаркай“ і „Спартаком“ іх тым больш ня будзе. Аграрны сэктар і лёгкая прамысловасьць зруйнуюцца з-за неканкурэнтаздольнасьці. Таму канец 2013 году стане для беларускага рэжыму эканамічным крахам».

Спадар Вус кажа, што, улічваючы гэтыя акалічнасьці, ён і ягоныя прыхільнікі завяршаюць падрыхтоўку канцэпцыі разьвіцьця Беларусі:

«Ужо створаная Канцэпцыя разьвіцьця Беларусі. Зараз яна дапрацоўваецца. І бліжэйшым часам мы яе агучым. Вы пра гэта пачуеце. Яна практычна гатовая. Зараз ідзе толькі ўдакладненьне некаторых пытаньняў. Палітолягі гэтым займаюцца».

Былы кандыдат у прэзыдэнты кажа, што ягоныя прагнозы пра крызіс узятыя не са столі:

«Ва Ўсьцюгу хутка адкрываецца нафтаперапрацоўчы завод, які дазволіць расейцам непасрэдна перапрацоўваць нафту і прадаваць прадукты зь яе ў Эўразьвяз. Атрымліваецца, што заводы ў Наваполацку і Мазыры становяцца фактычна непатрэбнымі расейцам.
Беларусь не гатовая да рынку. У нас прывыклі да манаполіі і жорсткай цэнтралізацыі. Але зараз гэтага ня будзе

Вельмі шмат новых пытаньняў узьнікае ў сувязі з далучэньнем Расеі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Мы зараз гэтым займаемся. І бачым, што ў сельскай гаспадарцы, асабліва па мясе птушак і сьвініне, Беларусь становіцца неканкурэнтаздольнай. З таго ж Кітаю прывязуць кураня, якое ў чатыры разы таньнейшае за наша.

Беларусь не гатовая да рынку. У нас прывыклі да манаполіі і жорсткай цэнтралізацыі. Але зараз гэтага ня будзе».

Беларуская апазыцыя цяпер толькі пачынае перамовы пра падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў, якія паводле Канстытуцыі павінны адбыцца ў 2015 годзе. Яна спазьняецца, заяўляе Дзьмітрый Вус:

«Апазыцыя, якая рыхтуецца да выбараў у 2015 годзе, на іх проста ня трапіць. Таму што выбары прэзыдэнта адбудуцца ў 2014 годзе, а можа, нават і ў 2013-м».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG