Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Полівітаміны зьмяншаюць рызыку раку


У ЗША нядаўна закончылася вялікае дасьледаваньне ўплыву вітамінаў на рознага тыпу захворваньні, уключна з ракам.

У дасьледаваньні, якое цягнулася больш за дзесяцігодзьдзе, узялі ўдзел амаль 15 тысяч дактароў мужчынскага полу, якія штодня прымалі пігулку ідэнтычнага выгляду – адна група пігулку з тыповымі ў ЗША полівітамінамі, а другая – з нэўтральным рэчывам (пляцэба).

Гэта было так званае «падвойнае сьляпое дасьледаваньне» – ня толькі аб’екты досьледу, якія глыталі пігулкі, але і дасьледчыкі, якія аналізавалі стан захворваньняў аб’ектаў досьледу, ня ведалі, якая група прымала полівітаміны, а якая – пляцэба. Толькі пасьля клясыфікацыі і апісаньня ўсіх захворваньняў наступіла поўная ідэнтыфікацыя абедзьвюх групаў. «Падвойнае сьляпое дасьледаваньне» лічыцца адным з самых строгіх навуковых мэтадаў і служыць максымальнаму абмежаваньню ўплыву суб’ектыўных чыньнікаў на вынік экспэрымэнту.

Што аказалася?

Сярод тых, якія глыталі полівітаміны, колькасьць захворваньняў на розныя формы раку была на 7% меншая, чым сярод тых, якія прымалі пляцэба.

«Сумарны вынік даволі малы, але з гледзішча аховы здароўя ўсяго грамадзтва ён можа мець вялікае значэньне. Нічога іншага акрамя адмовы ад паленьня цыгарэтаў не зьмяншае рызыкі раку на амаль 10%», – пракамэнтаваў дасьледаваньне з полівітамінамі доктар Робэрт Грынбэрг з Цэнтру дасьледаваньня раку ў Сіэтле.

А доктар Майкл Газыяна з Бостану дадаў:

«Было б вялікай памылкай, калі б мы пачалі думаць, што дастаткова ўсяго толькі прымаць полівітаміны замест таго, каб кінуць паленьне або пачаць рабіць іншыя рэчы, якія, як падазраём, адыгрываюць большую ролю, прыкладам, як харчаваньне здаровай ежай або фізычныя практыкаваньні, або ахова скуры ад празьмернага загараньня на сонцы».
XS
SM
MD
LG