Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнік архітэктуры стаў «рэжымным аб’ектам»


Верхняя палата Нацыянальнага сходу сёньня пераехала ў новае памяшканьне — адрэстаўраваны будынак былой Нацыянальнай бібліятэкі, помніка архітэктуры ў стылі канструктывізму 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Наш карэспандэнт Валер Каліноўскі паспрабаваў азнаёміцца з новай сядзібай Савету Рэспублікі.

Першым наведнікам новага будынка Савету Рэспублікі стаў Аляксандар Лукашэнка, якому, каб трапіць у былую «Ленінку» са сваёй адміністрацыі, трэба было перайсьці цераз дарогу. У сувязі з гэтым рух транспарту на Чырвонаармейскай і прылеглых вуліцах быў спынены, ходнікі па пэрымэтры блякаваныя супрацоўнікамі службы бясьпекі. Пешаходам забаранялі набліжацца да новай сядзібы верхняй палаты, а ў самім будынку працавалі сапёры і кінолягі.

Аляксандар Лукашэнка агледзеў будынак і выступіў перад сэнатарамі:

«Сытуацыя ў краіне ўжо даўно стабільная і кіраваная. Наша грамадзтва досыць пасталела, каб разьвівацца далей, у тым ліку і ў пляне стымуляваньня, падтрымкі мясцовай ініцыятывы грамадзян. Па сутнасьці, мясцовае самакіраваньне — гэта і ёсьць аснова дэмакратыі», — сказаў Лукашэнка.

Калі ён пакінуў Савет Рэспублікі, будынак застаўся пад аховай супрацоўнікаў службы ягонай бясьпекі, якія забаранялі ня толькі фатаграфаваць, але нават чытаць стэнды з інфармацыяй пра рэканструкцыю помніка архітэктуры.
Будынак былой Нацыянальнай бібліятэкі неўзабаве пасьля адкрыцьця ў 1932 годзе
Будынак былой Нацыянальнай бібліятэкі неўзабаве пасьля адкрыцьця ў 1932 годзе

У фае Савету Рэспублікі ахоўнікі загадалі карэспандэнту «Свабоды» выдаліць усе фатаграфіі, на якіх былі зафіксаваныя будынак і стэнд з інфармацыяй пра яго рэстаўрацыю. Яны патлумачылі, што гэта цяпер — рэжымны аб’ект. Трапіць у само памяшканьне, каб паглядзець, што зьмянілася пасьля рэканструкцыі, таксама не ўдалося.

Між тым, офісная прастора ў Анатоля Рубінава, пераабранага сёньня на безальтэрнатыўнай аснове на пасаду сьпікера Савету Рэспублікі, а таксама ў ягоных падначаленых значна пашырылася. На думку Антона Астаповіча, старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, які бываў тут падчас будаўнічых прац, рэстаўратары папрацавалі вельмі ўдала:

«Я ўвогуле лічу, што гэта адзін зь лепшых прыкладаў рэстаўрацыі ў нас у Беларусі: захаваная гістарычная пляніроўка, захаваныя ўсе аўтэнтычныя канструкцыі, зробленыя цікавыя раскрыцьці, рэстаўрацыі інтэр’ераў. І паглядзіце, як цудоўна гуляе фасад гэтага будынка».
Будынак Савету Рэспублікі ў дзень адкрыцьця сэсіі. 19 кастрычніка 2012 году
Будынак Савету Рэспублікі ў дзень адкрыцьця сэсіі. 19 кастрычніка 2012 году

Фасад аздоблены паводле тэхналёгіі «каменнай тынкоўкі» з выкарыстаньнем антрацыту. Паводле спадара Астаповіча, гэтая тынкоўка не спадабалася Анатолю Рубінаву, які хацеў, каб будынак выглядаў больш «глямурна»:

«Калі Рубінаў усё гэта паглядзеў, ён выставіў прэтэнзію: ну што вы тут зрабілі, як быццам бы гэта 30-я гады… Для рэстаўратараў гэта была самая лепшая пахвала. Так што гэты будынак, я лічу, зроблены бездакорна».

Аднак унікальную працу рэстаўратараў мала хто зможа пабачыць, хіба што звонку, паколькі былы будынак бібліятэкі стаў «рэжымным аб’ектам». У асноўнай яго частцы разьмясьцілася верхняя палата парлямэнту, ніжнюю частку былой бібліятэкі заняў Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь.
Будынак нацыянальнай бібліятэкі да рэканструкцыі
Будынак нацыянальнай бібліятэкі да рэканструкцыі

У распараджэньні Савету Рэспублікі застаўся і ранейшы будынак па вуліцы Чырвонаармейскай, 4. Ці не зашмат? Былы старшыня Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч перакананы:

«Мне падаецца, што для такой краіны, як наша, наагул ня трэба двухпалатны парлямэнт. Нам дастаткова і адной палаты. Не такая мы ўжо вялікая краіна, і няма ніякіх такіх тэрытарыяльных асаблівасьцяў, як у Расейскай Фэдэрацыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG