Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палецкіс: Новы ўрад Літвы за „круглы стол“ у Беларусі


Юстас Палецкіс

Юстас Палецкіс

Выбары 14 кастрычніка ў Літве прынесьлі посьпех апазыцыі — Партыі працы і сацыял-дэмакратам. Кіроўны Саюз Айчыны- Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты, апынуліся на трэцім месцы. Другі тур па аднамандатных акругах пройдзе 28 кастрычніка, але прыход да ўлады апазыцыі выглядае надзвычай імаверным.
Пра прычыны вынікаў выбараў, а таксама пра тое, якой будзе зьнешняя палітыка Літвы пры гіпатэтычным новым урадзе мы папрасілі расказаць дэпутата Эўрапарлямэнту, вэтэрана літоўскай сацыял-дэмакратыі Юстаса Палецкіса. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.



РС: Спадар Палецкіс, як бы Вы маглі пракамэнтаваць вынікі апошніх літоўскіх выбараў? Яны яшчэ ня скончыліся, будзе другі тур, але тэндэнцыя відавочная. Некаторыя назіральнікі і палітыкі ахарактарызавалі вынікі галасаваньня як перамогу Масквы.

Палецкіс: З досьведу 22 гадоў пасьля аднаўленьня незалежнасьці Літвы мы неаднойчы чулі такія ацэнкі. Я добра памятаю, як у 1992 годзе, калі перамог Бразаўскас і Дэмакратычная партыя працы, то з боку правых таксама былі такія панічныя воклічы. Нічога ня здарылася. І зараз нічога кепскага ня здарылася.

Улічваючы палітыку Літвы на працягу двух апошніх гадоў, ёсьць магчымасьці паляпшэньня літоўска-расейскіх адносінаў у рэчышчы стасункаў ЭЗ з Расеяй.
Не сакрэт, што стасункі Брусэлю з Масквой нашмат лепшыя, чым стасункі Вільні з Масквой. І ніхто не крычыць пра тое, што Брусэль саступае ці патурае Маскве. Іншая справа, што Літва — невялікая дзяржава, якая да таго ж мяжуе з Расеяй. Але прыклад Фінляндыі паказвае, што дзяржава прыкладна такіх самых памераў можа мець добрыя, узаемавыгадныя адносіны з Расеяй.

РС: На ваш погляд, чым тлумачыцца такі вынік выбараў, чым літоўцам падаліся кепскімі кансэрватары? Наколькі я ведаю, крызіс у значнай ступені пераадолены, яго наступствы не былі такімі ўжо катастрафічнымі для Літвы — ня Грэцыя ўсё ж.

Палецкіс: Вынікі эканамічнай палітыкі кіроўных у Літве партый сапраўды былі зусім не катастрафічнымі. Але не адбылося, як у Латвіі і Эстоніі, дзе партыі, якія кіравалі гэтымі краінамі ў крызіс, засталіся ва ўладзе. Цяпер кансэрватары пасьля другога туру маюць тэарэтычную магчымасьць застацца ва ўладзе, але ў кааліцыі з адной з апазыцыйных партый.

Але гэта прагнозы.

А галоўная прычына ў тым, што ў Літве, яшчэ больш, чым у Латвіі і ў Эстоніі, курс на жорсткую эканомію праводзіўся за кошт сацыяльна слабых слаёў насельніцтва. У Літве былі зьменшаныя пэнсіі і яны дагэтуль не кампэнсаваныя. У Латвіі, праўда, таксама скарачалі, але на паўгода. Але ў нас — на тры гады.

Апазыцыя, у першую чаргу сацыял-дэмакраты, казала, што эканоміць трэба, але ў першую чаргу трэба думаць пра захаваньне і павелічэньне працоўных месцаў. Гэтага не рабілася, і велізарныя сродкі, якія выдаткаваў Эўразьвяз для рамонту дамоў, для ацяпленьня, не былі выкарыстаныя.

Да таго ж варта адзначыць залішнюю самаўпэўненасьць кіроўнай кааліцыі, асабліва кансэрватараў: «Мы ўсё робім дакладна, мы ўсё ведаем». Гэтая самаўпэўненасьць многім не спадабалася.

РС: На Ваш погляд, якімі будуць адносіны новай кааліцыі (калі яна сфармуецца) з прэзыдэнтам Грыбаўскайце? Наколькі стасункі з кіраўніком дзяржавы важныя ў літоўскай палітыцы?

Палецкіс: Прэзыдэнт можа накладаць вэта на законы Сойму. Калі кааліцыя будзе мець большасьць дзьве траціны, тады прэзыдэнт, пры ўсім аўтарытэце Далі Грыбаўскайце, можа толькі ўгаворваць. Але калі большасьць будзе меншая за дзьве траціны, то прэзыдэнт атрымлівае моцны інструмэнт, каб ставіць палкі ў колы палітыцы ўраду.

Прэзыдэнт больш падтрымлівала цяперашнюю кіроўную кааліцыю, і паглядзім, як складуцца стасункі з новай кааліцыяй, калі яна сфармуецца.

РС: Вы напачатку сказалі пра зьмену стасункаў з Расеяй. А як складуцца стасункі новай літоўскай улады з афіцыйным Менскам і шырэй — зь Беларусьсю?

Палецкіс: Я мяркую, што пагаршэньня стасункаў дакладна ня будзе. Я б не прагназаваў і нейкага істотнага паляпшэньня. Пэўна, стасункі стануць больш прагматычнымі ў сфэры эканомікі. Ну і кантакты паміж людзьмі будуць разьвівацца, хацелася б верыць, што ўступіць у сілу падпісанае пагадненьне аб памежных зносінах, пра візавыя палёгкі. І хацелася б, каб Літва больш спрыяла таму, каб Менск знаходзіў агульную мову з Эўразьвязам, з Брусэлем. Мяркую, што паляпшэньне стасункаў Літвы з Расеяй, якіх варта чакаць, таксама пазытыўна адаб’ецца на стасунках Літвы з Беларусьсю.

РС: А якімі будуць стасункі новай літоўскай улады зь беларускай апазыцыяй. Цяперашні міністар замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс пэўны час таму выказваўся ў тым сэнсе, што трэба стварыць альтэрнатыўны цэнтар сілы ў Беларусі, ён часта кантактаваў з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Гэта зьменіцца?

Палецкіс: Гэтыя прапановы цяперашняга міністра замежных справаў Літвы не былі пачутыя ў Брусэлі, у Эўразьвязе. Гэта ня надта рэальна. Я не сумняваюся, што новы ўрад будзе падтрымліваць стасункі зь беларускай апазыцыяй, як гэта робіць Эўразьвяз, будзе спрыяць дэмакратыі, будзе спрыяць «кругламу сталу», які ў прынцыпе магчымы паміж уладай і апазыцыяй у Беларусі. Новы ўрад вельмі вітаў бы крокі Беларусі ў накірунку нармалізацыі стасункаў з ЭЗ, большай павагі да правоў чалавека і празрыстых выбараў. Каб Беларусь ішла эўрапейскім шляхам пры захаваньні ўсіх асаблівасьцяў, якія для кожнай краіны важныя.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG