Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акудовіч: Лукашэнка баіцца моцных людзей


Валянцін Акудовіч

Валянцін Акудовіч

Абедзьве палаты новаабранага беларускага парлямэнту — і Палата прадстаўнікоў, і Савет Рэспублікі — абралі кіраўніцтва. Зьменаў не адбылося. Старшынём Палаты прадстаўнікоў зноў абраны 63-гадовы Ўладзімер Андрэйчанка. Старшынём Савету Рэспублікі — 73-гадовы Анатоль Рубінаў. Чаму ў Беларусі не адбываецца зьмены кіраўніцтва, разважаюць прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі.

Філёзаф Валянцін Акудовіч лічыць, што Аляксандар Лукашэнка вельмі баіцца новых людзей:

«Ён баіцца моцных людзей, самастойных, якія могуць у складанай сытуацыі дапамагчы і яму, і краіне. Але якія гэтаксама могуць, як неправераныя людзі ў неправеранай сытуацыі, яму, як ён лічыць, здрадзіць. Таму гэтае пастаянства. Няхай нягеглы, але надзейны, свой. І таму на кожную пасаду прыходзіць той, хто гадамі даказаў сваю адданасьць прэзыдэнту.

Усе чыноўнікі даўно пра гэта ведаюць. Кожны, хто бывае выгнаны за якую-небудзь правіннасьць, робіць усё, каб ніякім чынам не пакрыўдзіцца. Ён чакае, калі на яго кіраўнік зноў зьверне ўвагу. І зьверне ўвагу толькі таму, што ён не пакрыўдзіўся. А з крызісу з такім складам кіроўнага апарату вельмі цяжка выходзіць».

Артур Клінаў: «Вялікая праблема Беларусі — вельмі тонкі слой эліт»


Артур Клінаў

Артур Клінаў

Мастак і літаратар Артур Клінаў лічыць: «Вялікая праблема Беларусі і ўвогуле беларускага народу, нацыі — гэта не адсутнасьць, але вельмі тонкі слой эліт. Эліт палітычных, культурных, грамадзкіх, калі ўзяць і ўладную сфэру. Тое самае і ў апазыцыі — гадамі адны і тыя ж твары, адны і тыя ж людзі. Фактычна гэты слой у нас небясьпечна тонкі. Але фармаваньне яго ня можа адбыцца хутка, яно адбываецца стагодзьдзямі.

Пакуль гэты слой нацыянальных эліт не нарасьце, сытуацыя будзе такая ж самая. То бок тыя ж самыя людзі будуць тусавацца як ва ўладзе, так і ў апазыцыі, так і ў культуры. Сытуацыя на самой справе вельмі небясьпечная. Калі слой эліт тонкі — гэта заўсёды пагроза над нацыянальнай незалежнасьцю, сувэрэнітэтам і гэтак далей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG