Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі прасіў польскіх дыпляматаў не перадаваць Менску дадзеныя аб рахунках


Сенсацыйны тэкст у гэтай справе зьмяшчае сёньня польская газэта «Rzeczpospolita».

«Паводле нашай інфармацыі, польская дыпляматыя ведала, што афіцыйны Менск будзе дамагацца інфармацыі пра стан рахункаў Бяляцкага. Бяляцкі паведаміў, што ягоны адвакат бачыў у матэрыялах справы копію звароту аб юрыдычнай дапамозе, накіраванага ў Польшчу. Бяляцкага запэўнілі што аб гэтым будзе пільна паінфармаваны міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі».

МЗС, аднак, тлумачыць газэце, што спадар Сікорскі ніколі не атрымліваў такой інфармацыі.

«Міністар Радаслаў Сікорскі не атрымаў якой-кольвечы, тайнай ці яўнай, са зьместам, пра які вы гаворыце», — заявіў Rzeczpospolita прэсавы прадстаўнік МЗС Марцін Басацкі.

Газэта адзначае, што пры гэтым спадар Басацкі адмовіўся пацьвердзіць, ці Бяляцкі размаўляў з польскімі дыпляматамі ў Менску у гэтай справе.

«Мы ня можам інфармаваць пра магчымыя кантакты нашых дыпляматаў зь беларускімі апазыцыянэрамі, асабліва тымі, каторыя, як Алесь Бяляцкі, знаходзяцца цяпер у турме», — заявіў Басацкі.

Між тым факт, што Алесь Бяляцкі ў чэрвені 2011 году асабіста наведаў амбасаду Польшчы і прасіў не перадаваць інфармацыю пра рахункі беларускаму боку, пацьвердзіў для газэты Rzeczpospolita ягоны калега Валянцін Стэфановіч, а таксама жонка — Натальля Пінчук.

Паводле спадара Стэфановіча, польскі дыплямат (прозьвішча якога ні ён, ні спадарыня Пінчук ня памятаюць) запэўніў, што такая перадача дадзеных у прынцыпе немагчымая.



Справа Бяляцкага

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG