Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнія хвіліны жыцьця Кадафі. Невядомыя факты


Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch апублікавала даклад «Сьмерць дыктатара».

Сабраныя ў дакладзе факты паказваюць на магчымае дачыненьне апалчэнцаў зь лібійскага горада Місурата да пакараньня сьмерцю дзясяткаў людзей, захопленых пасьля палону і сьмерці Муамара Кадафі год таму.

Лібійскія ўлады так і ня выканалі свайго абяцаньня расьсьледаваць абставіны сьмерці Муамара Кадафі, яго сына Мутасіма і дзясяткаў іншых захопленых паўстанцамі людзей.

Аналіз інфармацыі аб сьмерці Муамара Кадафі і яго сына Мутасіма ставіць пад сумнеў афіцыйную вэрсію лібійскіх уладаў, паводле якой абодва загінулі ў той дзень, былі забітыя ў перастрэлцы

У пяцідзесяцістаронкавым дакладзе, прысьвечаным апошнім гадзінам жыцьця Муамара Кадафі і абставінам яго забойства, прыводзяцца пацьверджаныя дакумэнтамі факты таго, як апалчэнцы з горада Місурата захапілі і раззброілі эскорт Кадафі. Захопленыя прыхільнікі былога лібійскага лідэра, па дадзеных аўтараў дакладу, былі зьбітыя, пасьля чаго, прынамсі, 66 чалавек былі пакараныя.

Для таго, каб аднавіць поўную карціну падзеяў 20 кастрычніка 2011, экспэртамі Human Rights Watch былі апытаныя камандзіры апалчэнцаў і выжыўшыя чальцы эскорту. З дапамогай архіву морга шпіталя ў горадзе Сірт атрымалася ідэнтыфікаваць асобы 17 чалавек, якіх апошні раз бачылі жывымі ў руках паўстанцаў і целы якіх пасьля былі знойдзены каля мясцовага гатэля «Махарал».



Гэта самае масавае дакумэнтальна пацьверджанае забойства паўстанцамі захопленых прыхільнікаў Кадафі за ўсе восем месяцаў канфлікту ў Лібіі, адзначаецца ў дакладзе.

Аналіз інфармацыі аб сьмерці Муамара Кадафі і яго сына Мутасіма ставіць пад сумнеў афіцыйную вэрсію лібійскіх уладаў, паводле якой абодва загінулі ў той дзень, былі забітыя ў перастрэлцы. Адным з найбольш важкіх доказаў служыць відэа, зьнятае апазыцыянэрамі на мабільны тэлефон. Гэта кадры зьдзекаў зь вялікай групы захопленых чальцоў эскорту Кадафі. Відэа даказвае таксама, што Кадафі быў захоплены жывым, хоць і з моцным крывацёкам, як мяркуецца, выкліканым аскепкавым раненьнем у галаву пры разрыве гранаты, кінутай яго ўласнымі ахоўнікамі, і бомбы таго ж паходжаньня. У выніку гэтага выбуху загінуў Абу Бакр Юніс, міністар абароны ва ўрадзе Кадафі.



Мяркуючы па сабраных HRW дадзеных, Мутасім Кадафі таксама быў захоплены жывым на месцы бою, калі спрабаваў прарваць акружэньне апалчэнцаў. Ён быў паранены, а затым было зьнята, як апалчэнцы зь Місураты вязуць яго ў гэты горад. Там яго здымалі ў пакоі падчас размовы на павышаных танах зь яго захопнікамі. Да вечара яго цела са сьвежай ранай на горле, якой не было відаць на больш раньніх здымках, было выстаўлена на ўсеагульны агляд у Місураце.

Публікацыя дакладу прымеркаваная да гадавіны гібелі Муамара Кадафі, аднак адзін з аўтараў дакумэнту, дырэктар HRW па надзвычайных сытуацыях Пітэр Букерт у інтэрвію Радыё Свабода адзначае, што праваабаронцы ўжо даўно інфармавалі лібійскія ўлады пра сабраныя доказы пра ваенныя злачынствы паўстанцаў, разьлічваючы, што вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасьці.

Мы, безумоўна, разумеем, што лібійскім уладам цяжка расьсьледаваць гэтыя падзеі і караць вінаватых

«Супрацоўнікам HRW спатрэбілася некалькі месяцаў, каб расьсьледаваць гэтыя падзеі, мы хацелі быць упэўненыя ў дакладнасьці сабранай намі інфармацыі, — распавядае Пітэр Букерт. — Я правёў шмат часу, апытваючы палявых камандзіраў, якія былі на месцы падзеяў, тых, хто выжыў з канвою Кадафі, супрацоўнікаў шпіталёў. Мы таксама хацелі даць дастаткова часу лібійскім уладам, каб тыя пачалі расьсьледаваньне, чаго яны, на жаль, так і не зрабілі».

Пітэр Букерт падкрэсьлівае, што калі лібійскія ўлады сапраўды хочуць усталяваць ўладу закону ў краіне, то для іх вельмі важна расьсьледаваць і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у самым сур’ёзным злачынстве, учыненым паўстанцамі за ўвесь час канфлікту, — у падзеі 20 кастрычніка 2011 году.

Рада Бясьпекі ААН зьвярнулася да Міжнароднага крымінальнага суду з просьбай расьсьледаваць ваенныя злачынствы, учыненыя ўсімі бакамі ў Лібіі пасьля 15 лютага 2011 году, калі самі лібійскія ўлады ня змогуць ці не захочуць зрабіць гэтага. Пітэр Букерт адзначае, што ваенізаваныя групоўкі па-ранейшаму валодаюць вялікім уплывам у Лібіі і добра ўзброеныя. А ўрад Лібіі застаецца вельмі слабым. «Мы, безумоўна, разумеем, што лібійскім уладам цяжка расьсьледаваць гэтыя падзеі і караць вінаватых, — кажа Букерт. — Але, каб ад улады зброі Лібія перайшла да ўлады закону, расьсьледаваньне гэтых падзеяў вельмі важна».

Калі лібійскія ўлады самі ня зробяць гэта, то, цалкам магчыма, расьсьледаваньнем зоймецца Міжнародны крымінальны суд, — мяркуе супрацоўнік HRW.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG