Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг: «Гэта не парлямэнт, а нейкае калгаснае зборышча»


Ачольваць Палату прадстаўнікоў пятага скліканьня зноў будзе Ўладзімер Андрэйчанка. 18 кастрычніка яго абралі на безальтэрнатыўнай аснове. Спадар Андрэйчанка быў чатыры гады сьпікерам і папярэдняга складу палаты. Палітолягі не сумняюцца: у палаце па-ранейшаму будзе панаваць так званая «стабільнасьць».

Кандыдатуру Ўладзімера Андрэйчанкі на пасаду старшыні палаты ўнёс Сяргей Канопліч, які быў дэпутатам і ў мінулым скліканьні. Ён падкрэсьліў, што гэта не яго асабістая прапанова. Маўляў, яна ўзгодненая з дэпутацкімі групамі ад усіх абласьцей. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, якая вяла першае пасяджэньне, нагадала дэпутатам, што яны маюць права самавылучацца: маўляў, давайце спрабуйце, або вы спалохаліся такой моцнай кандыдатуры? Але на яе заклік ніхто не адгукнуўся. Так і засталося прозьвішча Андрэйчанкі адзіным у бюлетэнях.

З 108 дэпутатаў, якія прысутнічалі сёньня на пасяджэньні, 105 прагаласавалі «за». «Супраць» не галасаваў ніхто. А тры бюлетэні прызналі несапраўднымі. Апошняе і дало падставу журналістам іранізаваць: маўляў, галасаваць яшчэ не навучыліся, а ў дэпутаты ўжо пралезьлі.

Намесьнікам старшыні палаты, таксама безальтэрнатыўна, абралі Віктара Гумінскага. Ён быў намесьнікам Андрэйчанкі і ў папярэднім скліканьні. Паўторнае кіраваньне гэтага дуэту палітоляг Уладзімер Роўда ў размове са «Свабодай» назваў «выявай таго, што ніякіх зьменаў у працы палаты нават не плянавалася»:

Уладзімер Роўда

Уладзімер Роўда

«Гэта публічная дэманстрацыя таго, што зьменаў ад іх чакаць не выпадае нікому. І калі ёсьць нейкія аматары фантастычных прагнозаў, то фантастыка ў Беларусі не праходзіць. Улады нахабна падманваюць, калі кажуць пра парлямэнцкую дэмакратыю. Ні ў якай іншай краіне такіх парлямэнтаў няма. У Беларусі ён, па-першае, безуладны. Па-другое, без апазыцыі. І па-трэцяе, бяз фракцыяў. Тое, што ў нас ёсьць, гэта нейкае абсалютна калгаснае зборышча».

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Палітоляг Андрэй Фёдараў падчас працы Вярхоўнага Савету Беларусі 12 і 13 скліканьняў кіраваў упраўленьнем міжнародных сувязяў парлямэнту. У яго няма ілюзіяў наконт новага складу дэпутацкага корпусу:

«Новага, баюся, ня будзе абсалютна нічога. Цалкам будзе тое, што ўжо і было. Гэтыя людзі не прывучаныя самастойна прымаць рашэньні. Яны толькі выконваюць загады. І на гэты конт у мяне няма ніякіх сумненьняў».

Пра пераемнасьць курсу казаў сёньня і сам Уладзімер Андрэйчанка. Пра галоўныя задачы гэтага складу палаты сьпікер сказаў так:

Уладзімер Андрэйчанка

Уладзімер Андрэйчанка

«Яны выцякаюць з установак кіраўніка дзяржавы новаму складу парлямэнту. Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь на першы плян паставіў заканадаўчае забесьпячэньне рэалізацыі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2011–2015 гады. Гэта будзе наш дэпутацкі ўнёсак у дасягненьне галоўнай мэты — павышэньне дабрабыту і якасьці жыцьця беларускага народу».

З таго, што сёньня казаў спадар Андрэйчанка, журналісты найперш зьвярнулі ўвагу на ягоную канкрэтную прапанову — «уключыць у парадак дня пасяджэньняў Палаты прадстаўнікоў разьдзел „Рознае“, дзе мы маглі б абмяркоўваць найбольш вострыя праблемы ўнутранай і зьнешняй палітыкі. Трэба выходзіць на жывую трансьляцыю такіх дыскусій».

Алег Трусаў

Алег Трусаў

Алег Трусаў, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня, кажа, што падчас ягонай кадэнцыі такая практыка існавала і была вельмі цікавай і карыснай:

«„Рознае“ было цягам 30 хвілін раніцай, перад пачаткам абмеркаваньня асноўных пытаньняў. Кожнаму дэпутату давалася па тры хвіліны. І ў „Розным“ ён мог зрабіць запыт, па просьбе выбарцаў альбо сам, любой дзяржаўнай асобе. І гэтая асоба павінна была затым даць яму пісьмовы адказ у пэўны тэрмін.

Такім чынам агучваліся наказы выбарцаў. І тады ў краіне ўсе ведалі, хто ад якой акругі дэпутат. Зараз жа іх ніхто ня ведае — ні імя, ні прозьвішча. І была жывая трансьляцыя. Бо калі яе ня будзе, дык што: яны самі сабе будуць выступаць? Ідэя добрая. Але ня бачу: як яны яе будуць рэалізоўваць? Мабыць, гэта ідэяй і застанецца. Я ў гэта ня веру».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG