Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве будаўнік судзіцца з пракурорам


Падчас тэледэбатаў пракурор Эдуарда Сянкевіча й Аляксея Паўлоўскага.

Падчас тэледэбатаў пракурор Эдуарда Сянкевіча й Аляксея Паўлоўскага.

Ленінскі суд Магілёва пачаў разгляд грамадзянскай справы па пазове былога кандыдата на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў, вылучэнца ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксея Паўлоўскага супраць пракурора Магілёўскай вобласьці Эдуарда Сянкевіча, які таксама ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі і стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Паўлоўскі праз суд намагаецца абараніць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю, а таксама спагнаць з адказчыка 10 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Нагодай для суду сталіся абразьлівыя, як заяўляе Аляксей Паўлоўскі, выказваньні Эдуарда Сянкевіча падчас дэбатаў кандыдатаў на дэпутацтва на тэлеканале «Беларусь-2».

Спрэчка між апанэнтамі ўсчалася з-за сьцяны, якая абвалілася на мэблевай фабрыцы. Фабрыку будуюць на замежныя інвэстыцыі. Паўлоўскі заявіў на дэбатах Сянкевічу, што папярэджваў пракуратуру, што такое можа здарыцца, бо парушалася тэхналёгія ўзьвядзеньня сьцен. Сам завал быў зафіксаваны на фота, якія апублікавалі незалежныя мэдыі.

Эдуард Сянкевіч, у сваю чаргу, заявіў, што ў ходзе пракурорскай праверкі факты таго, што сьцяна абрынулася, ня выяўленыя. Акрамя таго ён дадаў:

«Вы можаце якія заўгодна фота паказваць, але яны не пацьвярджаюцца спэцыялістамі. Вы б ужо ўладкаваліся працаваць. Вам 53 гады, а вы не працуеце. Седзіце на шыі ў выбарцаў. Калі гэта скончыцца? 1215 месцаў вакантныя!»

Гэтае выказваньне пракурора Аляксей Паўлоўскі расцаніў як зьнявагу гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. У судзе ён заявіў: «Дзяржаўны службовец фактычна выставіў мяне некампэтэнтным будаўніком, хлусам, латругам, які сядзіць на шыі ў выбарцаў».

У судзе Эдуард Сянкевіч пазоў Паўлоўскага не прызнаў. Службовец назваў яго незаконным і неабгрунтаваным, бо зьняважлівых выказваньняў не рабіў. Эдуард Сянкевіч прасіў суд не задавальняць патрабаваньняў Паўлоўскага.

18 кастрычніка чакаецца, што будзе агучаны вырак па справе. Старшынюе на судовым паседжаньні судзьдзя Галіна Кужалева. Паводле праваабаронцы Барыса Бухеля, яна не задаволіла хадайніцтва пра выклік у суд васьмі сьведак, якія, як заяўляецца, маглі б пацьвердзіць, што сьцены сапраўды абрынуліся. Сярод іх будаўнікі з арганізацыі, якая ўзводзіць мэблевую фабрыку — акцыянэрнага таварыства «Прамжылбуд», а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва «Прамжылбуда». З гэтай арганізацыі сёлета ўзімку быў звольнены Аляксей Паўлоўскі.
XS
SM
MD
LG