Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра аб’ёмы пастаўкі нафты ў 2013 годзе.

Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што Менск і Масква маюць розныя погляды на аб’ёмы імпарту. Пастаўкі расейскай нафты ў гэтым годзе пачаліся толькі 25 студзеня — з-за таго, што бакі не маглі падпісаць дамову. Чаго чакаць у наступным годзе? Якія страты можа панесьці Беларусь?

Пасол Аляксандар Сурыкаў заявіў, што Беларусь настойвае, каб Расея паставіла ў наступным годзе 23 мільёны тон нафты. Аднак Расея мае «некалькі іншы погляд». Балянсы паставак нафты і нафтапрадуктаў плянуецца зацьвердзіць у сьнежні на пасяджэньні саюзнага ўраду. Паводле дыплямата, расейская кампанія «Транснефть» заявіла, што яе тэхнічныя магчымасьці дазваляюць у наступным годзе паставіць у Беларусь толькі 18 мільёнаў тон нафты.

Тым часам пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь скараціліся ўжо ў чацьвёртым квартале. На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе прагназуюць зьніжэньне аб’ёмаў перапрацоўкі на 20%. Якія страты чакаюць беларускую эканоміку, калі пастаўкі нафты скароцяцца, разважае эканаміст Леанід Злотнікаў:

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«Калі пастаўкі нафты зьменшацца на тры-чатыры мільёны тон, то страты ВУП могуць быць каля паўтара мільярда даляраў. Гэта дзесьці адна дванаццатая частка ВУП. Недзе 6–7% ВУП — гэта нашы страты, калі на такую велічыню зьменшацца пастаўкі нафты».

Таксама амбасадар Сурыкаў адзначыў, што ў гэтым годзе Беларусь практычна не пастаўляла нафтапрадуктаў у Расею. У выніку «паліўны рынак Расеі агаліўся». Да канца гэтага году Беларусь павінна была паставіць Расеі 2,1 мільёна тон бэнзіну і 3,5 мільёна тон дызпаліва, вырабленых з расейскай нафты на беларускіх НПЗ. Паводле расейскага Міністэрства энэргетыкі, Беларусь выканала гэта толькі на 2%. Аднак эканаміст Георгій Грыц мяркуе, што гэта квота гадавая і яе Беларусь яшчэ выканае:

«Іншая справа, што трэба разумець і беларускі бок. Ва ўмовах высокіх дэвальвацыйных чаканьняў пазбаўляць сябе валютных прыбыткаў ня вельмі разумна. І гэта лепш аднесьці як мага далей. Бо пастаўкі ў Расею менш прыбытковыя для беларускіх НПЗ, чым у краіны далёкага замежжа. Спадзяюся і ўпэўнены, што беларускі бок выканае. Бо з расейскім бокам у такія гульні не гуляюць. Тым больш што, у адрозьненьне ад разбаўляльнікаў, тут існуе міжурадавае пагадненьне».

Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што бакам сёлета будзе цяжка дамовіцца пра імпарт нафты ня толькі з-за разбаўляльнікаў. А яшчэ і з-за таго, што Беларусь ня выканала дамоўленасьці па пастаўках нафтапрадуктаў у Расею, дзе адчуваецца іх дэфіцыт.

«Балянс быў, і гэтага балянсу Беларусь не выконвала. Выканаць за апошнія два з паловай месяцы тое, што трэба было выканаць за восем месяцаў, вельмі цяжка. Дамовіцца будзе цяжка».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG