Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы паўтарыў справу Бяляцкага?


Прэс-прадстаўнік МЗС Польшчы Марцін Басацкі.
Прэс-прадстаўнік МЗС Польшчы Марцін Басацкі.
Сёньняшняе выданьне польскай газэты Rzeczpospolita піша, што Міністэрства замежных справаў Польшчы паслала ў Беларусь лісты з інфармацыяй пра фінансавыя сродкі, выдадзеныя ім каля 30 беларускім апазыцыянэрам.

Справа датычыць беларускіх удзельнікаў саміту Ўсходняга партнэрства ў Варшаве ў верасьні летась, якія, паводле польскай газэты, атрымалі грошы ад МЗС Польшчы падчас гэтай канфэрэнцыі. А ў лютым сёлета чыноўнікі МЗС паслалі звычайнай поштай у Беларусь пацьверджаньні выплаты гэтых грошай. Паводле газэты, у лістах былі падатковыя дэклярацыі (гэтак званыя PIT-ы), якія ў Польшчы патрабуюцца фінансавымі органамі пры разьліку гадавых даходаў як прыватных асобаў, так і суб’ектаў эканамічнай дзейнасьці.

Rzeczpospolita нагадвае ў сувязі з гэтым, што Алесь Бяляцкі атрымаў 4,5 года турмы на аснове фінансавай інфармацыі, якую ў беларускія праваахоўныя органы перадала польская пракуратура. Паводле газэты, цяперашні крок польскага МЗС рызыкуе паўтарыць справу Бяляцкага ў дачыненьні да 30 прадстаўнікоў беларускай апазыцыі.

Прэс-прадстаўнік МЗС Польшчы Марцін Басацкі сказаў польскім журналістам, што выплачаныя грошы былі гэтак званымі «сутачнымі», а ня сродкамі з фонду замежнай дапамогі.

«Гэтыя сродкі не датычылі забароненай беларускім заканадаўствам замежнай падтрымкі для няўрадавых праектаў, як гэта мела месца ў выпадку сродкаў на рахунку Бяляцкага, таму неапраўдана параўноўваць абедзьве справы» — цытуе Басацкага Rzeczpospolita.

Мы пазванілі двум беларускім удзельнікам саміту Ўсходняга партнэрства ў Варшаве ў 2011 годзе, Анатолю Лябедзьку і Рыгору Кастусёву.

Анатоль Лябедзька сказаў нам, што ніякага ліста ў гэтым дачыненьні ён з Варшавы не атрымліваў і дадаў, што ўдзел у саміце ня меў для яго ніякіх непрыемных наступстваў.




Рыгор Кастусёў адзначыў:

«Так, ліст прыйшоў да мяне, але ў сувязі зь ім нічога адмоўнага са мной ня здарылася. Я лічу, што гэта недарэчнасьць. Проста супрацоўнікі МЗС не падумалі аб магчымай пагрозе, якая існуе ў Беларусі. Ліст да мяне дайшоў нераскрыты, і наступстваў ніякіх не было. У мяне больш хваляваньняў зараз у сувязі з тым, што журналісты надалі гэтай справе такую ўвагу, і што гэтая інфармацыя выйшла навонкі. Можа быць, пра яе ўжо ня варта было казаць».

Прыгадаем, што сказаў Марцін Басацкі больш за год таму, пасьля таго, як польскія пракуроры выдалі Менску інфармацыю пра банкаўскі рахунак Алеся Бяляцкага ў Польшчы:

«Я хачу сказаць, што неўзабаве пасьля 19 сьнежня [2010], пасьля пачатку той незвычайна цяжкай хвалі рэпрэсіяў у Беларусі, МЗС правёў кансультацыю з усімі органамі польскай дзяржавы, уключна з Генэральнай пракуратурай, якраз дзеля таго, каб такія сытуацыі не маглі мець месца. Мы перасьцерагалі перад такімі спробамі з боку беларускага рэжыму. Але, на жаль, гэтыя перасьцярогі, як відаць, не падзейнічалі ў адной інстытуцыі, гэта значыць, у пракуратуры».

Цяпер выглядае на тое, што згаданыя кансультацыі не падзейнічалі і ў ведамстве спадара Марціна Басацкага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG