Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
29 кастрычніка 1992 году Вярхоўны Савет праігнараваў патрабаваньне 440 тысяч грамадзян і адмовіўся прызначыць рэфэрэндум аб датэрміновых парлямэнцкіх выбарах.

Сёньня мы пачынаем публікацыю цыклю тагачаснага дэпутата Вярхоўнага Савету Сяргея Навумчыка, прысьвечанага тым падзеям, якія адыгралі істотную ролю ў лёсе Беларусі.


ПУНКТ НЕЗВАРОТУ

Калі пытаюцца, на якім этапе найноўшай гісторыі Беларусі дэмакратыя згубіла апошні шанец, а ўмацаваньне аўтарытарызму зрабілася непазьбежным, я, перад тым як адказаць на пытаньне, заўсёды падкрэсьліваю ягоную ўмоўнасьць. Бо шанец — хай і самы невялікі — заўсёды застаецца, іншая справа, што чым далей, тым большых высілкаў ён вымагае. Іншая справа, што ў грамадзтва можа не хапіць сілы, а ў эліты — палітычнай волі.

Пры Лукашэнку такой падзеяй можна лічыць начное падпісаньне ў лістападзе 1996 году пагадненьня паміж Шарэцкім, Ціхінем і Лукашэнкам пры ўдзеле «крамлёўскага дэсанту», калі была страчаная магчымасьць імпічмэнту. Але наіўна было б чакаць іншых паводзінаў ад былога сакратара ЦК КПБ і былога лідэра партыі, які заявіў, што падпісаньне «саюзнай дамовы» — самы шчасьлівы дзень у ягоным жыцьці. Потым яны апраўдваліся, што Лукашэнка іх падмануў — але ці ў навіну ўжо тады быў падман ад Лукашэнкі?

А ці можна было не дапусьціць Лукашэнку да ўлады? І калі быў выпушчаны джын з бутэлькі? На выбарах у чэрвені 94-га? Альбо ў сакавіку 94-га, калі ў Канстытуцыю было ўведзена прэзыдэнцтва? Ці ў сьнежні 93-га, калі Лукашэнка прачытаў па прамой тэлерадыётрансьляцыі сумнавядомы, замешаны на хлусьні «антыкарупцыйны» даклад? Ці яшчэ раней, у чэрвені 93-га, калі Лукашэнку прызначылі старшынём антыкарупцыйнай камісіі?

Але і прызначэньне Лукашэнкі, і ўвядзеньне прэзыдэнцтва «пад дыктатара» былі б немагчымыя, калі б Вярхоўны Савет быў дэмакратычны паводле свайго складу. Абраць такі Вярхоўны Савет шанец быў. Але ён быў страчаны 29 кастрычніка 1992 году, калі большасьць дэпутатаў ВС праігнаравала волю 442 тысяч грамадзян, якія выказаліся за рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах па новым выбарчым законе.

І менавіта гэты дзень — 29 кастрычніка 1992 году — я лічу той рысай, пасьля якой, як цяпер разумею, уратаваць Беларусь ад аўтарытарызму мог толькі цуд.

НОВАЯ КРАІНА — НОВАЯ ЎЛАДА

25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет прыняў патрабаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ і надаў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону. Беларусь зрабілася незалежнай краінай.

Мітынг ля будынку ЦК КПБ, жнівень 1991 г.

Мітынг ля будынку ЦК КПБ, жнівень 1991 г.

Гэта быў максымум, які мы маглі выціснуць з камуністычных дэпутатаў. Яны былі згодныя пайсьці на тое, што яшчэ ўчора адмаўлялі — прагаласаваць за Незалежнасьць — абы толькі захаваць уладу. Аддаваць жа ўладу не зьбіраліся — а ў нас не было магчымасьцяў, каб гэтую ўладу ў іх забраць.

Той, хто пазьней будзе казаць пра нібыта рэальнасьць узяцьця ўлады ў тыя жнівеньскія дні, павінен улічыць, што парлямэнцкім шляхам зрабіць гэта было нерэальна, а «штурм», пра які кажуць некаторыя гарачыя галовы, меў бы толькі адзін вынік. Той, хто вырашыў бы ісьці на штурм (чаго? Будынку ЦК? Дзейнасьць КПБ-КПСС была прыпыненая. Дому ўраду? Будынку КДБ?) — мог разьлічваць на некалькі тысяч грамадзянаў на плошчы і некалькі сотняў тых, хто запісаўся ў нацыянальную гвардыю. Вось толькі ніводнай стрэльбы, ніводнага пісталета, ніводнага патрона ня мелі гэтыя гвардзейцы. Войска ж, КДБ і міліцыя былі цалкам узброеныя, і камандуючы вайсковай акругай Кастэнка, старшыня КДБ Шыркоўскі і міністар унутраных спраў Ягораў ясна заявілі дэпутатам, што «не дапусьцяць беспарадкаў». Той, хто сумняваецца ў тым, што спэцвойскі (значную частку якіх — калі ня 100 адсоткаў — у той час складалі выхадцы ня зь Беларусі) пачалі б страляць — хай прыгадае Сумгаіт, Баку і Вільню. І ўжо абсалютна бясспрэчна, што ні пра які сувэрэнітэт Беларусі пасьля гэтага казаць бы не давялося — Крэмль атрымаў бы выдатны козыр для ўвядзеньня надзвычайнага становішча цяпер ужо пад патранажам Гарбачова (альбо Ельцына — ня бачу розьніцы).

Мы, дэпутаты БНФ, адразу запатрабавалі новых выбараў у Вярхоўны Савет, што было лягічна: новая краіна — новы парлямэнт і новы ўрад. Але выбары — справа не аднаго дня, а былі рэчы, якія нельга было адкладаць і на дзень.

Мы падрыхтавалі блёк законапраектаў, накіраваных на ўмацаваньне дзяржаўнасьці — якія, як выказваўся Пазьняк, «трэба было прымаць учора» — аб уласнай валюце, аб войску, аб уласнасьці ды іншыя, аднак намэнклятура не жадала прымаць іх і «заўтра».

19 верасьня 1991 году на нечарговай сэсіі ВС надаў статус дзяржаўных сымбаляў бел-чырвона-беламу сьцягу і «Пагоні» — і, падобна, на гэтым «адраджэнскі» патэнцыял парлямэнту (у значнай ступені каталізаваны Апазыцыяй БНФ) быў вычарпаны. У кастрычніку быў прыняты Закон аб грамадзянстве, але былі адкінутыя іншыя прапанаваныя намі законапраекты — «Аб прыватнай уласнасьці на зямлю», «Аб падаткаабкладаньні», «Аб абароне і нацыянальнай бясьпецы» ды некаторыя іншыя.

Адзін дзень вырашаў болей, чым у іншыя часы вызначае год

Успамін ад тых дзён — адчуваньне страчанага часу. Гэта быў пераломны пэрыяд, калі адзін дзень вырашаў часам болей, чым у іншыя часы вызначае год ці нават дзесяцігодзьдзе, калі трэба было «каваць жалеза» — тым болей што суседнія краіны выкарыстоўвалі магчымасьці, у тым ліку і коштам нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

Было тры вызначальныя фактары — адносіны з Расеяй, адносіны з Крамлём і ўнутрыпалітычны, якія выявілі няздольнасьць і Вярхоўнага Савету, і ўраду адаптавацца да новых умоваў.

ВАЛТУЗЬНЯ ВАКОЛ «АБНОЎЛЕНАГА САЮЗУ»

25 жніўня 1991 году Беларусь юрыдычна абвясьціла сябе незалежнай краінай.

Кропка.

Гэтага рашэньня зь юрыдычнага пункту гледжаньня было цалкам дастаткова для стварэньня ўласнай валюты, уласнага войска, для самастойнай міжнароднай палітыкі.

Заставаўся Крэмль, а ў ім — Гарбачоў? Добрага Вам здароўя, Міхаіл Сяргеевіч, дзякуй і за перабудову, і за галоснасьць. Вы і самі не жадалі і не чакалі такога выніку (пэўна, жадалі нават супрацьлеглага) — але мы цяпер — сувэрэнная дзяржава.

Так паставіліся да сытуацыі Літва, Латвія, Эстонія, кіраўніцтва якіх абрала шлях самастойнага разьвіцьця.

Інакш паводзіла сябе кіраўніцтва Беларусі.

У верасьні 1991 году сабраўся Зьезд народных дэпутатаў СССР — апошні раз. «Кепскую паслугу рэспубліцы аказаў Старшыня Вярхоўнага Савету С.Шушкевіч у часы Зьезду народных дэпутатаў Саюзу. Калі народныя дэпутаты СССР А.Дабравольскі і С.Габрусеў настойвалі, каб у пастанове было запісана, што Зьезд прызнае аб’яўлены сувэрэнітэт і незалежнасьць рэспублік. Шушкевіч згадзіўся са зьмененай за ноч фармулёўкай „с уважением относится“ да сувэрэнітэту. Цяпер задача нашых дэпутатаў-прадстаўнікоў у Вярхоўным Савеце Саюзу — дабівацца, каб ён прызнаў наш сувэрэнітэт», — пісаў Анатоль Сідарэвіч у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» 23 кастрычніка.

Зрэшты, Вярхоўны Савет СССР ужо нічога не вырашаў, але заставаўся прэзыдэнт СССР Гарбачоў, якому пакуль яшчэ падпарадкоўваліся Ўзброеныя сілы і КДБ.

Мы запатрабавалі (выносілі гэта на сэсію ВС у верасьні, кастрычніку і ў лістападзе) стварыць уласнае міністэрства абароны, але большасьць дэпутатаў адкінула гэтую прапанову (пазьней зрабілі міністэрства па справах абароны зь няпэўнымі функцыямі).

Старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч увязаўся ў ініцыяваны Гарбачовым «новаагароўскі» (па назьве падмаскоўнай рэзыдэнцыі) працэс, езьдзіў у Маскву на выпрацоўку аднаго, другога, трэцяга варыянту «абноўленага Саюзу».

Мы казалі: трэба заняцца нашымі справамі, а Станіслаў Станіслававіч езьдзіў у Маскву.

Кіраўніцтва Беларусі глядзела на Крэмль.

І пры гэтым самі абставіны вымушалі падпісаць двухбаковыя эканамічныя і палітычныя пагадненьні — і ў тыя дні яны былі заключаныя з Украінай, Малдовай, Азербайджанам, Кіргізстанам, Латвіяй, была падпісаная Дэклярацыя аб супрацоўніцтве і ўзаемаразуменьні з Польшчай... Вось у гэтым накірунку, настойвалі мы, і трэба ісьці.

Але кіраўніцтва Беларусі глядзела на Крэмль.

Праявай гэтай бяздумнай адданасьці было тое, што яшчэ ў лістападзе 1991 году Беларусь пералічвала значную частку выдаткаваных зь бюджэту на ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС сродкаў — не, ня ў Брагін, Чэрыкаў і ня ў Хойнікі.

У Маскву, у інстытут акадэміка Ільіна, які праславіўся канцэпцыяй «няшкоднага пражываньня ў радыеактыўных зонах».

Мне цяжка назваць больш красамоўны прыклад палітычнага халуйства.

МАСКВА: ПАЛІТЫКА НЕПРЫХАВАНАГА ШАНТАЖУ

Словы Пазьняка пра фармаваньне ў Расеі «маладой агрэсіўнай імпэрыі ў форме дэмакратыі», якія 25 жніўня адыгралі вызначальную ролю пры галасаваньні за Незалежнасьць, спраўдзіліся значна раней, чым можна было чакаць.

Ужо празь некалькі дзён пасьля абвяшчэньня і Беларусьсю і Ўкраінай незалежнасьці Крэмль вуснамі прэсавага сакратара прэзыдэнта Ельцына заявіў, што «РСФСР оставляет за собой право поставить вопрос о пересмотре границ».

Палітычныя заявы падмацоўваліся рэальнымі дзеяньнямі.

Тое, што рабілі Ельцын і Гайдар у дачыненьні да Беларусі ў галіне эканамічных сувязяў, асабіста я магу вызначыць выключна і толькі як эканамічны шантаж.

З аднаго боку, расейцы — калі сыходзіць зь меркаваньняў свабоднага рынку — нібыта мелі поўнае права ўсталёўваць якія заўгодна кошты на нафту і сыравіну. Але з другога — у распрацоўцы тых самых нафтавых радовішчаў бралі ўдзел і беларусы, і тут трэба было ясна і недвухсэнсоўна заявіць свае правы. У нас быў вельмі моцны козыр у такіх перамовах — транзыт нафты і газу ў Эўропу пралягаў празь Беларусь.

Мы штодня (гэта не перабольшаньне) казалі аб гэтым і на сэсіі ВС, і ў прэсе, і на мітынгах — але безвынікова.

Пасіўнасьць кіраўніцтва абурала ня толькі нас, актывістаў БНФ, але і прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў.

У тыя дні член цэнтральнай Рады БСДГ Анатоль Сідарэвіч пісаў у штотыднёвіку «Літаратура і Мастацтва»:

"Мы можам стаць расейскай калёніяй дзеля нерашучасьці спадара С.Шушкевіча"

«С.Шушкевіч клянецца ў вернасьці Саюзу. Ён быццам ня бачыць, што Саюзу практычна няма, а ёсьць — Расея, што М.Гарбачоў стаў закладнікам у Б.Ельцына. Ён быццам ня бачыў і ня ведаў, што Б.Ельцын падбірае пад сябе структуру Міністэрства замежных спраў СССР. Ён быццам ня бачыць і ня ведае, што прыкрываючыся размовай пра адзінае войска і флёт, Ельцын, па сутнасьці, кантралюе Савецкую Армію і ВМФ, што праз год-другі ня будзе Ўзброеных Сіл ССР (яны зьніклі праз тры тыдні — С.Н.)... Правапераемніцай СССР Ельцын аб’явіў Расею. Ён жа заявіў аб прэтэнзіі на алмазны і залаты фонд СССР... Мы можам стаць расейскай калёніяй дзеля нерашучасьці спадара С.Шушкевіча». («ЛіМ», 15 лістапада 1991 г.)

«...СТВАРЫЦЬ НОВЫ ЎРАД НАРОДНАГА ДАВЕРУ»

Зрэшты, казаць пра разгубленасьць намэнклятуры і ўраду Кебіча можна толькі ў прымяненьні да нацыянальных інтарэсаў. Уласныя ж інтарэсы яны рэалізавалі імгненна.

Заява Апазцыі БНФ, 6 лістапада 1991 г. Фрагмэнт. З архіву С. Навумчыка.

Заява Апазцыі БНФ, 6 лістапада 1991 г. Фрагмэнт. З архіву С. Навумчыка.

Адкінуўшы законапраекты Апазыцыі БНФ аб разьдзяржаўленьні маёмасьці (паводле якіх маёмасьць перайшла б у рукі грамадзянаў) — 23 верасьня 1991 г. Савет Міністраў прыняў «Часовы парадак разьдзяржаўленьня эканомікі і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці Рэспублікі Беларусь» (так сьпяшаліся, што нават стылёва пісьменную назву прыдумаць не пасьпелі). «Гэтая пастанова ёсьць нішто іншае, як спроба былой намэнклятуры расьцягнуць народнае дабро, а працоўных пакінуць ні з чым», — канстатаваў у сваёй заяве Выканкам Цэнтральнай Рады Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.

Сёньняшнія «алігархічныя» капіталы — у значнай частцы грунтуюцца менавіта на той намэнклятурнай прыватызацыі, якую ў народзе трапна назвалі «дзікай прыхватызацыяй».

У лістападзе дэпутаты Апазыцыі БНФ прынялі заяву, у якой адзначалі:
«Ні Савет Міністраў, ні Вярхоўны Савет, нягледзячы на прапановы дэпутацкай Апазыцыі БНФ, не зрабілі нічога дзеля таго, каб падрыхтаваць выпуск беларускіх грошай, стварыць нацыянальную фінансава-крэдытную сыстэму, зрабіць захады, каб абараніць таварны рынак, запабегчы гіпэрінфляцыі, нястрымнаму росту цэнаў, вывазу прадуктаў і прамысловых вырабаў зь Беларусі. Доўжыліся размовы і ашуканства.

У выніку Беларусь апынулася ў хвасьце палітыкі Расеі і балтыйскіх краінаў, стала залежнай ад разбуральных працэсаў у эканоміцы гэтых рэспублік, ад падвышэньня цэнаў і эканамічнага шантажу, стала аплачваць цаной працы свайго народу балячкі чужога грамадзтва, жывіць маскоўскіх спэкулянтаў, паўднёвыя мафіі, рынак Польшчы, Латвіі і Літвы. Урад ня змог забясьпечыць насельніцтва нават па талёнах, якія выпусьціў дзеля гарантаванага разьмеркаваньня.

Апазыцыя БНФ лічыць, што неабходна як найхутчэй вызначыць сацыяльную будучыню і статус савецкага войска ў Рэспубліцы, падыходзячы да яго з пазыцыі закону і павагі правоў чалавека. Аднак намэнклятурны Вярхоўны Савет і Савет Міністраў аказаліся няздольнымі своечасова вырашыць пытаньні часовага знаходжаньня Савецкай Арміі на тэрыторыі Беларусі, стварэньня беларускага войска, ваеннага міністэрства і тым самым паставілі Рэспубліку перад абліччам вайскова-сацыяльнага абвалу, грамадзкага канфлікту і страты незалежнасьці...


Першым чынам павінен будзе пайсьці ў адстаўку існуючы ўрад ...

...Першым чынам павінен будзе пайсьці ў адстаўку існуючы ўрад разам з прэм’ерам В.Кебічам. Трэба стварыць новы ўрад народнага даверу. Народ можа атрымаць магчымасьць прымяніць ціск на Вярхоўны Савет, патрабуючы неадкладнага прыняцьця новага дэмакратычнага закону аб выбарах, які даўно ўжо падрыхтаваны Апазыцыяй БНФ, і прызначэньня нечарговых выбараў у прафэсійны беларускі парлямэнт.

Калі ж ізноў усё застанецца незразуметым і будзе адкінута, тады можна тэрмінова прыступіць да падрыхтоўкі і ўсенароднага рэфэрэндуму па гэтых пытаньнях»


Недзеяздольнасьць Вярхоўнага Савету і ўраду Кебіча была відавочная ня толькі нам у Авальнай залі.

"...намэнклятура, як уладарыла, так і ўладарыць...

«... Два дзясяткі апазыцыянэраў-дэмакратаў змагаюцца з так званай былой намэнклятурай. Аказваецца, яна, гэтая намэнклятура, як уладарыла, так і ўладарыць, трымаючы ў сваіх руках фінансавыя сродкі, матэрыяльныя рэсурсы, зьнешнеэканамічныя сувязі, словам, усё тое, што дазваляе дыктаваць свае ўмовы. Да таго ж, яна, гэтая ўлада, надзеленая ўладай вышэйшай, уладай парлямэнцкай! І такіх „власть имущих“ у парлямэнце — большасьць. Пакуль гэты адыёзны спрут там кіруе, усе пэрспэктыўныя для рэспублікі прапановы будуць замарожаныя. Памятаеце, як не прайшла прапанова (Апазыцыі БНФ — С.Н.) аб рэфэрэндуме па камуністычнай маёмасьці і па новых выбарах у парлямэнт? Якое супраціўленьне! Я лічу, што выбіць глебу з-пад ног намэнклятуршчыкаў можна толькі шляхам перавыбараў сёньняшніх дэпутатаў, тых, каго ў свой час нам падкінула партыйная вярхушка», — сказаў у інтэрвію штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» рабочы з Магілёву Аляксандар Рылькоў («ЛіМ», 11 кастрычніка 1991 г.).

А час між тым ішоў, і зь ім імкліва зьнікалі ўнікальныя магчымасьці, якія для нацыі выпадаюць адзін раз на стагодзьдзе —- альбо нават і радзей...
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG