Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Язэп Янушкевіч: «Гісторыя крыўскай кнігі» — подзьвіг Ластоўскага


Язэп Янушкевіч

Язэп Янушкевіч

2012 год можна з поўным правам назваць Годам Вацлава Ластоўскага — у верасьні ў Глыбокім быў адкрыты яму помнік, а нядаўна выдавецтва «Мастацкая літаратура» ажыцьцявіла факсымільнае выданьне «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» — самай значнай працы расстралянага ў 1938-м акадэміка. Пра вернутага Ластоўскага і пастаўленага пад сумнеў Паўлюка Багрыма, чые 200-я ўгодкі будуць адзначацца неўзабаве, мы сёньня гутарым з гісторыкам літаратуры Язэпам Янушкевічам.



— Язэп, першае выданьне «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» выйшла яшчэ ў 1926 годзе. У сувязі з гэтым пытаньне — ці актуальнае гэтае дасьледаваньне па сваіх навуковых вартасьцях у наш час?

— Бясспрэчна актуальнае. Хоць прамінула ўжо 86 гадоў, яно застаецца непераўзыдзенай вяршыняй у гісторыі беларускай літаратуры, у нашым кнігазнаўстве. «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» ня толькі сваім агромністым памерам — 776 старонак, але і сабранымі матэрыяламі прэтэндуе на капітальнае дасьледаваньне. Ні да Вацлава Ластоўскага, ні ў ягоны час (сумежжа ХІХ і ХХ стагодзьдзяў) — а гэта ўжо была эпоха такога асілка, як акадэмік Яўхім Карскі, ні пазьней нашыя дасьледчыкі не змаглі пераўзысьці Ластоўскага. У сваім дасьледаваньні ён падаў амаль усю нашую пісьмовасьць — ад старажытнасьці да 18 стагодзьдзя. Ён здолеў прагледзець тыя матэрыялы, якія захоўваліся па шматлікіх кляштарах. Як правіла, гэта былі выданьні, якія захоўваліся не ў Беларусі, а па-за яе межамі... Што да таго, каб 2012 год з поўным правам назваць Годам Вацлава Ластоўскага... На гэта ёсьць яшчэ адна падстава — а менавіта ягоны дзень народзінаў. Усе айчынныя энцыкляпэдыі пішуць, што нарадзіўся Ластоўскі ў 1883 годзе. Але сам ён цьвердзіў адназначна: «Радзiўся я ў засьценку Калесьнiках на пагранiччы Дзiсенскага і Лепельскага паветаў у 1882 годзе, 24 сьнежня». Мяне бянтэжыць і яшчэ адно. Калі на пачатку ХХІ стагодзьдзя ў спэцыялізаваным «Беларускім гістарычным часопісе» прыводзіцца яшчэ адна, трэцяя дата народзінаў аднаго з апосталаў беларушчыны, згодна з якой Ластоўскага можна лічыць аднагодкам Купалы і Коласа — і ніхто на гэта ні гу-гу!? Дык пра што тут гаварыць? Трэба прызнаць, што недастаткова мы вывучылі жыцьцяпіс аўтара «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі».

— А калі параўнаць дасьледаваньне Ластоўскага і выдадзеную пару гадоў таму двухтамовую «Гісторыю беларускай кнігі», першы том якое напісаў санкт-пецярбуржац Мікола Нікалаеў...

— Бясспрэчна, дасягненьні сучаснікаў, пасьлядоўнікаў Вацлава Ластоўскага, якія натхняюцца ягоным подзьвігам, нельга скідваць з уліку, але зазначу толькі адно. Над згаданым двухтамовікам працавалі чатыры аўтары, маючы ўсе сучасныя мажлівасьці, да кампутарных паслугаў уключна. А «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» пісалася ў эміграцыі, у адрыве ад тых архіваў і навуковых збораў, якімі аўтар мог бы карыстацца, жывучы ў Беларусі. У гэтым мне бачыцца ня толькі навуковы, але і грамадзянскі подзьвіг Вацлава Ластоўскага.

— «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» яшчэ ня трапіла на паліцы кнігарняў у Беларусі, але ўжо дэманстравалася на Міжнароднай кніжнай выставе ў Франкфурце-на-Майне. Як ты лічыш, з якой мэтай дзяржаўныя выдаўцы павезьлі ў Франкфурт менавіта Ластоўскага?

— Ну, відаць з той самай мэтай, зь якой у свой час вазілі па выставах фаліянт паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» на трох мовах. Або згадаем нядаўні прыклад, калі наш Нацыянальны тэатар імя Купалы паехаў у Лёндан з пастаноўкай спэктаклю «Выкраданьне Эўропы». Беларускія ўлады хочуць паказаць, што і яны нешта робяць. Што да франкфурцкай выставы, то можна прыгадаць маніпуляцыі беларускіх уладаў вакол збору твораў Васіля Быкава, калі аўтар быў яшчэ жывы. Заяўлены праспэкт, які дэманстраваўся ў тым самым Франкфурце, меўся агарнуць 6 тамоў, была ўжо напісаная прадмова прафэсарам Міхасём Тычынам. Але той намер не дайшоў да рэалізацыі... Так што лепш няхай па міжнародных выставах возяць выдадзеныя кнігі, а не рэклямныя праспэкты.

— У сучасных школьных праграмах па літаратуры ёсьць гэткі пункцік: мінімізаваць тэму рэпрэсіяў у 30-я гады. 75 гадоў таму Вацлаў Ластоўскі быў паўторна, ужо ў расейскім Саратаве, арыштаваны і неўзабаве расстраляны. Якое тваё стаўленьне да той навучальнай мэтодыкі, якую Мінадукацыі называе мінімізацыяй?

— Я разумею так: айчынную гісторыю трэба ведаць. Якой бы складанай, крывавай
тое, што адбылося з Ластоўскім, зь ягонымі паплечнікамі ў справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» — гэта як ускрыцьцё венаў маладога беларускага арганізму, які паверыў у сваё нацыянальнае адраджэньне ...

і паднявольнай яна ні была. Бо зь мінулага належыць рабіць высновы. Лёс Вацлава Ластоўскага ў падсавецкай Беларусі склаўся трагічна, ён ужо ў сорак адзін год быў арыштаваны і высланы ў далёкі Саратаў. Ужо адно гэта падрывала ягоны дасьледчыцкі патэнцыял. А потым, быццам мала было пакутаў, яго, як і тысячы іншых нашых інтэлігентаў, даводзяць да расстрэлу... У маім разуменьні тое, што адбылося з Ластоўскім, зь ягонымі паплечнікамі ў справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» — гэта як ускрыцьцё венаў маладога беларускага арганізму, які паверыў у сваё нацыянальнае адраджэньне. Мне хочацца, каб па кожнаму з тых пакутнікаў засталіся іх творы, іхнія дасягненьні ў паэзіі, прозе драматургіі, музыцы, этнаграфіі, культуралёгіі. Проста ўсё гэта трэба адшукаць і выдаць. А выдаюцца пакуль судовыя тамы з выбітымі ў іх на допытах «прызнаньнямі».

— Ты як літаратуразнаўца падрыхтаваў да выданьня некалькі кніг Ластоўскага (як не згадаць том у «Беларускім кнігазборы»), цяпер вось зьявілася «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». Ці можна сказаць, што спадчына гэтага выдатнага навукоўца і асьветніка ўжо прыйшла да свайго чытача, хоць бы асноўнай сваёй часткай.

— Хіба толькі асноўнай часткай. Я сам, як адзін з дасьледчыкаў, далёка ня вычарпаў тае студні, таго глыбіннага калодзежа, з якім можна параўнаць зробленае Ластоўскім. Бо недасьледаваныя і ня ўведзеныя ва ўжытак матэрыялы з Саратава, не апублікаваныя нават тыя старонкі з этнаграфічных нататак Ластоўскага, якія захоўваюцца ў нашай Акадэмічнай бібліятэцы імя Якуба Коласа. Ня ўсё датычнае Ластоўскага, я ўпэўнены, выплыла і з нятленных архіваў НКВД-КГБ.

— З аднаго боку, дзяржава мінімізуе беларускую літаратуру і мову ў школах. З другога — самі літаратуразнаўцы спрабуюць выкрасьліць з літаратуры некаторыя імёны. Прыкладам, неўзабаве спаўняецца 200 гадоў Паўлюку Багрыму — ты ягоным жыцьцяпісам таксама займаўся. Вось жа прафэсар Мікола Хаўстовіч з Варшаўскага ўнівэрсытэту піша, што ня мог Багрым быць паэтам, ня мог ён напісаць хрэстаматыйнага вершу «Зайграй, зайграй, хлопча малы». А якая твая думка на гэты конт?

— Ня толькі ўжо прафэсар Хаўстовіч так піша, гаворыць і выступае на канфэрэнцыях... Але мне ня хочацца апынуцца ў кагорце такіх дасьледчыкаў (часам у двукосьсі). Мне бліжэй пазыцыя сьветлай памяці Генадзя Кісялёва: крашынскі каваль Паўлюк Багрым быў талентам-самародкам. І мог напісаць згаданы верш, які апублікаваў у сваіх мэмуарах Ігнат Яцкоўскі. Што да праблемы ягонага аўтарства, то апэлюю тут да думкі прафэсара Алега Лойкі, які разважаў у такім вось рэчышчы: няма вялікай розьніцы, ці быў забіты кіямі бацька Паўлюка Багрыма, ці ягоны сусед, ці быў здадзены ў рэкруты сам Паўлюк Багрым, ці ягоныя аднавяскоўцы. Цяпер дадам ад сябе: незалежна ад таго, кім быў напісаны верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы» (крашынцам Паўлюком Багрымам ці эмігрантам Ігнатам Яцкоўскім), — драматызм гэтага твора не зьмяншаецца, ягоная мастацкія вартасьці аніяк ня блякнуць. Сваім зьместам верш падкрэсьлівае, што ў ХІХ стагодзьдзі нашыя продкі знаходзіліся ня толькі пад сацыяльным, але і пад нацыянальным прыгнётам, прынесеным на нашую зямлю маскоўскімі акупантамі.

— Дык я не пачуў ад цябе высновы: праз два тыдні мы маем права адзначыць 200- годдзе паэта Паўлюка Багрыма, ці не?

— Я лічу — маем, паколькі верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы» ўжо сто пяцьдзясят гадоў зьвязаны зь імем Паўлюка Багрыма. Для мяне як гісторыка літаратуры галоўнае — стоадсоткавага доказу таго, што гэты твор напісаў не Паўлюк Багрым, — няма. Зрэшты, мне такая прыкрая сытуацыя вядомая. Я нешта падобнае перажыў, калі набліжаліся 200-я ўгодкі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, зь літаратурнай кароны якога хацелі выдраць самую зіхатлівую перліну — «Пінскую шляхту». Нібыта яе таксама нехта іншы напісаў... Тады ж кіраўнік архіўнай службы краіны кідаў мне ў твар: «Винцент Дунин-Марцинкевич не имеет никакого отношения к архивам», «Дунін-Марцинкевіч столько не написал, сколько вы его исследуете». А колькі ўжо дасьледуецца той самы Паўлюк Багрым? Мы што — у архівах адшукалі шмат матэрыялаў пра яго? А нават адшуканае — далёка ня ўсё яшчэ апублікаванае... Паўтаруся: я не хачу быць у ліку тых навукоўцаў, якія цягам апошніх 18 гадоў здабылі сабе ступені дактароў навук і званьні прафэсараў, абляўрэаціліся і сьсівелі, аднак паводзяць сябе па-маладому неразважна, згодна з высновай: «Сумнявайся публічна, каб лічылі, што і ты нешта ведаеш».

— Ты згадаў Генадзя Кісялёва, які ў свой час паўставаў на абарону Паўлюка Багрыма як паэта. З гэтым найсумленьнейшым навукоўцам ты, дарэчы, працаваў у адным пакоі ў акадэмічным Інстытуце літаратуры. Адышоў у лепшы сьвет Кісялёў, Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы сёньня аб’яднаны з яшчэ двума інстытутамі. Ты адтуль сышоў — таксама ж не па ўласным жаданьні... Дзе сёньня ў Беларусі спэцыяліст твайго профілю можа скарыстаць свае навыкі, свой дасьледчыцкі талент?

— Нідзе. Але папярэдне мушу ўдакладніць: я не «сышоў» зь Інстытуту літаратуры, мяне адтуль звольнілі па артыкуле. Прыкрыўшыся кантрактнай сыстэмай, калі закончыўся мой тэрмін (акурат так расправіліся са мною яшчэ раней — у Беларускім навукова-дасьледчым інстытуце дакумэнтазнаўства і архіўнай справы). І гэта адбылося ў той час, калі ў Акадэміі навук я аднаасобна падрыхтаваў двухтамовы Збор твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (больш
А выжываць беспрацоўнаму ў нашай краіне вельмі цяжка, за 7 гадоў пасьля звальненьня ніхто мяне нікуды не паклікаў. Таму застаецца адно: працаваць самастойна ...

за тысячу старонак!), а ў архіўным інстытуце — дакумэнтальны зборнік пра аўтара «Пінскай шляхты». Цяпер ва ўсіх на слыху гісторыя са звальненьнем дацэнта Андрэя Чарнякевіча, а гэта ў нас пачалося значна раней... Добра, што на абарону маладога гісторыка падняліся найперш ягоныя калегі, а потым ужо інтэлігенцыя з усёй Беларусі. Бо невядома — хто будзе наступны? Паэт Алесь Чобат калісьці прадбачліва сказаў пра гэта: «Які ты задаволены! / Цябе ж яшчэ ня звольнілі. / На тэмы на адвольныя / гаворыш, як святы. / Чакай, адліга згіне i / другая пойдзе лінія — / i ўсе мае „памылкі“ / таксама зробіш ты». А выжываць беспрацоўнаму ў нашай краіне вельмі цяжка, за 7 гадоў пасьля звальненьня ніхто мяне нікуды не паклікаў. Таму застаецца адно: працаваць самастойна. Але думаць даводзіцца ня толькі пра навуковыя дасягненьні, але і пра хлеб штодзённы. Прыходзіцца займацца і фізычнай працай — у лесе. І вось у жніўні, везучы дровы, меў я няшчасны выпадак: зьляцеў з возу і ўдарыўся аб брук хрыбетнікам, пераламаўшы нейкі там пазванок.

— Тут я мушу прызнацца, што сёньняшнюю «Вольную студыю» мы запісваем ня ў менскім бюро, як звычайна, а ў Ракаве, дзе Язэп Янушкевіч мае хату, у якой і вымушаны быў правесьці два апошніх месяцы ў гарызантальным становішчы. Як ты сябе адчуваеш сёньня, што дапамагло табе перажыць гэты няпросты пэрыяд у тваім жыцьці?

— Давялося пераканацца ў мудрасьці дзядоўскай: ня май сто рублёў, а май сто сяброў. Менавіта сябры дапамаглі і сёньня дапамагаюць. Бо нават калі мяне выпісвалі, дакладней, выкатвалі з аддзяленьня траўматалёгіі лякарні хуткай дапамогі, патрэбна было пяцёра дужых мужчынаў. Сёньня ўжо выглядаю зграбна, як паненка, хаджу ў адмысловым нямецкім мэдыцынскім гарсэце — на ўсю спіну. Так што абдымкаў дзяўчат і сяброў не баюся...

— Я зычу табе здароўя і новых знаходак. Архівы чакаюць...

— Дзякуй. Хоць пакуль мне да тых архіваў дабірацца праблематычна, але жыцьцё бяз іх мне — пустальга.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG