Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: апазыцыянэр судзіцца з-за неўключэньня ў выбарчую камісію

абноўлена

Камэнтар Дзяніса Турчаняка
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:17 0:00

Камэнтар Дзяніса Турчаняка

Калегія Берасьцейскага абласнога суду па грамадзянскіх справах адмовіла каардынатару руху «За свабоду» Дзянісу Турчаняку, які прасіў накіраваць яго скаргу на Ленінскую адміністрацыю гораду ў суд ніжэйшай інстанцыі.

Дзяніс Турчаняк кажа, што калегія абласнога суду такім чынам праігнаравала ягонае права на доступ да інфармацыі аб дзейнасьці дзяржаўных органаў і не прызнала факт парушэньня закону аб зваротах грамадзянаў. Таксама каардынатар руху «За свабоду» кажа, што парушаецца яго права на доступ да правасудзьдзя.

Спадар Турчаняк дабіваўся ад адміністрацыі Ленінскага раёну Берасьця, каб яму патлумачылі, паводле якіх крытэраў ён ня быў уключаны ва ўчастковую выбарчую камісію. Адміністрацыя яму ў гэтым адмовіла.

Пасьля гэтага грамадзкі дзяяч падаў у Ленінскі суд скаргу на бязьдзеяньне гэтага органу і непрадстаўленьне ім інфармацыі. Дзяніс Турчаняк лічыць: не патлумачыўшы, чаму яго не ўключылі ва ўчастковую выбарчую камісію, Ленінская адміністрацыя Берасьця парушыла закон аб зваротах грамадзянаў.

Аднак суд Ленінскага раёну адмовіўся разглядаць гэтую справу, патлумачыўшы, што яна не ў яго юрысдыкцыі.

18 кастрычніка спадар Турчаняк спрабаваў абскардзіць ужо адмову суду першай інстанцыі ў абласным судзе. Незадаволены адказам і гэтага суду, грамадзкі дзеяч кажа, што будзе надалей дабівацца права на доступ да правасудзьдзя:

«Пасьля атрыманьня вызначэньня калегіі абласнога суду па грамадзянскіх справах я буду і далей абскарджваць, пайду і ў Вярхоўны суд. Тут атрымліваецца, што калі справа зьвязаная з выбарамі, то суды ўжо апрыёры яе ігнаруюць. Аднак я ж суджуся ня толькі з-за выбараў. Я дабіваўся, каб суд прызнаў, што чыноўнікі парушылі закон аб зваротах грамадзянаў. Бо яны не патлумачылі мне, якім менавіта крытэрам я не адпавядаў, што мяне не ўключылі ва ўчастковую камісію. Хоць тая камісія была сфармаваная не з максымальнай колькасьці чалавек».

Дзяніс Турчаняк кажа, што хоча дабіцца, каб яму патлумачылі такія крытэры, «каб на наступныя выбары ім адпавядаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG