Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На нядаўніх муніцыпальных выбарах ў Бэльгіі дэпутатам гарадзкой рады Антвэрпэну абралі эмігрантку зь Беларусі Галіну Мацюшыну. Адна з заснавальнікаў арганізацыі «Салідарнасьць», якая ў Бэльгіі займаецца абаронай правоў эмігрантаў з былога СССР, была абраная ад партыі хрысьціянскіх дэмакратаў.

Наколькі я разумею, вы ішлі на выбары з праграмай, у якой сярод галоўных пытаньняў была абарона правоў імігрантаў. Але што ў гэтых пытаньнях — права на працу, узьяднаньне сем’яў — у Бэльгіі можа вырашыць гарадзкая рада?

— Сапраўды, мы пацярпелі ад закону, які быў прыняты ў мінулым годзе і які не дае магчымасьці ўзьяднаньня нават з бацькамі. Гэты закон прынялі, каб зьменшыць прыток імігрантаў, бо Бэльгія — маленькая краіна зь невялікай тэрыторыяй. Напрыклад, у мараканцаў традыцыйна вялікія сем’і — адзін чалавек прыяжджае сюды, а потым прывозіць вялікую сям’ю. Таму на фэдэральным узроўні быў прыняты гэты закон.

Але на мясцовым узроўні таксама прымаецца шмат правілаў, рэглямэнтаў. Напрыклад, датычна сацыяльнага жытла, у якім жыве палова імігрантаў. Мая партыя прапануе, каб такое жытло будавалася не кампактна, асобнымі мікрараёнамі, а асобнымі дамамі. Інакш атрымоўваецца, што ў раёнах з сацыяльным жытлом жывуць толькі малазабясьпечаныя, малаінтэграваныя людзі.



Сярод мігрантаў беспрацоўе ўдвая вышэйшае, чым сярод звычайных бэльгійцаў. І гэта таксама можна вырашаць на мясцовым узроўні, на ўзроўні гораду. Напрыклад, у Антвэрпэне ёсьць порт. Там шмат вакансій, але мігрантаў на працу не бяруць. Мы можам неяк матываваць працадаўцаў, каб тыя не глядзелі на нацыянальнасьць і прозьвішча чалавека, а глядзелі на яго прафэсійныя якасьці. Увогуле, мы асабліва не ўжываем слова «мігранты», а прыдумалі тэрмін «новыя бэльгійцы».

Нашая партыя хрысьціянскіх дэмакратаў разам з сацыялістамі дзевяць гадоў былі ва ўладзе ў Антвэрпэне. Але цяпер да ўлады ў горадзе прыйшла нацыяналістычная партыя Новы Флямандзкі альянс, якая не настолькі ляяльная да мігрантаў, таму нас чакаюць цяжкія шэсьць гадоў.

Вы сказалі пра «новых бэльгійцаў». У якой ступені людзі, якія ўваходзяць у вашую арганізацыю выхадцаў з былога СССР, падтрымліваюць сувязь з краінамі свайго паходжаньня, а з другога боку, наколькі яны інтэгруюцца ў мясцовую супольнасьць і робяцца бэльгійцамі?

— Па-першае, калі мы жывем тут, дык мы павінны інтэгравацца. Чым ты пасьпяховейшы тут, тым больш ты зможаш патрымліваць сувязі з Радзімай і са сваімі каранямі. Калі ты добра ўладкаваны тут, ты зможаш ладзіць нейкія праекты, падтрымліваць сувязі.

Чалавек можа атрымоўваць інфармацыю, разьвівацца праз арганізацыі — па месцы жыхарства, па нацыянальным паходжаньні, па прафэсійнай дзейнасьці, бацькоўскія. Напрыклад арганізацыі бацькоў, чые дзеці ходзяць у школу, ладзяць сустрэчы з псыхолягамі, спэцыялістамі па выхаваньні дзяцей ў двух-трох моўных культурах.

Атрымоўваецца, што мы павінны інтэгравацца тут, не забываючы свайго мінулага.

Некаторыя імігранты спрабуюць ладзіць нейкія акцыі, каб прыцягнуць увагу ўладаў той краіны, куды яны прыехалі, да праблемаў сваёй краіны паходжаньня. Да прыкладу, беларускія арганізацыі ў замежжы ладзяць пікеты, каб прыцягнуць увагу да існаваньня палітычных вязьняў у Беларусі. Ці займаецца вашая арганізацыя такімі рэчамі, ці вы лічыце такі шлях непрадукцыйным?

— Ведаеце, кожны вырашае сам, што ён можа зрабіць для краіны. Я заўсёды гэтым займалася, але я лічу, што такія акцыі — толькі маленькая частка нашай дзейнасьці. Я паўтаруся — чым ты мацней вырас у гэтай краіне, тым больш ты можаш зрабіць для сваёй краіны. Напрыклад, я шмат гадоў у Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Бэльгійская партыя хрысьціянскіх дэмакратаў і АГП, так бы мовіць, пабрацімы. І мы спрабуем рабіць нейкі супольны праект. Таксама шмат гадоў на маю ініцыятыву мы штогод запрашаем у бэльгійскі летнік трох-чатырох выхавацеляў зь Беларусі.

Некалі на нашае запрашэньне сюды прыяжджаў гурт «Стары Ольса» — бо акцыі праз культуру могуць быць нават больш эфэктыўныя. Калі вы сталі з плякатамі, дык нехта гэта ўбачыць і будзе нейкая рэакцыя, але шмат якія бэльгійцы ўвогуле ня ведаюць, што ёсьць Беларусь і дзе яна. А вось пасьля канцэрту такога гурту, як «Стары Ольса», які можна з гонарам паўсюль паказваць, наведнік ужо пачынае цікавіцца, чытаць і ведае, што ёсьць такая краіна і такая праблема.

Галіна Мацюшына (у цэнтры), эмігрантка зь Беларусі ў Бэльгіі, дэпутат гарадзкой рады Антвэрпэну на сустрэчы кандыдатаў ад партыі хрысьціянскіх дэмакратаў.

Галіна Мацюшына (у цэнтры), эмігрантка зь Беларусі ў Бэльгіі, дэпутат гарадзкой рады Антвэрпэну на сустрэчы кандыдатаў ад партыі хрысьціянскіх дэмакратаў.



Вельмі часта бывае, што ўсіх эмігрантаў з былога Савецкага Саюзу аўтаматычна залічваюць да «расейцаў». Дарэчы, і пра вас ў расейскай прэсе пішуць як пра «нашу соотечественницу» і «бельгийского депутата от русских». Наколькі для вас важна, каб бэльгійцы разумелі, што вы менавіта зь Беларусі?

— Гэта мая прынцыповая пазыцыя — вядома ж, я не з Расеі. Некаторых проста блытае назва нашай арганізацыі, у якой прысутнічае слова «расейскамоўныя», але гаворка ідзе пра ўсіх тых, хто прыехаў з былога Савецкага Саюзу.

Я трынаццаць гадоў працую зь мігрантамі, і на пачатку ў працоўных кантактах з бэльгійцамі я заўсёды рабіла доўгае тлумачэньне, што я не з Расеі, і што Расея і Беларусь гэта не адно і тое ж. Я таксама казала, што вельмі незадаволеная тым, што Расея падтрымлівае наш рэжым.

Тыя бэльгійцы, зь якімі я доўга працую, цяпер ужо мне кажуць: «Мы прачыталі, што ў тваёй краіне здарылася вось гэта...». У маёй бэльгійскай партыі таксама ўсё ведаюць, што Беларусь — гэта Беларусь. Я ім таксама расказваю пра сваю партыю — АГП.

Што тычыцца інтэрвію расейскім выданьням, дык я пяць разоў падкрэсьлівала, што я зь Беларусі, але займаюся падтрымкай ўсіх, хто прыехаў з былога СССР, а таксама іншых мігрантаў, у асноўным з Усходняй Эўропы — тыя ж палякі, баўгары. Але я зь Беларусі і я гэтым ганаруся.

Я працую ў вялікім будынку, дзе месьціцца шмат арганізацый. Там у калідоры дагэтуль выстава, якую мы зрабілі пра нашых палітзьняволеных. Людзі ў мяне на працы бачаць гэтую выставу і ведаюць, што я зь Беларусі.

Чаму вам давялося зьехаць зь Беларусі ў 1999 годзе?

— Прычынаў было шмат. Я сама горны інжынэр паводле адукацыі, 18 гадоў прапрацавала ў «Беларуськаліі» на адным месцы. Найперш гэта былі асабістыя прычыны, зьвязаныя з асабістым жыцьцём. Да таго ж, у мяне ўжо тут жыла сястра.

А наколькі важны быў палітычны складнік у вашым рашэньні?

— Асноўным ён ня быў. Але я ўсе гэтыя гады падтрымліваю адносіны са сваёй партыяй — АГП, а таксама зь іншымі лідэрамі беларускай апазыцыі. На мінулым тыдні мы, напрыклад, сустракаліся ў Брусэлі.

Ці шмат у вашай арганізацыі беларусаў?

— Няшмат. Беларусы раздробленыя з-за таго, што ў нас няма такой беларускасьці, яна зьнішчаная. Мы не прыехалі такія, як прыехалі людзі з Каўказу — асэтыны, інгушы, для якіх дыяспара гэта ўсё. А нашы расьсеяныя па асобных арганізацыях. Напрыклад, тры беларусы ў арганізацыі, якая займаецца людзьмі сталага веку. Нехта яшчэ удзельнічае ў бацькоўскіх арганізацыях ці іншых тэматычных.

Але можа быць тыя беларусы, якія якраз адчуваюць сваю беларускасьць, ня хочуць далучацца да арганізацыі, якая гаворыць пра абарону «расейскамоўных»?

— Я прыхільніца канструктыўных адносінаў. Бо што такое беларускасьць? Да прыкладу, я не размаўляю з вамі цяпер па-беларуску, бо мая беларуская мова непрыгожая і мне сорамна, што яе добра ня ведаю. У гэтым ёсьць мая віна, і ёсьць, напэўна, віна нашай сыстэмы. Але я ўвесь час раблю шмат для той жа беларускай апазыцыі, хоць і не крычу пра гэта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG