Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі ўрад адмовіўся ад дэбатаў пра супрацу з аўтарытарнымі рэжымамі


Пасьля скандалу ў СМІ вакол супрацоўніцтва паміж сілавікамі Нямеччыны і Беларусі фэдэральны ўрад Нямеччыны адмовіўся ад дэбатаў аб супрацы з аўтарытарнымі рэжымамі, піша бэрлінскае выданьне Tagesspiegel, спасылаючыся на адказ статс-сакратара МУС ФРГ Оле Шродара дэпутату Бундэстагу ад партыі левых Яну Кортэ.

У сваім афіцыйным запыце каардынатар партыі па ўнутраных пытаньнях пацікавіўся асаблівасьцямі супрацоўніцтва Нямеччыны з антыдэмакратычнымі, аўтарытарнымі і таталітарнымі рэжымамі, якія не адпавядаюць заходнім стандартам.

Тым часам іншы прадстаўнік левай парлямэнцкай апазыцыі ФРГ, Андрэй Хунка, у сваёй заяве, апублікаванай нямецкімі СМІ, зьвяртае ўвагу: хоць супрацоўніцтва зь сілавікамі Беларусі фармальна і спынена, фактычна яно працягваецца. Ад 2009 году Беларусь мае статус назіральніка ў праграме памежнай бясьпекі Эўразьвязу — FRONTEX. Такія цесныя сувязі эўрапейцаў зь беларускімі ўладамі ў рамках міграцыйнай палітыкі даюць нямецкай і беларускай паліцыі магчымасьць актыўна абменьвацца зьвесткамі пра непажаданых мігрантаў. Гэта можа спрыяць дэпартацыі ў Беларусь палітычных уцекачоў.

Нямецкія левыя патрабуюць ад фэдэральнага ўраду спыніць супрацоўніцтва з усімі краінамі, у якіх сыстэматычна парушаюцца правы чалавека, уціскаюцца апазыцыя і меншасьці. Яны лічаць, што супраца з замежнай паліцыяй павінна ў будучыні праходзіць пад пільным кантролем Бундэстагу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG