Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цешча і МВФ — найлепшыя адрасы для пазыкаў


Беларускія ўлады ня трацяць надзеі атрымаць новы крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду, а таксама спадзяюцца на своечасовасьць пералічэньня крэдытных сродкаў з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Грошы патрэбныя, сярод іншага, і дзеля таго, каб разьлічыцца па раней набраных пазыках.

Са штогадовага паседжаньня Рады кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банку, якое праходзіла ў сталіцы Японіі, вярнулася афіцыйная беларуская дэлегацыя ў складзе міністра эканомікі Мікалая Снапкова, намесьніка старшыні Нацыянальнага банку Юрыя Алымава і намесьніка міністра фінансаў Максіма Ермаловіча. Пра вынікі паездкі не паведамляецца, але ў ведамствах адзначаюць, што Беларусь вывучае магчымасьць атрыманьня новага крэдыту МВФ.

Яшчэ ў верасьні кіраўніца Нацбанку Надзея Ермакова дала зразумець, што пытаньне аднаўленьня фінансавага супрацоўніцтва з МВФ будзе абмяркоўвацца падчас візыту ў Менск пэрыядычнай місіі фонду — экспэрты маюць працаваць у Беларусі з 18 па 29 кастрычніка. Шэраг сустрэчаў быў заяўлены і падчас сумеснага паседжаньня МВФ і Ўсясьветнага банку ў Токіё.

Як кажа фінансавы аналітык кампаніі «Business Forecast» Аляксандар Муха, падобная зацікаўленасьць зразумелая — з эканамічнага гледзішча ўмовы пазыкі МВФ найлепшыя:

Аляксандар Муха
Аляксандар Муха
«Патрэба ў рэалізацыі новай краінавай праграмы МВФ stand-by у Беларусі зьвязаная зь неабходнасьцю пагашэньня раней прыцягнутых зьнешніх запазычаньняў. У дадзеным выпадку трэба ўлічваць, што рэсурсы фонду камфортныя як з пункту гледжаньня кошту, так і з пункту гледжаньня „даўжыні“ прыцягнутых грошай. Іншымі словамі, яны выгаднейшыя як па кошце, так і па тэрміновасьці. Такім чынам, можна прыцягнуць адны з самых танных рэсурсаў — у межах, умоўна кажучы, 3% гадавых і на больш працяглы тэрмін. Тым больш што ў 2013 годзе, згодна з ацэнкай Міністэрства фінансаў, чакаецца істотнае павелічэньне выплат па зьнешнім доўгу: плацяжы, зьвязаныя з абслугоўваньнем і пагашэньнем зьнешняга дзяржаўнага доўгу, ацэньваюцца на ўзроўні 3,1 мільярда даляраў».

Аднак, як дадае Аляксандар Муха, калі з эканамічнага гледзішча беларускаму ўраду і МВФ нічога не замінае прыйсьці да паразуменьня, то палітычны фактар зусім не спрыяе хуткай рэалізацыі задумы. Паводле ягоных словаў, для запуску другой праграмы stand-by неабходна, у першую чаргу, нармалізаваць палітычныя адносіны паміж Беларусьсю, Эўразьвязам і ЗША. Бо толькі ў выпадку паўнавартаснай нармалізацыі стасункаў у рамках гэтага трохкутніка верагоднасьць запуску праграмы заўважна ўзрасьце.

Беларускія ўлады пацьвярджаюць: новага крэдыту хочацца, але замінае «незгаворлівасьць» партнэраў. На пачатку кастрычніка міністар фінансаў Андрэй Харкавец заявіў, што краіна гатовая выконваць новую крэдытную праграму МВФ, але прызнаў, што ў перамовах з фондам ёсьць складанасьці.

Тым часам экспэрты лічаць, што Менск будзе да апошняга змагацца за магчымасьць доступу да танных грошай МВФ. Гаворыць кіраўнік Клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін:

Андрэй Карпунін
Андрэй Карпунін
«Вядома, нашы ўлады зацікаўленыя ў крэдыце МВФ як у самым выгадным практычна з усіх пунктаў гледжаньня. Бо, апроч усяго, трэба разумець, у каго і калі пазычаць. Калі ў вас дрэнна з грашыма, то ёсьць розныя спосабы іх здабыць. Прыкладам, вы можаце пазычыць іх у любімай цешчы, а можаце пайсьці ў адзін банк, не спадабаліся ўмовы — можаце пайсьці ў другі банк. Але калі ў вас ёсьць вялікі выбар — у каго пазычыць, на які тэрмін і пад якія працэнты — то гэта дазваляе вам мінімізаваць вашы выдаткі і вашы страты. І ў дадзеным выпадку адна справа — пазычаць у Расеі, іншая справа — разьмяшчаць эўрабонды, і зусім іншая справа — мець такую падстрахоўку, такую „цешчу“, як Міжнародны валютны фонд».

Паралельна Беларусь чакае падтрымкі з Антыкрызіснага фонду ЭўраАзЭС. Кансультацыйная місія, якая вядзе перамовы пра выдзяленьне чацьвёртага траншу крэдыту ў памеры 440 мільёнаў даляраў з агульнай сумы ў 3 мільярды даляраў, скончыць працу ў Менску 19 кастрычніка, пасьля чаго стане вядома, ці спраўдзяцца надзеі беларускага ўраду «разбагацець» да канца году. У выпадку невыкананьня ўмоваў пералічэньне сродкаў могуць замарозіць, як сёлета ўжо здаралася. Кіраўніцтва Беларусі тады зьвінавацілі ў невыкананьні патрабаваньняў што да аб’ёмаў прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці, чуліся нават пагрозы дачасна згарнуць праграму крэдытаваньня. Аднак чэрвеньскі візыт у Беларусь прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ўсё вырашыў на карысьць крэдытаатрымальніка.

Фінансавы аналітык Аляксандар Муха лічыць, што з улікам стратэгічных стасункаў вышэйшых кіраўнікоў Расеі і Беларусі непакоіцца пра пэрспэктывы дапамогі з боку ЭўрАзЭс не выпадае:

«Калі адказваць на пытаньне адносна крэдыту ЭўрАзЭС, то мяркую, што кансэнсусу ўдасца дасягнуць і пытаньне аб выдзяленьні чарговага траншу пасьпяхова вырашыцца. Таму што, з аднаго боку, Беларусь пакуль ня мае надзвычай вострай неабходнасьці ў гэтых сродках, нават нягледзячы на іх камфортны характар. Па вялікім рахунку, у цэлым пытаньне далейшага крэдытаваньня, з аднаго боку, залежыць ад патрэбаў Беларусі ў зьнешнім фінансаваньні (а яны ва ўмовах перавышэньня прапановы замежнай валюты над попытам ці захаваньня гэтай прапорцыі на блізкім узроўні зьнізіліся), а зь іншага боку, значны ўплыў на ход выкананьня стабілізацыйнай праграмы выдзяленьня траншаў крэдыту АКФ будзе аказваць стан двухбаковых расейска-беларускіх палітычных адносінаў».

За 20 апошніх гадоў Беларусь тройчы скарыстала фінансавыя рэсурсы МВФ: па лініі фонду сыстэмных трансфармацыяў — больш за 217 мільёнаў даляраў, паводле мэханізму «стэнд-бай» — амаль 77 мільёнаў даляраў. У 2009-м была ўхваленая самая маштабная праграма фінансавай дапамогі краіне ў памеры 2,5 мільярда даляраў, пазьней на просьбу беларускага боку сума была павялічаная яшчэ на 1 мільярд даляраў.

У чэрвені 2011 году, у разгар валютнага крызісу ў Беларусі, Рада Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС ухваліла просьбу ўраду Беларусі аб выдзяленьні крэдыту ў аб’ёме 3 мільярдаў даляраў. Ён мае паступіць шасьцю траншамі да сярэдзіны 2013 году. На сёньня атрыманыя тры часткі гэтага крэдыту на суму больш як 1 мільярд 600 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG