Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі і Швэцыі не камэнтуюць перамовы пра аднаўленьне амбасадаў


Карл Більт
Карл Більт

Міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт паведаміў аб перамовах зь Беларусьсю пра ўзнаўленьне дзейнасьці швэдзкай амбасады ў Менску.

У прынцыпе, бакі могуць вырашыць гэтае пытаньне цягам некалькіх гадзін, бо дыпляматычныя адносіны паміж дзяржавамі не перарваныя. Амбасады Беларусі ў Швэцыі і Швэцыі ў Менску былі закрытыя ў жніўні на патрабаваньне беларускага боку пасьля высылкі з краіны амбасадара Стэфана Эрыксана.

У будынку амбасады Швэцыі ў Менску цяпер працуе толькі адзін дыплямат — прадстаўнік Фінляндыі. Усе швэдзкія дыпляматы краіну пакінулі, супрацоўнікі амбасады зь беларускім грамадзянствам знаходзяцца ў вымушаным адпачынку. У візавых пытаньнях амбасаду Швэцыі ў Менску замяняе дыпляматычнае прадстаўніцтва Эстоніі.

Міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт днямі заявіў, што Швэцыя вядзе перамовы зь Беларусьсю пра аднаўленьне дзейнасьці сваёй амбасады і што ён асабіста знаходзіцца ў «поўным тэлефонным кантакце» зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем.

Магчымую дату аднаўленьня амбасады Швэцыі ў Менску спадар Більт назваць ня змог.

Кіраўнік прэсавай службы МЗС Швэцыі Андэрс Ёрле таксама ня змог пракамэнтаваць ход перамоваў з нагоды аднаўленьня працы амбасады.

«У мяне няма ніякай дадатковай інфармацыі на гэты момант».

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, у сваю чаргу, ня змог ні пацьвердзіць, ні абвергнуць словы Карла Більта. Аднак у сваім камэнтары з гэтай нагоды спадар Савіных заявіў:

Андрэй Савіных
Андрэй Савіных
«Цешыць, што Карл Більт нарэшце ўзгадаў аб прынцыпах дыпляматычнага супрацоўніцтва і кантактаў, якія існуюць паміж усімі краінамі. Беларускі бок заўсёды адкрыты для прынцыповага дыялёгу. Мы не ініцыявалі гэты канфлікт. Мы не разрывалі дыпляматычных адносін са Швэцыяй. Мы заўсёды былі зацікаўленыя ў разьвіцьці нармальнага ўзаемадзеяньня са швэдзкім грамадзтвам. Але мы будзем гатовыя вярнуцца да ранейшага статус-кво, толькі калі будзем упэўненыя, што швэдзкі бок сапраўды зацікаўлены ў разьвіцьці канструктыўных двухбаковых адносін».

На думку менскага палітоляга Андрэя Фёдарава, з фармальнага пункту гледжаньня аднавіць працу амбасадаў Швэцыі ў Менску і Беларусі ў Стакгольме нескладана:

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
«Усё залежыць ад настрою бакоў. Калі ёсьць жаданьне гэта зрабіць, то гэта можна аднавіць амаль імгненна, бо фармальна дыпляматычныя адносіны перарваныя не былі. Тут патрэбная толькі згода абодвух бакоў на прыём амбасадараў і аднаўленьне працы амбасадаў. А вось ужо на якіх умовах бакі пагодзяцца — тут мне сказаць цяжка. Я думаю, што беларускі бок будзе выстаўляць патрабаваньні, каб пераемнікі Стэфана Эрыксана паводзілі сябе ня так, як ён, каб «не вучылі беларускую мову».

Асноўная складанасьць у разьвязаньні дыпляматычнага канфлікту паміж Менскам і Стакгольмам палягае ў тым, што за ім стаіць асабіста Аляксандар Лукашэнка, які прымаў рашэньне і публічна абвінавачваў Стэфана Эрыксана ў вывучэньні беларускай мовы і дапамозе апазыцыі, кажа спадар Фёдараў:

«У нас увогуле ўсе хоць крыху сур’ёзныя пытаньні, акрамя як на вышэйшым узроўні, не вырашаюцца. Тут МЗС выконвае толькі тэхнічныя рэчы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG